Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сёньняшні мітынг на Кастрычніцкай у Менску паўплывае на стан ІП?


Тры пытаньні для трох аналітыкаў: Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў

Дракахруст: Сёньня ў Менску на Кастрычніцкай плошчы прайшла акцыя індывідуальных прадпрымальнікаў. Нагадаем, што яшчэ на мінулым тыдні арганізацыя ІП «Пэрспэктыва» адмовілася ад правядзеньня мітынгу, заплянаванага на 15 лютага. Аднак адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Аляксандар Макаеў насуперак рашэньню «Пэрспэктывы» заклікаў людзей прыйсьці і прычым не на плошчу Бангалор, а на Кастрычніцкую. Заклік Макаева падтрымаў палітык, былы палітвязень Мікола Статкевіч.

Сёньня Радыё Свабода вяла прамую трансьляцыю з плошчы. Паводле ацэнак, на ёй сабралася каля тысячы чалавек. Прысутнічалі і выступалі на мітынгу Аляксандар Макаеў, Мікола Статкевіч, Анатоль Лябедзька, Уладзімер Някляеў, Павал Севярынец. Гаварылася пра тое, каб зьбірацца кожны панядзелак, пакуль улады не скасуюць указ № 222 аб сэртыфікацыі прадпрымальнікамі іх прадукцыі.

У сваю чаргу лідэр «Пэрспэктывы» Анатоль Шумчанка паведаміў, што на перамовах з прадпрымальнікамі прадстаўнікі ўладаў гаварылі пра магчымасьць пэўных саступак, пэўных палёгак для індывідуальных прадпрымальнікаў. У інтэрвію Свабодзе Шумчанка падкрэсьліў, што на Кастрычніцкую людзей вывела не «Пэрспэктыва», а ўлады сваёй палітыкай.

Ня выключана, што пры такім разьмеркаваньні роляў сёньняшняя акцыя дасьць плён, прычым, ня толькі ў сярэднетэрміновай пэрспэктыве, як «іскра, зь якой загарыцца полымя», але і як элемэнт гульні ў «добрага» і «злога» сьледчых Шумчанкі і Макаева. Шумчанка чынна вядзе перамовы, Макаеў мітынгуе — з розных бакоў яны робяць ціск на ўладу. У гэтай сытуацыі пэўныя саступкі тэарэтычна магчымыя — «добраму» Шумчанку.

Варта адзначыць, што кепскім фонам для канфлікту паміж ІП і ўладамі стаў пагром, учынены ўладамі Масквы супраць гандлёвых шапікаў у сталіцы Расеі. Ня тое, што Менск ва ўнутранай палітыцы раўняўся ці раўняецца на Маскву, але наступ расейскіх уладаў на «вашывых блохаў» надае імпэту беларускім у аналягічным наступе.

Цыганкоў: Ролю добрага сьледчага і злога сьледчага ні Шумчанка, ні Макаеў ня могуць выконваць. Ролю сьледчага тут будзе выконваць улада. Ці знойдзецца там добры сьледчы, ці будзе толькі злы — гэта мы яшчэ пабачым.

Карбалевіч: Ну, прозьвішча злога сьледчага мы ўсе добра ведаем. Я б хацеў зьвярнуць увагу на некалькі момантаў, аналізуючы гэтую акцыю. Найперш, ужо паўтара месяца ІП — у сытуацыі ліквідацыі, у сытуацыі немагчымасьці працаваць. І толькі праз паўтара месяца — першы мітынг пратэсту ў Менску. Гэта вельмі паказальная сытуацыя, яна шмат што кажа пра рэальны патэнцыял прадпрымальнікаў.

Другі момант — мітынг не на плошчы Бангалор, як прапаноўвала «Пэрспэктыва», а на Кастрычніцкай плошчы, у цэнтры Менску. Мітынг на Бангалоры мог бы стаць у пэўным сэнсе аддушынай, выпускам пары, але яго адмянілі. І мітынг адбыўся ў цэнтры гораду, побач з прэзыдэнцкай адміністрацыяй.

