Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Павышэньне камунальных тарыфаў — гэта замах на сьвятое


Тры пытаньні для трох аналітыкаў: Уладзімер Глод, Юры Дракахруст, Валер Карбалевіч.

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Карбалевіч: Як вядома, канструкт сацыяльнай дзяржавы — адно з галоўных апірышчаў існага рэжыму. Паводле афіцыйных прапагандысцкіх клішэ, у іншых краінах кіраўніцтва кінула свае народы ў дзікі капіталізм, там людзі вымушаны выжываць як могуць. І толькі ў беларускай сацыяльнай дзяржаве, дзяржаве для народа, урад клапоціцца пра насельніцтва, асабліва, як кажа Лукашэнка, пра старых і дзяцей.

Але ў рэальнасьці сёньня з элемэнтаў сацыяльнай дзяржавы фактычна засталіся толькі нізкія камунальныя тарыфы і нізкія цэны на грамадзкі транспарт. Плюс бюджэтная падтрымка дзяржаўнага сэктару ў прамысловасьці і сельскай гаспадарцы, якая, часткова, выконвае і сацыяльную функцыю.

І вось пад уплывам эканамічнага крызісу і пад ціскам замежных крэдытораў (і МВФ, і ЭФСР — Эўразійскага фонду стабілізацыі й разьвіцьця) улады пайшлі на падвышэньне камунальных тарыфаў. За студзень тыя вырасьлі на 40–70%. Рост складае ад 150 тыс. да 300 тыс. рублёў. Прычым гэта толькі пачатак. У праграме ўраду на пяцігодку, якую ён зьбіраецца прапанаваць парлямэнту, заплянавана, што да канца году беларусы будуць кампэнсаваць палову кошту «камуналкі», а да 2018 году — 100 працэнтаў.

З гледзішча беларускай ідэалёгіі — гэта замах на сьвятое, гэта разбурэньне апошніх падвалін сацыяльнай дзяржавы. Прычым гэта тычыцца ня нейкіх асобных слаёў насельніцтва, кшталту ІП, гэта адбываецца не на адным прадпрыемстве ці горадзе. Гэта ўдар фактычна па ўсім насельніцтве краіны.

Прычым улады адмаўляюцца рэфармаваць сыстэму ЖКГ, ліквідаваць манаполію дзяржавы ў гэтым сэктары, дапускаць туды прыватны бізнэс. Гаворка ідзе пра тупое, банальнае падвышэньне платы за паслугі.

У 2002 годзе пасьля рэзкага падвышэньня камунальных тарыфаў рэйтынг Лукашэнкі адразу ўпаў да 26%. Думаю, і цяпер удар па іміджы архітэктара беларускай сацыяльнай мадэлі будзе значны. А ваш прагноз, калегі?

Юры Дракахруст
Юры Дракахруст

Дракахруст: Такое рэзкае падвышэньне тарыфаў сьведчыць пра тое, што МВФ дасьць грошы. Бо вядома, што МВФ заўсёды патрабуе: насельніцтва павінна плаціць камунальныя тарыфы 100 адсоткаў. Летась Украіна вельмі істотна падымала тарыфы, нягледзячы на дэвальвацыю грыўні. Я ня думаю, што беларускія ўлады будуць звальваць віну за рост тарыфаў на МВФ.

Так, было падзеньне рэйтынгу. Але ўзьнікае пытаньне наконт будучыні Беларусі. Мы заўсёды глядзім на яе ў двух кірунках: або ўсё ціха, схавана і ніхто не варушыцца, або Майдан, рэвалюцыя. У некаторых краінах, як мы памятаем, так і было. Напрыклад, у Румыніі ў апошнія часы Чаўшэску — маленечкая запалка запаліла пажар. У арабскіх краінах тое самае. Але ёсьць і трэці шлях: краіны жывуць зь нізкімі рэйтынгамі кіраўнікоў, у ліхаманцы мікрапратэстаў, часам шматлікіх — але, як той казаў, ліхаманка — гэта ня рак у тэрмінальнай стадыі.

Уладзімер Глод
Уладзімер Глод

Глод: Калі сёньня я зазірнуў у паштовую скрыню, то не знайшоў жыроўкі. Гэта таму, што зараз яна будзе больш складаная, зьявяцца новыя разьдзелы. Патрэбны час, каб падлічыць, скласьці яе ў новым варыянце. Таксама ўлада ня будзе сьпяшацца іх раскідваць, каб ня даць людзям больш часу іх абмяркоўваць. Пакуль папярэднія лічбы, колькі там што будзе каштаваць — гэта тэорыя, а практыка будзе тады, калі кожны атрымае гэтую паперу.

Хачу зьвярнуць увагу на тое, што сапраўды ўлады ня будуць усё сьпісваць на МВФ. Афіцыйная прапаганда пачала казаць вось як: не пра тое, што МВФ вымушае, што мы хочам атрымаць крэдыт, таму мусім выканаць патрабаваньні па ЖКГ і транспарце, а пра тое, што гэта ёсьць сацыяльная справядлівасьць. А наступны крок будзе такі: паглядзім, хто жыве ў цагляным доме, а хто ў блёчным. І сёньня гавораць: у каго большая плошча, той і плаціць будзе болей. Такім чынам, уся ідэалягічная палітыка Лукашэнкі захоўваецца і ў такім хітрым выглядзе падаецца.

Дракахруст: Не выключаю, што адным з наступстваў гэтага будзе падзеньне рынку нерухомасьці. Людзі, асабліва бедныя, будуць прадаваць кватэры, купляць меншыя, таму што плаціць будзе цяжка.

Глод: Жывы факт: знаёмая расказала, што ўжо другі год спрабуе прадаць сваю кватэру. Вельмі добрая кватэра, пачынала прадавацца за 90 тысяч, сёньня за яе не даюць і 70 тысяч. Кошты валяцца, у людзей грошай няма. Будзе выстаўляцца нерухомасьць усялякай якасьці. Гэты працэс ужо пачаўся і будзе набіраць тэмпы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG