Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заклікаў беларусаў узяць удзел у акцыі 22 лютага на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.
«Мы ўсе з вамі ў адной дзіравай лодцы з самазакаханым капітанам і непрафэсійнай зладзеяватай камандай. Давайце разам супраціўляцца злу, жлобству, прававому бязьмежжу і ўсёдазволенасьці. Давайце разам змагацца за сыстэмныя структурныя рэформы, за новы эканамічны курс, за самапавагу, за нармальную краіну!» — гаворыцца ў адмысловай заяве, зьмешчанай на сайце ucpb.org.
«Як толькі ІП і людзі іншых прафэсій і заняткаў сталі на Кастрычніцкай разам, плячо ў плячо, тут жа ў сацсетках загаласілі, захлюпалі: „Ня тыя прыйшлі, ня тое казалі, ня так стаялі“. Тут жа каток КДБ пакаціўся па прадпрымальніках, якія зрабілі заяўку быць лідэрам. Сябры, наша сіла ў тым, што мы разам, а „дарадчыкі“ далей за свае пасты нікуды ня пойдуць і нічога рабіць ня будуць!» — адзначыў Анатоль Лябедзька.
У інтэрвію карэспандэнту Свабоды Анатоль Лябедзька заявіў, што ён не арганізатар акцыі:
— Але я быў удзельнікам мінулай сустрэчы, якая адбылася ў панядзелак. Я салідарны з прапановай, якая прагучала, што трэба вяртацца на Кастрычніцкую і трэба патрабаваць ад улады вырашэньня шэрагу пытаньняў. Для ІП найбольш актуальна — гэта адмена ўказу № 222.
А што да АГП, то мы ставім пытаньне значна шырэй, мы гаворым пра зьмену эканамічнага курсу, эканамічнай палітыкі, эканамічнай мадэлі. Мы сфармулявалі 11 сваіх патрабаваньняў, супольна выпрацаваных з ІП. Мы перадалі гэта ва ўрад.
На днях я атрымаў адказ, які нас, канечне, не задавальняе. Мы бачым, што ў нас стратэгічнае разыходжаньне з урадам.
Была пэтыцыя ад Ірыны Яскевіч, пад якой падпісалася больш за 900 чалавек. Я не выключаю, што ў панядзелак мы гэтую пэтыцыю перададзім. Яна пайшла па электронных каналах, але і фізычна зможам перадаць гэтую пэтыцыю ва ўладныя структуры.
Мы гатовыя падтрымліваць прапановы, якія вылучаюць ІП падчас перамоўнага працэсу, які ідзе. Наступны раўнд такіх перамоваў будзе ў сераду. Калі ў панядзелак будзе сфармулявана, чаго канкрэтна патрабуюць цяпер ІП, то мы гэта таксама падтрымаем як частку патрабаваньняў да перамоўнага працэсу.
— Як на гэтым этапе можна ацаніць сытуацыю? Прадпрымальніцкі пратэст ідзе на спад ці наадварот?
— Тактыка ўладаў такая. Яны цяпер кропкава б’юць па лідэрах ці па патэнцыйных лідэрах прадпрымальніцкага руху. Змагацца з 400–500 людзьмі, якія прыйшлі да аблвыканкаму, ці тысячай, якія сабраліся на Кастрычніцкім пляцы, — гэта неэфэктыўна і тупікова. Таму — што робіць улада? Яны вылучаюць кропкава тых людзей, да голасу якіх прыслухоўваюцца, якія прыводзяць да аблвыканкаму ці заклікаюць выйсьці на вуліцу. І кропкава іх ліквідуюць.
Я ведаю дакладна ўжо тры прыклады такіх кропкавых узьдзеяньняў з боку КДБ на гэтых людзей. Гэта жудасна. І чаму я тут падстаўляю сваё плячо — бо разумею, наколькі цяпер складана прадпрымальнікам. Пойдзе гэта на спад, калі ўлады проста зьнішчаць такіх нефармальных лідэраў альбо калі вакол іх яны створаць такую вакуўмную прастору. Гэта якраз самы адказны момант, бо незразумела, куды гэта пойдзе — ці на спад, ці, наадварот, будзе ўзрастаць актыўнасьць. Трэба ім тут дапамагчы.
Камэнтуючы зварот Анатоля Лябедзькі, лідэр грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Анатоль Шумачнка сказаў, што «змагацца ёсьць сэнс заўсёды».
«Горш ад гэтага яшчэ нікому не было. Асабліва ў нашай дзяржаве, дзе ўлада разумее выключна мову сілы. То бок барацьба — гэта заўсёды добра».
Ацэньваючы цяперашнюю сытуацыю, Шумчанка сказаў у інтэрвію карэспандэнту Свабоды:
«Рэакцыя ў адказ прама прапарцыянальная ціску, які будзе аказваць дзяржава на прадпрымальнікаў. Пакуль на сёньняшні момант праверак і канфіскацыяў няма. Гэта ня можа не адбіцца на паводзінах прадпрымальнікаў. Таму пакуль цяжка сказаць, як разьвіваецца сытуацыя: пайшла на спад ці наадварот.
У цэлым сытуацыя будзе заставацца напружанай датуль, пакуль ня знойдзена кампраміснае рашэньне паміж прадпрымальнікамі і ўладай. Пакуль праблема ня будзе вырашана, людзі будуць выкарыстоўваць любыя інструмэнты барацьбы за свае правы. І хто б гэтую барацьбу ні пачынаў, ён будзе мець падтрымку ў гэтага слоя насельніцтва.
А ўлада павінна ведаць, што сваімі дзеяньнямі адштурхоўвае ад сябе людзей. І няхай не шукае крайніх. А то мы бачылі ў тэлерэпартажах, што, маўляў, апазыцыя выкарыстоўвае... Людзі ідуць да „Пэрспэктывы“, бо яна змагаецца. Людзі ідуць да дэмакратычных сілаў, бо яны прапануюць барацьбу і падтрымку прадпрымальнікам».