Яшчэ 20 гадоў таму Таварыства беларускай мовы распрацавала канцэпцыю нацыянальнага ўнівэрсытэту, сабрала 50 тысяч подпісаў у яго падтрымку, аднак ініцыятыва дагэтуль не была падтрыманая на дзяржаўным узроўні. Вялікія спадзяваньні ў справе «беларускасьці» ўскладалі на Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт, які вось ужо больш за 10 гадоў працуе ў выгнаньні, у сталіцы суседняй краіны — у Вільні.
Ці ёсьць беларуская мова ў ЭГУ, ці шмат прадметаў выкладаецца па-беларуску? Меркаваньні кіраўніцтва, выкладчыкаў і студэнтаў неадназначныя.
Прэзыдэнт студэнцкага прадстаўніцтва ЭГУ, студэнт Дэпартамэнту «Культурная спадчына і турызм» Дзяніс Кучынскі кажа:
«Лямант, што ў ЭГУ няма беларускасьці, не зусім апраўданы. Беларускасьць ЭГУ будуецца на пэўных асобах — Харэўскім, Марціновічы, Фэліксе Акермане. Яны ладзяць розныя цікавыя творчыя сустрэчы. Таксама наша студэнцкае прадстаўніцтва ладзіць сустрэчы зь беларускімі інтэлектуаламі, грамадзянскай супольнасьцю. Нядаўна вось езьдзілі на «Мову Нанова».
Дзяніс Кучынскі распавёў, што дзякуючы Сяргею Харэўскаму ва ўнівэрсытэце ў гэтым навучальным годзе прайшлі сустрэчы з Алесем Разанавым, Альгердам Бахарэвічам, Юляй Цімафеевай, Адамам Глобусам.
«Калі мы кажам пра агульнае жыцьцё — ёсьць беларускі асяродак. Іншы складнік — акадэмічны. Амаль на кожным дэпартамэнце ёсьць беларускамоўныя выкладчыкі. Але раней было больш. Мы заўсёды, як казаў Ігнат Абдзіраловіч, „паміж варожымі кірункамі“: паміж рынкамі, паміж патрэбамі... Мне здаецца, у такіх пытаньнях павінна быць калегіяльнасьць, агульнае разуменьне».
Сяргей Харэўскі, Генадзь Сагановіч, Аляксандар Каўбаска, Сьцяпан Стурэйка, Іна Соркіна, Юрась Бачышча, Ірына Махоўская, Андрэй Чарнякевіч, Уладзіслаў Іваноў, Вольга Гапеева, Ірына Раманава выкладаюць у ЭГУ выключна па-беларуску. І гэты сьпіс далёка няпоўны. Больш за ўсё беларускай мовы ў Дэпартамэнце «Гістарычная спадчына і турызм», сьцьвярджаюць і выкладчыкі, і студэнты. На іншых дэпартамэнтах беларускай мовы менш.
Прынамсі, што да студэнтаў, зь якімі карэспандэнтка Свабоды размаўляла ў галоўным навучальным корпусе ЭГУ, яны ў асноўным кантактавалі па-расейску. Магчыма, не пашанцавала, не на беларускамоўных натрапіла.
На пытаньне, на якіх мовах у асноўным выкладаюцца прадметы, студэнт- першакурсьнік Дзьмітрый адказаў, што бальшыня прадметаў выкладаецца на расейскай і ангельскай мовах, на беларускай — значна менш.
Настасься, якая навучаецца спэцыялізацыі «Мэдыя і камунікацыя», размаўляе выключна па-расейску. Што да беларускай мовы, кажа, што ў сярэдняй школе ў Маладэчне яе вывучала і няблага валодала. Чаму не размаўляе цяпер — няма моўнага асяродзьдзя:
Я разумею, калі будзе моўнае асяродзьдзе, празь месяц я, магчыма, узгадаю беларускую мову. Але цягам чатырох гадоў у ЭГУ я зь беларускай мовай не сутыкалася.
«У многіх студэнтаў вельмі дрэнна зь беларускай мовай, і ў мяне таксама. Увосень цягам тыдня я была на практыцы на канале Белсат у Варшаве. А на Белсаце бальшыня гаворыць па-беларуску. І давялося рабіць намаганьні, спачатку зь цяжкасьцю, на трасянцы, узгадвала беларускія словы. Я разумею, калі будзе моўнае асяродзьдзе, празь месяц я, магчыма, узгадаю беларускую мову. Але цягам чатырох гадоў у ЭГУ я зь беларускай мовай не сутыкалася».