Трэці момант, вельмі важны — у мітынгу ўзялі ўдзел лідэры апазыцыі. Незразумела, колькі з той тысячы, што сабралася на плошчы, было прадпрымальнікаў, і як паўплывае ўдзел апазыцыі на агульны працэс. Думаю, значную частку ІП удзел апазыцыі напужае, і яны будуць баяцца ўдзельнічаць у такіх акцыях. Таму што ўлада на палітычныя акцыі рэагуе па-іншаму. Але, можа, гэта падштурхне ўладу да саступак? Яны могуць баяцца, што з дапамогай апазыцыі гэтыя акцыі пратэсту набудуць выразны палітычны зьмест. А тысяча ўдзельнікаў — гэта шмат ці не? Думаю, для першай акцыі гэта нямала. І цяпер усё залежыць ад таго, ці будзе гэты працэс мець працяг.

Дракахруст: Віталь, а якое ваша меркаваньне? Не зусім зразумела, якой будзе рэакцыя беларускіх уладаў, асабліва з улікам таго, што пратэст набыў выразную палітычную афарбоўку. Бо на прыступках Палацу Рэспублікі стаялі, вялі рэй апазыцыянэры. І гэта ўспрымаецца як апазыцыйны мітынг. А ісьці на саступкі апазыцыянэрам беларускія ўлады ня мелі звычкі шмат гадоў, у адрозьненьне, дарэчы, ад саступак індывідуальным прадпрымальнікам.

Цыганкоў: Так, трэба сказаць, што гэтыя дзьве плыні ў прадпрымальнікаў былі заўсёды, прынамсі, апошнія месяцы разьвіцьця гэтага канфлікту — я маю на ўвазе больш памяркоўную плынь, якая ўвасаблялася ў Анатолю Шумчанку, і плынь больш радыкальная, якая ўвасаблялася ў Аляксандру Макаеву. Сёньня я не чакаў у нашых умовах і ва ўмовах геаграфічнай кропкі — Кастрычніцкай плошчы — такой масавасьці. Тысяча на Кастрычніцкай плошчы даўно не зьбіралася, такога не было ад сьнежня 2010 году.

Магчыма, што і «Пэрспэктыва» на чале з Шумчанкам, больш памяркоўная плынь прадпрымальнікаў, пабачыўшы, што іншыя перахопліваюць ініцыятыву і іх пратэст людзі падтрымліваюць, таксама зьменяць сваю тактыку, бо дагэтуль у Шумчанкі была такая пазыцыя: мы ня зьвязваемся з палітыкамі, мы толькі зьбіраемся на дазволеныя ўладамі сходы ў памяшканьнях. А тут пратэст на Кастрычніцкай плошчы сабраў каля тысячы. Канечне, мы ня можам меркаваць, колькі на плошчы было апазыцыянэраў, а колькі прадпрымальнікаў, ва ўсякім разе прадстаўнікі розных рэгіёнаў выступалі, уздымалі рукі, і мне падаецца, як мінімум, 50 — 60% было менавіта прадпрымальнікаў на гэтай плошчы.

З другога боку, я па-ранейшаму застаюся скептычным наконт пэрспэктываў перамогі прадпрымальнікаў. Здаецца, пасьля таго, што неаднаразова было сказана і прадстаўнікамі ўлады, і асабіста Аляксандрам Лукашэнкам, на такое поўнае выкананьне іх патрабаваньняў, на поўную адмену ўказу ўлада ўжо ня пойдзе. Мне здаецца, гэта было сказана надзвычай выразна, проста і пераканаўча.

Дракахруст: А кампраміс? Звычайна ў такіх выпадках вынікам можа стаць кампраміс. Цыганкоў: Кампраміс можа быць, але ня ў форме адмены гэтага ўказу, а ў нейкай іншай форме.

Карбалевіч: Ня выключаны варыянт чарговай адтэрміноўкі на паўгода, напрыклад, уступленьня гэтага ўказу ў дзеяньне.

Цыганкоў: На гэты момант гэта будзе паразай улады. Ня думаю, што на гэта яны захочуць пайсьці.

Дракахруст: Наколькі можна меркаваць з словаў Шумчанкі, урадоўцы і прапаноўвалі адтэрміноўку ўказу дэ-факта, маўляў, мы ня будзем рабіць праверкі цягам паўгода, указ будзе дзейнічаць фармальна, а фактычна — не.

Цыганкоў: Такі варыянт можа быць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG