У мінулы панядзелак больш за сотню гарадзенскіх прадпрымальнікаў, якія пратэставалі на плошчы Леніна супраць указу № 222, абвясьцілі, што ў наступны панядзелак зьбяруцца зноў на тым самым месцы і з тымі ж патрабаваньнямі. Да іх маюць далучыцца і тыя прадпрымальнікі, хто мае адпаведныя дакумэнты на тавар і не прыпыняў працы.
Сытуацыя на гарадзенскіх рынках вось ужо паўтара месяца не зьмяняецца — працуюць каля дзесяці адсоткаў індывідуальных прадпрымальнікаў. Пакупнікоў таксама адзінкі. Тавару няшмат, выбар малы, прадпрымальнікі без настрою. Спадар Уладзімер на рынку «Цэнтральны» сумна распавядае, што ягонай дзейнасьці прыйшоў канец — і гэта нягледзячы на тое, што гандлюе беларускім таварам.
Тут ніхто нічога не купляе амаль, зарабіць на падаткі і арэнду ўжо не ўдаецца. А тым болей на тое, каб мець абаротныя сродкі.
— Ды я ўжо пачаў працу шукаць, праўда, пакуль безвынікова. Тут ніхто нічога не купляе амаль, зарабіць на падаткі і арэнду ўжо не ўдаецца. А тым болей на тое, каб мець абаротныя сродкі. Я пакуль гэта прадам, то на новы тавар грошай ня будзе, бо ўсё праядаецца. Мы тут усе ў панядзелак таксама ідзем на плошчу, каб падтрымаць астатніх, бо і наш бізнэс завальваецца.
Спадарыня Алена дадае, што нават у выходныя дні ніякага гандлю няма, бо пакупнік стаў зусім неплатаздольны.
— Паглядзіце, тут усе, хто стаіць, імкнуцца папросту распрадаць тавар, каб хоць нейкую капейчыну вярнуць. Па-мойму, людзі зьмірыліся, што ніякага бізнэсу ня будзе. Але зь іншага боку — што нам рабіць, куды ісьці, калі нідзе ніякай працы няма? Нас улада сама выштурхоўвае на плошчу. Ну мы ж ня можам застацца ў хаце сядзець, калі хутка ня будзе за што выпраўляць дзяцей у школу.
Яшчэ адзін гандляр, спадар Юры кажа, што на плошчу яны пойдуць — але, маўляў, якія з гэтага вынікі, калі выходзіць усяго толькі па сотні людзей, а гэта, паводле яго, на ўладу не ўплывае.
— У сакавіку, думаю, прадпрымальнікі з рынкаў пойдуць здаваць свае дакумэнты індывідуальнага прадпрымальніка. Справа ў тым, што трэці месяц плаціць падаткі і арэнду і пры гэтым нічога не зарабляць — многім гэта ўжо не пад сілу. Што далей рабіць — ніхто пакуль ня ведае...
Іншы прадпрымальнік, спадар Аляксей кажа, што мінулы панядзелак неяк падняў яму настрой, бо хоць і няшмат людзей, але ўсё ж згуртаваліся і голасна заявілі пра свае патрабаваньні да ўлады.
— Я ўпэўнены, што ў гэты панядзелак на плошчу прыйдзе больш людзей. Прычым думаю, што падцягнуцца ня толькі прадпрымальнікі, а і пэнсіянэры, і іншыя людзі. Многіх надта моцна падкасілі апошнія аплаты за камунальныя паслугі, людзі паўсюль абураюцца.
Трэба стаяць усё ж да нейкай перамогі, каб з намі лічыліся, размаўлялі, улічвалі нашы патрабаваньні. Трэба, каб людзі не баяліся.
А вось спадарыня Ніна, якая п’е з тэрмаса гарбату і прапаноўвае сваім калегам, кажа, што да яе нават дадому прыходзілі знаёмыя і пыталіся — ці пойдуць прадпрымальнікі на плошчу.
— Трэба, каб акцыя была арганізаваная, а ня проста прыйсьці і пастаяць, бо інакш улада зробіць ізноў выгляд, што нас няма. Трэба стаяць усё ж да нейкай перамогі, каб з намі лічыліся, размаўлялі, улічвалі нашы патрабаваньні. Трэба, каб людзі не баяліся. Але большасьць пакуль надта запалоханыя, баяцца ўсяго. А на кухні, вядома, нічога ня зьменіш.