Карэспандэнтка: «Што, ні адзін прадмет не выкладаецца па-беларуску?»
«Не. Гэта мінус. Магчыма, гэта лічыцца эўрапейскім унівэрсытэтам, сувязяў зь Беларусьсю мала. Але хацелася, каб дадалі нейкія курсы на беларускай мове».
Прафэсар Эдуард Мельнікаў, які выкладае менавіта на спэцыялізацыі «Мэдыя і камунікацыі» ў нечым пагаджаецца, што ў ЭГУ беларускую мову ня вельмі часта пачуеш. Але, на яго думку, гэта адлюстраваньне рэальнай моўнай сытуацыі ў краіне. Будзе мова ў Беларусі — будзе мова ў ЭГУ:
«Я скажу за сябе. Усё залежыць ад студэнта. Калі студэнт са мной пачынае размаўляць па-беларуску, я яму адказваю таксама па-беларуску. Дакладней, ня толькі адказваю, але і ўсю працу зь ім вяду на беларускай мове. Цяпер на першым курсе 12 журналістаў. Дзьве дзяўчыны пісалі кантрольныя працы на беларускай мове, я рэцэнзіі ім пісаў таксама па-беларуску і вёў зносіны на беларускай мове.
Чацьвёрты курс вялікі, там чалавек 30, зь іх чалавек 5 гаворыць па-беларуску. Гэта рэальная моўная сытуацыя, мы ж яе штучна не палепшым.
Лекцыі ў мяне напісаныя на расейскай мове, таму што я іх стаўлю ў Moodle (плятформа для дыстанцыйнага навучаньня). Да таго ж, хоць у нас большасьць — грамадзяне Беларусі, але ёсьць і дзьве літоўскія грамадзянкі, яны па-расейску чытаюць, па-беларуску — не.
А што тычыцца колькасьці беларускамоўных студэнтаў у ЭГУ — гэта адлюстраваньне агульнай сытуацыі ў краіне Беларусь. Калі была б большасьць студэнтаў беларускамоўных — большасьць выкладчыкаў вымушана была б працаваць на беларускай мове», — падсумоўвае Эдуард Мельнікаў.
Яшчэ адзін выкладчык праграмы «Мэдыя і камунікацыі» Анатоль Гуляеў чытае два курсы: «Журналісцкае расьсьледаваньне» і «Журналісцкая этыка»:
«Я чытаю на расейскай мове, паколькі гэта больш запатрабавана. Студэнты павінны выканаць пэўную колькасьць прац. Не скажу, што шмат, але дзесьці траціна работ пішацца па-беларуску.
Калі казаць пра беларускасьць, пра прысутнасьць беларускіх матываў, магу параўнаць. Калі я прыйшоў у Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт 8 гадоў таму і ўпершыню трапіў на абарону курсавых работ, мне давялося праслухаць каля 40 студэнтаў, і толькі 3 працы абараняліся па-беларуску. Тады гэта мяне ўзрушыла. „Чаму так?“ — я пачаў пытацца. „Вы ж разумееце, у нас эўрапейская праблематыка“... А цяпер значна больш прац робіцца па беларускай праблематыцы, на аснове беларускіх СМІ. У параўнаньні з тым, што было 8 гадоў таму, сытуацыя значна зьмянілася. Ёсьць пэўная колькасьць студэнтаў, якая размаўляе па-беларуску, беларуская мова гучыць ва аўдыторыях і калідорах ЭГУ».
Віктар Марціновіч, якія выкладае на двух праграмах — «Мэдыя і камунікацыі» і на Дэпартамэнце сацыяльных і палітычных навук, лічыць, што ЭГУ самы беларускамоўны з усіх беларускіх ВНУ.
«Таму што калі мы параўнаем прысутнасьць мовы ў ЭГУ з прысутнасьцю мовы ў любым дзяржаўным ВНУ, нават на філфаку, мы пабачым, што беларускай мовы ў ЭГУ значна болей, беларускамоўных выкладчыкаў значна болей. І ня проста выкладчыкаў, а знакавых фігур — кшталту Генадзьзя Сагановіча, Сяргей Харэўскага. Ніякіх перашкодаў у выкладаньні прадметаў па-беларуску я не адчуваю. Да прыкладу, адна з праграмаў, якія я вяду — „Публічная палітыка і дзяржаўнае кіраваньне“ — напісаная цалкам па-беларуску. Калі ў групе няма вялікай колькасьці замежных студэнтаў, напрыклад, літоўцаў, я выкладаю па-беларуску, бо выкарыстоўваю шмат беларускамоўных крыніц.
Абмежаваньняў у сваёй працы я ня бачу. Беларускамоўныя людзі ёсьць у вышэйшым кіраўніцтве. Да прыкладу, кіраўнік па адміністрацыйнай частцы Аляксандар Каўбаска, старшыня сэнату, прафэсар-эмэрыт Рыгор Мінянкоў. У маім асяродзьдзі ў Менску няма столькі беларускамоўных сяброў сярод навукоўцаў-выкладчыкаў, колькі я маю ў Вільні».
Старшыня сэнату, прафэсар-эмэрыт Рыгор Мінянкоў, які сам дасканала валодае беларускай мовай, сьцьвярджае, што беларускасьць, рускасьць ці польскасьць унівэрсытэту выражаецца ня толькі ў мове:
«Хоць мова — вельмі важны складнік. Гэта выражаецца ў тым, наколькі гэты ўнівэрсытэт працуе на сваю краіну, наколькі ён уключае сваю краіну ў рознае міжнароднае супрацоўніцтва. І вось у гэтым пляне, на мой погляд, мы — беларускі ўнівэрсытэт.
Моўная палітыка ва ўнівэрсытэце ёсьць. Мы зыходзім з таго, што наш выкладчык выкладае на той мове, на якой яму прасьцей: беларускай ці расейскай. Студэнт таксама адказвае на пытаньні, піша працы на той мове, на якой яму прасьцей. І ўвогуле, атрымліваецца, што многія курсы выкладаюцца на трох мовах. Напрыклад, я вяду свой курс, і ў мяне ёсьць матэрыялы на ангельскай, расейскай і беларускай мовах, і гэта нармальна. Студэнты пішуць свае курсавыя і дыплёмныя працы перш за ўсё на беларускім матэрыяле. Гэта значыць, што мы беларускі ўнівэрсытэт, але ў сучасным разуменьні таго, што ёсьць нацыянальнае. Нацыянальнае ў нас вельмі часта трактуюць у духу ХІХ стагодзьдзя, калі нацыянальнае — гэта перш за ўсё мова, нацыянальны ўнівэрсытэт. Гэтая эпоха — можа, гэта і дрэнна, але яна ўжо ідзе ў мінулае. Цяпер мы жывём у сьвеце глябальным, у сьвеце мабільным, дзе студэнт можа вучыцца ў розных унівэрсытэтах, на розных мовах. І калі мы будзем ізалявацца толькі мовай, мы будзем проста ізаляваныя. Нацыянальны ўнівэрсытэт — гэта той унівэрсытэт, які служыць сваёй краіне празь зьмест, які ўключае сваю краіну ў кантэкст, і які ўключае веды міжнароднага ўзроўню».
Хацелася б і скончыць на такой аптымістычнай ноце. Але цягам апошніх гадоў з розных прычынаў у ЭГУ сышлі знакавыя асобы, якія ўвасаблялі беларускасьць, кажа старшыня студэнцкага прадстаўніцтва Дзяніс Кучынскі. Гэта і вядомыя беларускія навукоўцы — прафэсар Алесь Смалянчук, прафэсар Павал Церашковіч, замежнікі. Зусім нядаўна сышоў кіраўнік Цэнтру нямецкіх дасьледаваньняў, паліглёт Фэлікс Акерман (Felix Ackermann), які прапрацаваў у ЭГУ больш за 4 гады. Як распавялі студэнты, спадар Акерман арганізоўваў розныя праекты, дасьледаваньні, воркшопы, супольныя працы, летнія школы, а таксама свае адмысловыя моўныя курсы. Імпрэзы звычайна Фэлікс Акерман ладзіў па-беларуску. З сыходам Смаленчука, Церашковіча, Акермана беларускасьці ў ЭГУ стала менш, з жалем канстатуе прэзыдэнт студэнцкага прадстаўніцтва Дзяніс Кучынскі.