Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Кіеў не абвясьціў айчынную вайну?


Што вынікае з дакумэнтаў пра тое, як кіраўніцтва Ўкраіны абараняла Крым? Абмяркоўваюць тры аналітыкі – Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў і Юры Дракахруст.

Дракахруст: Ва Ўкраіне ўчора апублікавалі стэнаграму паседжаньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны (РНБА) ад 28 лютага 2014 году. У той час у Крыме зьявіліся так званыя «зялёныя чалавечкі» — расейскія вайскоўцы, якія бралі пад кантроль паўвостраў. Удзельнікі нарады канстатавалі, што ўкраінскае войска не гатовае да збройнага супрацьстаяньня.

Старшыня СБУ Валянцін Налівайчанка распавядаў, што ўкраінскія вайскоўцы пераходзяць у Крыме на бок Расеі, міністар абароны Ігар Цянюх заяўляў, што Мінабароны зможа сабраць ня больш за 5 тысяч чалавек для выкананьня баявых задачаў, але гэта «ня вырашыць праблему Крыму», прэм’ер Арсені Яцанюк прызнаў, што Ўкраіна не гатовая да вайсковай апэрацыі, лідэр фракцыі ў Вярхоўнай Радзе, экс-прэм’ер Юлія Цімашэнка нагадала пра памылкі прэзыдэнта Грузіі Міхаіла Саакашвілі ў процідзеяньні Расеі і прапаноўвала «нестандартныя крокі» замест вайны — напісаць звароты ў Эўразьвяз, ЗША і NATO пра міратворчыя войскі. Пры галасаваньні аб увядзеньні ваеннага становішча «за» прагаласаваў толькі выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Аляксандар Турчынаў.

Ва Ўкраіне ўжо зьявілася шмат ацэнак, чаму стэнаграма была апублікаваная менавіта зараз, што гэта — зброя ў сёньняшняй палітычнай барацьбе, спроба ўмацаваць аўтарытэт Турчынава, які разглядаецца як адна з кандыдатураў на пасаду прэм’ера, і адначасна спроба дыскрэдытацыі Яцанюка, Авакава і Цімашэнкі, якія на тым паседжаньні выглядалі зусім не героямі.

Але мне асабіста гэтая стэнаграма была цікавая як унікальнае сьведчаньне таго, як прымаюцца на вышэйшым узроўні лёсавызначальныя рашэньні.

Першае — халодны подых рэальнасьці, які зьдзімае ўсялякую рыторыку. Яшчэ дагэтуль фэйсбучныя ваяры вядуць спрэчку, ці была падтрымка насельніцтва ў «ветлівых людзей». На нарадзе ж міністар унутраных спраў Арсен Авакаў з сумам канстатуе — «большасьць насельніцтва Крыму займае антыўкраінскую пазыцыю». Гэта рэальнасьць, зь якой даводзіцца зыходзіць.

Нехта з удзельнікаў нарады кажа: яны там у Крыме гавораць — вам у Кіеве захопліваць будынкі можна, а чаму нам нельга? І ў адказ на гэты расповед — не абурэньне — маўляў, рэвалюцыі можна, — а парады неяк зацугляць розных сашкоў білых, каб не дыскрэдытаваць новую ўладу.

Яшчэ адно цікавае назіраньне — вялікая ўвага да дыпляматыі, зьнешняй падтрымкі. Не гучалі заклікі тэрмінова мабілізаваць людзей, скарыстаць рэвалюцыйны парыў, як тое, скажам, рабілі лідэры францускай, расейскай і кітайскай рэвалюцыяў.

Нарада дэманструе адсутнасьць палітычнай волі. Сытуацыя кепская, але бывала ў гісторыі, калі народы супраціўляліся і ў безнадзейных сытуацыях, а часам дзякуючы волі лідэраў мянялі лёс, які здаваўся перадвызначаным. На нарадзе РНБОУ не было нават спрэчкі. Турчынаў хоць і падаў самотны голас за ваеннае становішча, не спрабаваў давесьці рацыю сваёй прапановы, натхніць калегаў. Дарэчы, амаль адразу пасьля галасаваньня ўдзельнікам нарады быў прапанаваны плян дзеяньняў у шматлікіх пунктах, які не прадугледжваў вайсковага супраціву. Значыць, ён быў падрыхтаваны загадзя. І, магчыма, толькі ён і быў падрыхтаваны.

Усё сказанае — не ў дакор украінскім палітыкам. Барані бог калі-небудзь беларускім палітыкам стаяць перад такой жахлівай дылемай, перад неабходнасьцю або здаваць сваю тэрыторыю, або пасылаць сваіх салдат на заведамую бойню. Але трагічны досьвед прыняцьця рашэньняў у такой сытуацыі варта ведаць.

Цыганкоў: Так, гэты дакумэнт было вельмі цікава пачытаць, прааналізаваць. Я б сказаў, што вашы, Юры, разважаньні пра палітычную волю ў цэлым правільныя. Але, і чытаючы дакумэнты, і ўзгадваючы тую сытуацыю, асабліва я ня бачу нейкіх варыянтаў іншых магчымасьцяў у ўкраінскіх палітыкаў паводзіць сябе па-іншаму. Нават калі б яны праявілі тую самую палітычную волю, тут ёсьць яшчэ іншае паняцьце — палітычная адказнасьць. Хто б узяў на сябе адказнасьць, калі б яны, скажам, заклікалі да народу, і, улічваючы ўсе гэтыя абставіны, пра якія вы казалі, — агалілі іншыя франты... Калі б яны, умоўна кажучы, кінулі ўсё на абарону Крыму, наступствы маглі быць бы і горшыя. Таму ніхто не захацеў браць на сябе палітычную адказнасьць за імавернае большае паражэньне, чым тое, перад якім яны паўсталі.

З аднаго боку, яны проста рэалістычна ацанілі сытуацыю, рэалістычна ацанілі свае магчымасьці, магчымасьці сваёй краіны і выбралі нейкі іншы стратэгічны шлях. А менавіта — не змагацца за Крым, калі ў гэтым, на іх думку, ужо няма вялікага сэнсу, не дазваляе сытуацыя, а потым зьвяртацца да міжнароднай супольнасьці і перайсьці да стратэгічнай аблогі Расеі — з пункту гледжаньня санкцыяў, зваротаў, і чакаць вяртаньня Крыму ўжо з пэўным часам. Сапраўды, як кажуць, толькі гісторыя можа разважыць, якое рашэньне было слушным. Але на той момант выглядала, што менавіта гэтае рашэньне было адзіным правільным. Я памятаю абстаноўку тых дзён, і было нямое пытаньне ў большасьці ўкраінскага грамадзтва: «Чаму ўлада нічога ня робіць, чаму нічога не абвяшчае?». Мне здаецца, што на той момант ніхто з палітыкаў ня ўзяў на сябе адказнасьць, што яны сапраўды прынялі такое рашэньне. Нехта там, той жа Яцанюк рабіў гучныя заявы, але, як высьветлілася, і войскі перайшлі, і загаду ім ніхто не аддаваў супраціўляцца. То бок не было тады нейкай такой дастатковай сувязі з народам, з насельніцтвам, якой варта было б чакаць ад дэмакратычных палітыкаў, нават калі гэта горкая праўда.

Зь іншага боку, вельмі відавочны ўрок, які пакідае ўся гэтая сытуацыя, — што нельга развальваць войска, нельга развальваць у шырокім сэнсе ўсе праваахоўныя органы, разьведслужбы, адпаведныя структуры, да такой ступені, як гэта адбылося на той момант ва Ўкраіне. Гэты ўрок, магчыма, адзін з самых галоўных, паколькі відавочна, што падчас палітычнай барацьбы, Майдану ўсё гэта было забыта, адсунута на другі плян. Людзі не ўлічылі, што ёсьць замежная зьнешняя пагроза, якая можа быць нават важнейшая за нейкія ўнутраныя разборкі.

Карбалевіч: Што вынікае з дакумэнтаў пра тое, як кіраўніцтва Ўкраіны абараняла Крым? Я б таксама зьвярнуў увагу на некалькі рэчаў. Найперш, сапраўды быў жахлівы стан украінскага войска. Толькі 5 тысяч баяздольных войскаў. Гэта толькі дывізія. Таму гэта ўжо не міністар абароны, а толькі камандзір дывізіі канстатаваў гэты факт.

Сапраўды, перад кіраўніцтвам Украіны ўзьнікла дылема. Дылема палітычная, філязофская, маральная: ці ўступаць у вайну ў сытуацыі слабасьці, ці здацца. Дзіўна, што кіраўнік СБУ Валянцін Налівайчанка прапанаваў зрабіць усё магчымае, каб не дапусьціць стральбы і ахвяр сярод мірнага насельніцтва або вайскоўцаў Чарнаморскага флёту РФ. То бок сілавік, кіраўнік ваенізаванай структуры клапоціцца не пра нацыянальную бясьпеку краіны, а каб не было ахвяр сярод вайскоўцаў, і расейскіх, і ўкраінскіх. Дык сілавыя структуры дзяржавы дзеля таго і існуюць, каб ахвяраваць сабой дзеля абароны краіны.

Ці рэпліка Цімашэнкі. Яна параўноўвае сытуацыю з вайной Расеі і Грузіі ў 2008 годзе. Яна кажа, што кіраўнік Грузіі Міхаіл Саакашвілі ўступіў у вайну, не разьлічыў сілы і прайграў. Паралелі з Саакашвілі няўдалыя. На мой погляд, ён нічога не прайграў. Ён тэрыторыю Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі і так не кантраляваў. А што выйграў? Яму ўдалося сапсаваць адносіны Расеі з Захадам і атрымаць большую падтрымку з боку Захаду. У той сытуацыі ў яго былі бяспройгрышныя варыянты, чаго ня скажаш пра ўкраінскі варыянт.

У мяне таксама ўзьнікла пытаньне, чаму яны не зьвярнуліся з заклікам да ўкраінскага народа — з заклікам да Айчыннай вайны. Падаецца, яны проста не адчувалі падтрымкі грамадзтва.

Стэнаграма разбурае міт, што Захад разьвязаў гэтую вайну, каб штучна сутыкнуць Расею і Ўкраіну, каб пасварыць славянскіх братоў. З гэтай стэнаграмы вынікае, што, наадварот, Захад заклікаў Кіеў не даваць адпору Маскве, бо не хацеў вайны, ня быў да яе гатовы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG