Паводле Віктара Марчыка, каардынатара рэспубліканскай грамадзкай арганізацыі «Пэрспэктыва» па Гарадзенскай вобласьці, зварот сасьпеў пасьля ўдзелу слонімскіх прадпрымальнікаў 22 лютага ў мітынгу пратэсту, які адбыўся ў Менску. У ім узялі ўдзел і прадпрымальнікі са Слоніма.
— Нас уразіла тое, што ў Менску на мітынг прыйшло вельмі мала прадпрымальнікаў, асабліва з самога Менску. Мы бачым, што нашы праблемы з указам № 222 не вырашаюцца, хоць нібыта вядуцца нейкія перамовы. І калі мы ўсе ня зможам аб’яднацца і выступіць супольна, каб улады бачылі нашу салідарнасьць, то нічога і не атрымаецца. Відавочна, што ўлада ня хоча вырашаць нашы праблемы, але мы павінны яе прымусіць з намі лічыцца.
Марчык кажа, што апошнім часам многія прадпрымальнікі ў розных гарадах Беларусі вярнуліся працаваць, хоць ня маюць дакумэнтаў, якія цяпер патрабуюцца — проста карыстаюцца тым, што ўлады цяпер не праводзяць ніякіх праверак.
— Я, вядома, не магу загадваць людзям, кожны робіць так, як падказвае яму ягонае сумленьне. Але сёньня, выходзячы працаваць без належных дакумэнтаў, прадпрымальнікі ўсё ж рызыкуюць тым, што могуць атрымаць, як на цяперашні час, вялізныя штрафы. А зь іншага боку, сваімі дзеяньнямі яны падрываюць наш агульны пратэст і ўскладняюць магчымасьць дамагчыся адмены ўказу № 222. Мы павінны зараз усё гэта вельмі добра зразумець і быць разам.
Прадпрымальніца спадарыня Галіна кажа, што іхні зварот — хутчэй крок адчаю. Яна ня вельмі верыць, што гандляры па ўсёй краіне іх пачуюць, але тым ня менш лічыць патрэбным гэта зрабіць.
У нас на рынку ўжо гандлююць каля 30% прадпрымальнікаў, і відавочна, што 1 сакавіка іх можа стаць болей. Але тады ўсе нашы намаганьні на тое, каб дамагчыся адмены ўказу № 222, ідуць упустую.
— Я разумею, што людзі сядзяць бяз працы два месяцы і праядаюць свае запасы. У многіх насамрэч няма грошай. У нас на рынку ўжо гандлююць каля 30% прадпрымальнікаў, і відавочна, што 1 сакавіка іх можа стаць болей. Але тады ўсе нашы намаганьні на тое, каб дамагчыся адмены ўказу № 222, ідуць упустую. Зь іншага боку, я бачу, што ў нас выйшлі гандляваць тыя, хто адзінокі і яшчэ ня мае пэнсіі — вось як такіх людзей у нечым вінаваціць?..
Спадар Аляксандар нагадвае, што сёньня працоўная група працягвае перамовы з прадстаўнікамі ўраду, і іхні зварот насамрэч — ня толькі да прадпрымальнікаў ва ўсёй краіне, але і да ўладаў, каб тыя бачылі, што прадпрымальніцкая супольнасьць існуе.
— Мы ўсе добра разумеем, што рашэньні ў нашай краіне прымае толькі Аляксандар Лукашэнка і што толькі ён можа адмяніць указ № 222. А нас шмат, і ён павінен гэта ўбачыць і адчуць. Усё роўна ў далейшым, калі мы не адстаім свайго права працаваць, мы страцім усё, што цяпер маем. Мы папросту вымушаныя аб’яднацца ў гэтай сытуацыі.
Спадарыня Алена кажа, што ня выйдзе на працу хоць бы ўжо з тае прычыны, што ня мае належных дакумэнтаў. Яна лічыць, што праверкі ўсё роўна пойдуць, і тады многія ад гэтага пацярпяць, бо правяраючыя, калі заходзяць у шапік, то назад абавязкова выходзяць з выяўленымі парушэньнямі.
Вельмі важна, каб у сакавіку бальшыня з нас не працавала на рынках. Ня можа быць, каб гэта не падзейнічала, зьмены магчымыя, калі іх дамагацца.
— Нам трэба ўсім зрабіць цяпер вельмі адказны выбар, прычым кожнаму. Вельмі важна, каб у сакавіку бальшыня з нас не працавала на рынках. Ня можа быць, каб гэта не падзейнічала, зьмены магчымыя, калі іх дамагацца. Мы ж ня супраць, каб былі дакумэнты на ўсё, але гэта трэба зрабіць цывілізавана, каб і людзі маглі працаваць.
На сёньняшні дзень, — гаворыцца ў звароце, — няма ніякіх зрухаў і саступак з боку ўлады. Пакуль улада канфіскацыямі і штрафамі не падзяліла нас, прапануем зьберагчы тое, што яшчэ засталося, у тым ліку гонар і сумленьне. І з 1 сакавіка не рызыкаваць і спыніць розную прадпрымальніцкую дзейнасьць да вырашэньня сытуацыі і магчымасьці працаваць бяз страху страціць усё.