Міністар эканомікі Беларусі Ўладзімер Зіноўскі распавёў пра пляны падвышэньня аплаты за жыльлёва-камунальныя паслугі ў Беларусі, перадае БЕЛТА.
«Пакрыцьцё тарыфаў на ЖКП насельніцтвам плянуецца ажыцьцявіць у тры этапы: канец 2016 году — выхад на 50% кампэнсацыі выдаткаў, канец 2017 году — на 75%, да канца 2018 году — на 100%», — заявіў Зіноўскі.
У 2015 годзе беларусы пакрывалі 30% затратаў на камунальныя паслугі.
Таксама ў 2016 годзе заплянаванае зьніжэньне затратаў на жыльлёва-камунальныя паслугі на 15%, далей да 2020 году — па 5% штогод. Акрамя таго, кажа Зіноўскі, працэс падвышэньня аплаты за «камуналку» будзе адбывацца адначасова за зьніжэньнем сабекошту і перакрыжаванага субсыдаваньня, ростам адраснай сацыяльнай падтрымкі (ад 1 траўня для сем’яў з прыбыткам менш за мінімальную зарплату паводле падлікаў Tut.by). Апошняе міністар назваў сыстэмнай задачай на 2016 год.
Раней Калінін абяцаў, што павялічэньне тарыфаў на «камуналку» адбудзецца толькі 1 студзеня 2016 году (тады «жыроўкі» вырасьлі амаль удвая), і на гэтым узроўні цэны павінны захавацца на працягу ўсяго году. Але на 100%-ную аплату камунальных паслуг раней плянавалася перайсьці ў 2017 годзе.