Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Указ Лукашэнкі — гэта чысты валюнтарызм»


Ці вырашае эканамічныя праблемы краіны Ўказ кіраўніка дзяржавы, падпісаны на гэтым тыдні? Чаму ўлада баіцца кардынальных рынкавых рэформаў? Што можна чакаць беларусам пасьля ажыцьцяўленьня захадаў, прадугледжаных ва Ўказе?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць эканамісты Зьміцер Крук і Барыс Жаліба. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: На гэтым тыдні выйшаў указ кіраўніка дзяржавы, прысьвечаны эканамічным праблемам. Ці гэтага вы чакалі ад ўладаў, ці такія кроі патрэбныя зараз для выздараўленьня эканомікі?

Дзьмітры Крук
Дзьмітры Крук

Крук: Гледзячы на тое, што кіраўнік дзяржавы казаў апошнія месяцы, гэта выглядае пасьлядоўным крокам. Ён казаў, што істотных рэформаў ня будзе, што будуць крокі, накіраваныя на нейкі касмэтычны рамонт. Таму такі Ўказ і можна лічыць такім рамонтам, уключэньнем усіх магчымых адміністратыўных рычагоў, узмацненьнем пэрсанальнай адказнасьці і гэтак далей. Асноўныя прынцыпы кіраваньня эканомікай захоўваюцца, нічога новага тут няма. Гэта адпавядае таму, што гучала апошнім часам, таму ў гэты ёсьць пэўная лёгіка.

Цыганкоў: Можа, гэта нават не цягне і на касмэтычны рамэонт?

Крук: Відаць, так. Але некаторыя новыя крокі там сапраўды ёсьць. Перш за ўсё тыя грошы, якія выдаткоўваюцца на нэўтралізацыю наступстваў крокаў, зьвязаных з тарыфамі. Таксама ёсьць пэўная навізна наконт правоў мясцовых уладаў .

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба

Жаліба: Народ чакаў, што пасьля ўсіх гэтых нарадаў у прэзыдэнта народзіцца Ўказ, які будзе ўтрымлівацца больш радыкальныя і глыбокія захады, якія бы дазволілі высьці з крызісу. Але мы атрымалі дакумэнт, якія пісалі людзі ў сьвятле выказваньняў кіраўніка дзяржавы. А выказваньні былі такога кшталту — «выпусьці, прадукцыю і прадай, народу трэба хлеб, а не рэформы».

Таму і ва Ўказе прыведзеныя шэраг лічбаў «ад балды». Напрыклад, трэба зьнізіць на 25 працэнтаў сабекошт. Але ж гэта чысты валюнтарызм, чыстыя фантазіі. «Стварыць рабочыя месцы на 50 тысяч чалавек». Чаму не на 45, не на 65 тысячаў? Гэта пісалі людзі, далёкія ад эканомікі. Калі прадпрыемства зьніжае сабекошт на 1 працэнт — гэта ўжо дасягненьне! Гэта зьмяненьне тэхналёгіі, эканоміія часу і рэсурсаў — гэта вельмі цяжка! А тут 25 працэнтаў! Канешне, расчараваньне такім дакумэнтам зьведалі ўсе, хто зь ім азнаёміліся.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Калі ўжо ўлада вырашыла, што рэсурс гэтай эканамічнай мадэлі не вычарпаны, і будзе працягваць яе разьвіваць — чаго трэба чакаць беларусам?

Крук: Будзе працягвацца інэрцыйныя сцэнар, які дзейнічае апошнія год-два — з пагаршэньнем сытуацыі і зьніжэньнем даходаў насельніцтва. Фактычна гэты Ўказ робіць стаўку на падтрыманьне жыцьцядзейнасьці мадэлі, якая і снуе, спроба выцягнуць зь яе астатніяе, што засталося.

Ці будзе гэтая спроба ўдалай? Мой кароткі адказ — не. Адпаведна мы будзем усё болей пагружацца ў эканамічныя праблемы.

Цыганкоў: Але ж людзі ва ўладзе маюць сваю лёгіку дзеяньняў. Як яны бачаць выхад з крызісу?

Крук: З вуснаў спадара Лукашэнкі неаднаразова гучала, што рэформаў ня будзе. І гэта быў ягоны адказ тым прадстаўнікам ураду, якія прапануюць бачаньне рэформаў, блізкае да бачаньня міжнародных інстытуцыяў. Ва Ўказе мы бачым нейкае спалучэньне палітычных задачаў і эканамічных выклікаў. Нарадзіўся нейкіх набор лёзунгаў і дэклярацыяў, што фактычна нічога не мяняе.

Зразумела, ва ўладзе далёка ня ўсе думаюць такім чынам. Гэта хутчэй такое спалучэньне розных падыходаў да таго, што трэба рабіць. Але тое, што атрымалася, не дае сыстэмны адказ.

Цыганкоў: Які сцэнар разьвіцьця беларускай эканомікі дае гэты Ўказ?

Жаліба: У нас настолькі глыбокая фраза разьвіцьця крызісу, што яна кідае выклікі ўладзе. Але мы бачым, што гэты Ўказ кансэрвую тую мадэль беларускай эканомікі, якая ёсьць. Стыль рашэньняў — «даць даручэньне, арганізаваць, узмацніць, забясьпечыць» — у рамках камандна-адміністратыўнай сыстэмы. Адчуваецца, што ўлада хоча перасядзець крызіс, дачакацца крэдыт ад Расеі, ад МВФ. Бо без гэтых крэдытаў краіна можа трапіць у дэфолт. Перасядзець — а там эканоміка Расеі неяк выздараўлівае і выцягне беларускую эканоміку.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG