Савет міністраў усталяваў максымальныя дапушчальныя плянава-разьліковыя цэны на жыльлёва-камунальныя паслугі на 2016 год. Пастанова набыла сілу ад моманту апублікаваньня і распаўсюджваецца на ўсе ўзаемаадносіны, якія ўзьніклі ад 1 студзеня 2016 году.
Як сьцьвярджае ўрад, пастанову прынялі дзеля зьніжэньня затратаў на аказаньне насельніцтву камунальных паслугаў.
Усталяваныя максымальныя тарыфы розьняцца па рэгіёнах. Аблвыканкамам і Менгарвыканкаму даручана забясьпечыць зацьверджаньне раённымі і гарадзкімі выканкамамі цэнаў на «камуналку» ў іх межах.
Напрыклад, у Менску максымальныя цэны вызначаныя наступныя: 6875 рублёў за 1 м³ вады, 4530 за 1 м³ каналізацыі, 1 161 570 за 1 Гкал ацяпленьня, 1155 за тэхабслугоўваньне 1 м2 агульнай плошчы жылога памяшканьня, 820 рублёў з 1 м² агульнай плошчы жылога памяшканьня за ліфт і 53 944 рублі за 1 м³ цьвёрдых камунальных адкідаў.
Ранейшыя рэформы ў жыльлёва-камунальнай гаспадарцы Беларусі зьвяліся да росту тарыфаў. «Жыроўкі» за студзень вырасьлі амаль удвая. На канец 2016 году плянуецца выйсьці на 50% кампэнсацыі насельніцтвам затратаў на камунальныя паслугі, да канца 2018 году кампэнсацыя мае выйсьці на 100%.