Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шумчанка склікае закрыты форум ІП і прапануе ўвесьці патэнтную сыстэму на тавары без сэртыфікатаў


Анатоль Шумчанка падчас другога форуму прадпрымальнікаў у Менску, 1 лютага 2016 году
Анатоль Шумчанка падчас другога форуму прадпрымальнікаў у Менску, 1 лютага 2016 году

Грамадзкае аб’яднаньне «Пэрспэктыва» правядзе закрыты форум «для шчырай размовы і абмену думкамі адносна сытуацыі, у якой апынуліся прадпрымальнікі».

Форум адбудзецца ў бліжэйшы месяц і пройдзе без удзелу чынавенства і журналістаў. Пра гэта Свабодзе паведаміў лідэр «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка.

«Прыйшоў час шчырай размовы ў коле саміх прадпрымальнікаў. Таму на форуме ня будзе прадстаўнікоў улады і журналістаў. Прычым гутарка не вядзецца пра нейкія рознагалосьсі паміж прадпрымальніцкімі групамі — іх няма. Але сытуацыя скрайне цяжкая. І яна абсалютна адрозьніваецца ад таго, што было яшчэ год таму. У мінулыя гады прадпрымальнікам дастаткова было адзін-два дні ня выйсьці на працу — і ўлады пачыналі хутка і адэкватна рэагаваць на нашыя праблемы. Што маем цяпер? „Пэрспэктыва“ агулам сабрала каля 8 тысяч чалавек на форумы, пасьля Новага году прадпрымальнікі не заплацілі падаткі, у Менску ІП не працавалі 20 дзён, а ў рэгіёнах не працуюць да гэтага часу і масава выходзяць да выканкамаў, цікавячыся ў чыноўнікаў, як ім жыць далей. Такога не было ў гісторыі сучаснай Беларусі. Але мы бачым, што выніку, які мы чакалі, няма. Таму паўстае пытаньне: што сёньня трэба зрабіць, каб дасягнуць выніку? Адказ на гэтае пытаньне мы і будзем шукаць падчас закрытага форуму».

Форум прадпрымальнікаў у Менску 1 лютага 2016 году
Форум прадпрымальнікаў у Менску 1 лютага 2016 году

Анатоль Шумчанка лічыць, што навязваць прадпрымальнікам нейкія крокі для вырашэньня праблемы ня варта. «Пэрспэктыва» ставіць задачай памяняць сьвядомасьць прадпрымальніцкай супольнасьці, каб людзі зразумелі, што першапрычына праблемаў — ва ўладзе, якая кіруе ў Беларусі:

«Я ведаю, што трэба рабіць. Але важна, каб прадпрымальнікі самі пачалі думаць і абмяркоўваць. Мы павінны вырашыць, што можа зрушыць зь мёртвай кропкі вырашэньне нашага пытаньня. Што гэта будзе — плошча, вулічныя пратэсты ці нешта іншае — павінны вырашыць самі людзі. Але я лічу, што інструмэнты — гэта другаснае. Галоўнае — прыйсьці да разуменьня, што стала прычынай таго, з чым мы сёньня сутыкаемся. Сёньня мы стаім на парозе асэнсаваньня ролі гэтай улады, яе прызначэньня і сутнасьці. І гэта самы важны вынік дзейнасьці „Пэрспэктывы“. Так, мы пакуль не адмянілі ўказ № 222, але мы зьмянілі сьвядомасьць людзей. Мы паказалі, што наш народ умее змагацца».

Мы пакуль не адмянілі ўказ № 222, але мы зьмянілі сьвядомасьць людзей. Мы паказалі, што наш народ умее змагацца.

На ініцыятыву гомельскіх прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка, які бярэ ўдзел у працоўнай групе прадпрымальнікаў і чыноўнікаў, прапаноўвае ўвесьці ў Беларусі патэнтную сыстэму — каб тыя, хто ня можа працаваць з сэртыфікатамі, маглі працягваць свой бізнэс, заплаціўшы дадатковы падатак:

«Ніхто не гаворыць, што прадпрымальнікі пагадзіліся на тое, што ўказ № 222 застаецца, і цяпер хочуць мець хаця б права распрадаць раней завезеныя тавары. Гэта ня так, хаця ў нас ёсьць частка прадпрымальнікаў, якія сапраўды гатовыя працаваць па сэртыфікатах. Я прапаноўваю такі варыянт: дадаткова да ўказу № 222 трэба ўвесьці патэнтную сыстэму, якая будзе задавальняць тых, хто ня можа працаваць па дакумэнтах. У межах патэнтнай сыстэмы трэба толькі заплаціць павышаны падатак і можна працаваць без дакумэнтаў. Зразумела, што ўлады кепска ставяцца да такой прапановы. Праблема ў тым, што ўладзе не патрэбныя нашы сэртыфікаты, ёй трэба наш бізнэс, нашы штрафы і канфіскацыі. Ёй ня трэба свабодныя людзі ў асобе прадпрымальнікаў. Ён трэба маса, якой зручна кіраваць. А кіраваць можна толькі тады, калі маеш кропку прыкладаньня. Такой кропкай і ёсьць указ № 222».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG