Прэзыдэнт Турэччыны паабяцаў адпомсьціць арганізатарам тэракту ў сталіцы краіны Анкары, у выніку якога загінулі па меншай меры 28 чалавек і 61 атрымалі раненьні.
Пра гэта паведамляе Бі-бі-сі.
«Турэччына не пасаромеецца скарыстацца сваім правам на самаабарону ў любы момант, у любым месцы і па любым выпадку», — гаворыцца ў заяве прэзыдэнта Рэджэпа Эрдагана.
Тэракт адбыўся непадалёк ад будынкаў парлямэнта і генштабу. Начынены выбухоўкай аўтамабіль выбухнуў, калі міма праяжджалі аўтобусы з вайскоўцамі, заяўляе канцылярыя губэрнатара Анкары.
Адказнасьць за арганізацыю тэракту ніхто на сябе ня браў. Службы бясьпекі вінавацяць як экстрэмістаў так званай «Ісламскай дзяржавы», так і Рабочую партыю Курдыстана.
Відавочцы паведамляюць, што выбух быў чутны амаль па ўсім горадзе. Некаторыя з загінулых былі цывільнымі асобамі.
Прэзыдэнт Эрдаган адклаў свой візыт у Азэрбайджан, а прэм’ер-міністар Турэччыны Ахмэт Давутаглу адмяніў сваю паездку ў Брусэль, дзе ён павінен быў абмяркоўваць пытаньне міграцыі ў Эўропу.
За апошні час на тэрыторыі Турэччыны быў зьдзейсьнены шэраг падобных тэрарыстычных нападаў, і аглядальнікі асьцерагаюцца, што гэта працягнецца.