Падчас мітынгу 28 лютага ў Менску прадпрымальнікі плянуюць зладзіць пэрформанс: пакінуць на прыступках Палаца рэспублікі рэчы, якімі ім забараняюць гандляваць.
Мітынг заплянаваны на Кастрычніцкім пляцы ў Менску 28 лютага ў 15:00.
Такое рашэньне прынятае падчас сустрэчы палітыкаў і прадпрымальнікаў у рамках дзейнасьці «Камітэту выратаваньня прадпрымальніцтва». Сустрэча прайшла ў сядзібе партыі БНФ.
Камітэт быў створаны на ініцыятыву прадстаўнікоў дробнага бізнэсу і мае на мэце салідарызаваць высілкі гандляроў, а таксама падтрымаць пратэсты індывідуальных прадпрымальнікаў, якія адстойваюць права на працу і годнае жыцьцё, з боку палітыкаў, праваабарончых і грамадзкіх арганізацыяў — паведаміў адзін з арганізатараў, сустаршыня партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Павал Севярынец.
Удзел у сустрэчы ўзялі прадпрымальнікі, якія працуюць на рынках Салігорску, Наваполацку, Дзяржынску, Менску і іншых гарадоў. А таксама палітыкі і былыя палітвязьні: Мікола Статкевіч, Андрэй Клімаў і іншыя.
Намесьнік старшыні грамадзкай арганізацыі «Пэрспэктыва» Вячаслаў Піліпук, паведамляючы пра ход перамоў у працоўнай групе пры Міністэрстве эканомікі па ўрэгуляваньні канфлікту паміж уладамі і дробным бізнэсам, выкліканым прэзыдэнцкім указам 222, паведаміў:
«Праца групы безвыніковая, бо ўлада мае адпаведную ўстаноўку. Урад узяў курс на тое, каб усе галіны эканомікі сканцэнтраваць у сваіх руках. І сярод іх месца дробнаму бізнэсу няма».
Таму Вячаслаў Піліпук заклікаў прадпрымальнікаў да новых супольных формаў змаганьня.
Намесьнік старшыні грамадзкай арганізацыі «За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва» Аляксандар Таўстыка заклікаў перадусім да салідарнасьці паміж самімі лідэрамі прадпрымальніцкага руху.
Мікалай Статкевіч заявіў, што ўхваляе змаганьне дробных бізнэсоўцаў і падтрымлівае мітынг прадпрымальнікаў, прызначаны на 28 лютага на Кастрычніцкай плошчы, і заяўлены «Пэрспэктывай» мітынг 14 сакавіка ў Менску.
Мікалай Статкевіч таксама заявіў:
«Вулічная акцыя да Дня Волі 25 сакавіка пройдзе ў цэнтры Менску. Гэта адбудзецца незалежна ад таго, які будзе адказ на пададзеную заяву».
У рэзалюцыі, прынятай на сустрэчы, сярод іншых патрабаваньняў значыцца: запатрабаваць адстаўкі прэм’ер-міністра Кабякова, выхаду Беларусі з Мытнага зьвязу, выказаць недавер Лукашэнку.
Рэзалюцыя будзе накіраваная ў вышэйшыя дзяржаўныя органы. Калі патрабаваньні ня будуць выкананыя, камітэт заклікае прадпрымальнікаў, палітычныя партыі, грамадзкія арганізацыі падтрымаць мітынг 28 лютага і 14 сакавіка. Падтрымаць прапанову прадпрымальнікаў Слоніма і распачаць з 1 сакавіка ўсеагульны страйк зь нявыплатай падаткаў і арэнды. Падтрымаць прапанову прадпрымальнікаў Баранавічаў і з 7 сакавіка распачаць акцыю «Пара мяняць лысую рызіну» ў вялікіх і малых гарадах краіны. Падтрымаць вулічную акцыю да Дня Волі 25 сакавіка.