Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенскія прадпрымальнікі: «Мы не баімся! Свабоду!»


Плякат, які прынесьлі гарадзенскія прадпрымальнікі на плошчу
Плякат, які прынесьлі гарадзенскія прадпрымальнікі на плошчу

У Горадні на плошчы Леніна прайшла акцыя прадпрымальнікаў з патрабаваньнем адмяніць указ № 222 і даць магчымасьць працаваць.

Пад 12 гадзіну ў цэнтры Горадні на плошчы Леніна сабралася больш за сотню прадпрымальнікаў. Нейкі час яны проста стаялі і размаўлялі між сабой. З гарвыканкаму да іх выйшла жанчына і перадала запрашэньне ад старшыні гарвыканкаму Мечыслава Гоя ўсім прайсьці ў актавую залю.

Прадпрымальнікі адмовіліся і прапанавалі, каб старшыня гарвыканкаму сам выйшаў да іх. Спадар Аляксей, які стаяў адпачатку на плошчы, сказаў Свабодзе, што прыйшоў сюды, бо жыць далей становіцца немагчыма:

Мы ўсе прыйшлі, каб нас заўважылі, каб пачалі вырашаць нашы праблемы.

— Мы ўсе прыйшлі, каб нас заўважылі, каб пачалі вырашаць нашы праблемы. Мы больш за месяц сядзім бяз працы, грошы сканчаюцца, а зараз яшчэ дададуцца новыя кошты за камунальныя паслугі. Што нам рабіць...

Спадарыня Сьвятлана, якая стаіць побач, кажа, што маўчаць болей немагчыма:

— Мы прыйшлі сюды найперш, каб падтрымаць тых, хто зьбіраецца выйсьці на плошчу ў Менску. Мы салідарныя зь імі і хочам дамагчыся, каб указ № 222 адмянілі.

Прадпрымальнікі на плошчы Леніна
Прадпрымальнікі на плошчы Леніна

Атмасфэра на плошчы спакойная. Невыгоду стварае толькі дождж. Празь некаторы час на плошчы зьяўляецца плякат: «Мы супраць дыктатуры!». Людзі пачынаюць крычаць: «Мы не баімся! Свабоду!».

Іпэшнікаў падтрымліваюць і звычайныя гараджане. Сярод іх Сяргей Іванавіч, пэнсіянэр, які 35 год адпрацаваў на «Азоце»:

— Я не прадпрымальнік, але прыйшоў сюды, каб падтрымаць гэтых людзей. У мяне пэнсія за 35 год стажу — 2 мільёны 900 тысяч. Я зараз баюся атрымліваць квітанцыю за кватэру, бо невядома, колькі давядзецца плаціць. Жыць ужо немагчыма. Аддасі грошы на лекі — і на хлеб не застаецца...

У гэты час да людзей выходзіць старшыня гарвыканкаму Мечыслаў Гой і просіць усіх прайсьці ў актавую залю гарвыканкаму, абяцае выклікаць спэцыялістаў, якія змогуць адказаць на пытаньні людзей.

У адказ ён чуе: «Мы хочам працаваць! Адмяніць указ № 222!».

У размову, як зазвычай, найперш уступаюць жанчыны. Адна зь іх гаворыць вельмі эмацыйна:

Чаму нас зрабілі ўжо бандытамі? Мы за ўсё плацім грошы: і за арэнду, і падаткі, мы нічога ад вас ня просім, а нас пазбаўляюць працы. Я ўжо нічога не баюся і магу пра ўсё вам казаць у вочы.

— Як нам быць? Мы другі месяц не працуем, парайце нам як чалавек. Чаму нас зрабілі ўжо бандытамі? Мы за ўсё плацім грошы: і за арэнду, і падаткі, мы нічога ад вас ня просім, а нас пазбаўляюць працы. Я ўжо нічога не баюся і магу пра ўсё вам казаць у вочы.

Малады чалавек фармулюе канкрэтнае патрабаваньне:

— Мы патрабуем адмены ўказу № 222 і хочам выйсьці працаваць. Гэта наша адзінае і галоўнае патрабаваньне.

Мечыслаў Гой кажа, што ня можа выканаць гэтых патрабаваньняў, і запрашае ўсіх прайсьці ў залю.

Старшыня Мечыслаў Гой выйшаў на плошчу да прадпрымальнікаў
Старшыня Мечыслаў Гой выйшаў на плошчу да прадпрымальнікаў

— Мы нікуды ня пойдзем, — кажа яшчэ адна спадарыня. — Вы лепш адкажыце на пытаньне — чаму вы ўсе на прыёмах у Лукашэнкі апускаеце галовы і нічога яму ня кажаце, чаму вы не бароніце нашы правы, чаму ня можаце яму расказаць усё, чаго людзі дамагаюцца? І навошта ён з намі так паступае...

Размова ў старшыні гарвыканкаму з прадпрымальнікамі не выходзіць, хоць ён імкнецца цярпліва ўсіх выслухоўваць. Некаторыя жанчыны пачынаюць распавядаць ледзьве ня ўсе трагедыі свайго жыцьця. Іхняму абурэньню няма канца.

— А дзе заробак у 500 даляраў? Давайце мы пойдзем працаваць на такую працу. Навошта падманваюць увесь народ... — гучаць усё новыя пытаньні з натоўпу.

Мечыслаў Гой, не знайшоўшы з прадпрымальнікамі агульнай мовы, кажа, што з разуменьнем ставіцца да іхніх праблемаў, але можа вырашаць толькі тыя пытаньні, якія ў ягонай кампэтэнцыі. Ён вяртаецца ў гарвыканкам.

Мы ўжо нічога не баімся і яшчэ вернемся.

Людзі яшчэ стаяць на плошчы і размаўляюць паміж сабой. Мужчына сярэдняга веку кажа:

— Мы ўжо нічога не баімся і яшчэ вернемся.

Дадае спадарыня:

— Многія з нашых паехалі ў Менск на Плошчу, а мы не змаглі, таму і выйшлі сюды, каб іх падтрымаць, бо ў нас адны і тыя патрабаваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG