Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гуканьне вясны і лепшага жыцьця ў Новым Палесьсі


У вёсцы Новае Палесьсе Лельчыцкага раёну няма ўжо ні школы, ні пошты, ні мэдычнага пункту. Захаваўся клюб, пры якім дзейнічае фальклёрны гурт «Палескія напевы», які выконвае беларускія абрадавыя песьні. Ці захаваецца сьпеўная традыцыя ў вёсцы, якая імкліва абязьлюджваецца? Рэпартаж Свабоды.

Быў Каросьцін стала Новае Палесье

Вёска Новае Палесьсе Лельчыцкага раёну месьціцца ў паўднёва-ўсходняй частцы нацыянальнага парку «Прыпяцкі». Ад райцэнтра да яе сорак кілямэтраў. У пісьмовых крыніцах 19 стагодзьдзя яна згадваецца як вёска Каросьцін, вакол якой раскінуліся ўрочышчы Заболь, Ваўчыныя Балоты. Паселішча ў той час адносілася да Сіманіцкай царкоўнай парафіі Мазырскага павету Менскай губерні.

Мясцовыя жыхары згадваюць, што ўзьнікла вёска як супольнае пасяленьне з былых хутароў, што раскінуліся наўкола на балотных выспах. Спрадвеку людзі тут жылі з зямлі й лесу. На рэчцы Карасьцянка яны змайстравалі свой вадзяны млын, каб быць ня толькі з дарамі лесу, але й са сваімі пірагамі.

У трыццатыя гады мінулага стагодзьдзя ў Каросьціне арганізавалі калгас з назвай «Зрухі». Пазьней, калі вакол вёскі Асмаленік (цяпер —Ударная), што за шэсьць кілямэтраў ад Каросьціна, асушылі забалочаныя землі, гаспадаркі аб’ядналі. Цэнтрам ужо стала вёска Ўдарная з адпаведнай назвай саўгасу — «Ударны».

Палынова доля

Аляксей Палын, 58-гадовы жыхар Новага Палесься, электрык па прафэсіі, расказвае, што да апошняга часу часу штодня езьдзіў на працу ў аграгарадок Ударны. Са студзеня разьлічыўся:

Аляксей Палын
Аляксей Палын

«Цягаўся я ў гэты аграгарадок амаль кожнага дня. Тэрыторыя вялікая, бо да „Ўдарнага“ далучалі суседнія нерэнтабэльныя гаспадаркі; энэргакропак багата, а з забесьпячэньнем вечныя праблемы. Нават электралямпачак і тых бракавала. Надыдзе канец месяца, а атрымліваць няма чаго — 2 мільёны заробак. Раней плацілі ў пераводзе на валюту трыста даляраў, сёлета ўжо й сто не выходзіла. Здаецца, і пабудовы гаспадарчыя неблагія, і фуражу на фэрмах хапае, а каровы то з масьцітам, то зь лейкозам. Даяркі п’юць. Дый асушаныя землі ўсе выснажылі. Надакучыла ўсё».

Вясковец кажа, што, кінуўшы саўгас, заняўся асабістай гаспадаркай. Трымае чатыры каровы, іншую свойскую жывёлу:

«Кароўкі вяскоўца ніколі не падводзілі, калі ёсьць добры догляд. Ад іх і малако, і сьмятана, і тварог, і масла, і мяса, і грошы. Я цяпер, здаючы толькі малако, у два разы больш зарабляю, чым у саўгасе».

Нейкага дыскамфорту ці цяжару, даглядаючы жывёлу, мужчына не адчувае, бо любіць зямлю, жывёлу, сваю гаспадарку:

«Мне цяпер нашмат вальней. Кепска толькі, што дзеці па гарадах паразьяжджаліся. Калі б жылі побач, я б трымаў і дзясятак кароў. Тэхнікі прыкупіў бы і жыў бы сабе прыпяваючы».

Палыновы карміцелькі
Палыновы карміцелькі

Аляксей распавядае, што меў у свой час чатыры гектары зямлі — жоўтага пясочку побач з саўгаснымі гонямі. Ня скардзіўся, угнойваў зямельку — і атрымліваў і жыта, і авёс, і сена. У саўгасе ж па суседзтве быў заўсёды недарод. Зрэшты, і на асушаных землях багатымі ўраджаямі кіраўнікі цяпер асабліва не пахваляцца — без арганікі ўраджаі змарнелі. Палеткі наўкола ўжо два дзесяцігодзьдзі ня ведаюць добрай запраўкі гноем. На худым полі добрага ўраджаю не атрымаеш. А на «хіміі» калі што й вырасьце, то адпаведнай якасьці.

«Я так скажу, — падсумоўвае Аляксей, — найлепей жыць у нас было пры Машэраве. Цяпер улады да чалавека ставяцца грэбліва. Лукашэнка калі што добрае й робіць там, у сталіцы, то тут у нас, на чацьвёртай прыступцы ўлады, усё ўжо згублена. Я так разумею: калі б у раёне быў адзін пан, судзьдзя і землеўпарадчык, ніякіх праблем не ўзьнікала б. А ў нас столькі ўсялякіх кантораў, што толькі паперу й псуюць, нібы ў прыбіральнях».

Палын кажа, што вёску Новае Палесьсе заснавалі яго продкі. І першым у гэтых мясьцінах быў нейкі ягоны прапрадзед. Ён выкупіў у пана зямлю каля цяперашняй вёсачкі Ветвіца, раскарчаваў участак пад поле ды стаў абжывацца. Пераехаў прашчур сюды з колішняй вёскі Засуньне (цяпер Першамайск), каб «ня бачыць вады, якая забрала ў яго дачку». І ўжо адзін з прапрадзедавых нашчадкаў, Андрэй, выкапаў у цяперашнім Новым Палесьсі калодзеж і пасяліўся поруч зь ім.

«Назва Андрэеў калодзеж захавалася дагэтуль. Калодзеж гэты ў цэнтры вёскі, паблізу нашага сьвятога крыжа, адкуль колісь вёска й пачыналася», — тлумачыць Аляксей Палын.

Падзялілі на аграгарадкі і не-аграгарадкі

Як карэнны жыхар Новага Палесься Аляксей засмучаны, што з чарговым перафарматаваньнем вёсак на «аграгарадкі» і «не-аграгарадкі», адбылося тое ж самае, што ў свой час і з падзелам іх на «пэрспэктыўныя» і «непэрспэктыўныя».

Апошнія спакваля паміраюць. У тым жа Новым Палесьсі працаваць людзям няма дзе. Пару мужыкоў езьдзяць ва ўдарненскі саўгас, яшчэ паўдзясятка зьвязаныя зь лясной гаспадаркай — і рынак працы вычарпаны.

Вёска Ударная — цэнтар КСУП «Ударны»
Вёска Ударная — цэнтар КСУП «Ударны»

«Людзі як збавеньня чакаюць лета, калі ў лясах пачнуць расьці лісічкі, пасьпеюць чарніцы, а пазьней на балотах — і журавіны. У лес ідуць усе, хто толькі здужае — і старыя, і малыя. Ідуць цэлымі сем’ямі. Грыбы й ягады здаюць нарыхтоўшчыкам, а на выручаныя грошы спраўляюць адзеньне й абутак, выпраўляюць дзяцей на вучобу ў ліцэі, каледжы ды ўнівэрсытэты», — тлумачыць сытуацыю Аляксей Палын.

Бяз сталага занятку для людзей вёска пусьцее. Моладзь пасьля школы кіруецца найчасьцей у горад. А тыя, хто набыў прафэсіі, зьвязаныя зь вёскай, абсталёўваюцца ў тых жа аграгарадках.

Новапалескія напевы

Навапалескія сьпявачкі
Навапалескія сьпявачкі

У Новым Палесьсі няма ўжо ані школы, ані пошты, ані мэдычнага пункту. Пэўна, скасавалі б тут даўно і клюб, калі б ня сьпеўныя жанчыны, якія ўтварылі тут фальклёрны калектыў «Палескія напевы» са сваім адметным песенным стылем выкананьня традыцыйных абрадавых і пазаабрадавых твораў.

Адно гуканьне вясны, альбо сьвята Стрэчаньне, чаго вартае! Зь веснавымі ды малітоўнымі песьнямі гурт жанок у сьвяточных строях абыходзіць вёску, імкнучыся ўсьлед за сонцам замкнуць, закальцаваць вёску ад усякай навалы, узьдзеяньня нячыстай сілы.

Сьвяты пачынаюцца ад клюбу
Сьвяты пачынаюцца ад клюбу

Не ратуюць, аднак, абрадавыя песьні ад дзяржаўнага стаўленьня да вёсак, якія ня маюць статусу аграгарадкоў. У Новым Палесьсі з ранейшых 629 жыхароў засталося цяпер толькі каля сотні. Сярод іх паўтара дзясятка школьнікаў, якіх штодня возяць у школу ва Ўдарную. Паездкі гэтыя ўкараняюцца ў падсьвядомасьць, фарміруючы адпаведны настрой: выехаць!

Драўляныя пэрсанажы Баравога

Фёдар Баравы
Фёдар Баравы

Пэнсіянэр Фёдар Баравы лічыць, што так званым «непэрспэктыўным» вёскам наўрад ці ўдасца доўга заставацца на беларускіх мапах, асабліва калі яны не даюць нейкага сталага занятку для мясцовага люду: «У нас тут соткі, а найбольш грыбы й ягады кормяць тутэйшы люд. На лісічках, чарніцах і журавінах можна мільёнаў 20–30 зарабіць. А ў саўгасе, нават калі там і месца знойдзецца, што заробіш — капейкі. Пагукалі вясну, соткі пасеялі — і да позьняй восені ў лесе».

Фёдар дадае, што за трыццаць чатыры гады працоўнага стажу сам ён атрымаў мільён васямсот тысяч рублёў пэнсіі. Даводзіцца на дадатак і грыбы зьбіраць, і гаспадарку трымаць. Але такая пэрспэктыва, на думку вяскоўца, моладзь асабліва ня вабіць, тым больш у глыбінцы, дзе няма ні інтэрнэту, ні кавярні, ні добрых транспартных зносінаў, ні нават прыстойнага клюбу, ня кажучы ўжо пра вольнае гаспадараньне за зямлі.

«У семдзесят гадоў няма ўжо куды рухацца. І каб заняць рукі, я стаў аздабляць сваю сядзібу рознымі драўлянымі бусламі, аленямі. Выразаю з дрэва нават вяскоўцаў, такімі, якімі бачу іх ў розныя пэрыяды жыцьця», — кажа Фёдар Баравы, ведучы экскурсію па сваім музэі драўляных пэрсанажаў пад адкрытым небам. І свае тутэйшыя, і прыежджы люд дзівяцца на сядзібу вясковага ўмельца. А новай хаты ў Новым Палесьсі ўжо даўно не ставілі.

Пэрсанажы Фёдара Баравога
Пэрсанажы Фёдара Баравога

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG