Бязмытны ўвоз міжнародных пасылак у Беларусь абмежаваны 22 эўра і 10 кг (раней былі 200 эўра і 31 кг).
Адпаведны ўказ № 40 кіраўнік дзяржавы падпісаў 11 лютага, паведамляе Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал.
«Устаноўлена, што мытныя плацяжы не выплачваюцца ў дачыненьні да тавараў для асабістага карыстаньня, якія перасылаюцца ў міжнародных паштовых адпраўленьнях на працягу каляндарнага месяца ў адрас адной фізасобы, якая знаходзіцца на тэрыторыі рэспублікі, і (або) увозяцца на тэрыторыю краіны на працягу каляндарнага месяца ў адрас аднаго атрымальніка ў якасьці тавараў, якія дастаўляюцца перавозчыкам, калі мытны кошт такіх тавараў у сукупнасьці не перавышае суму, эквівалентную 22 эўра, і агульная вага ў сукупнасьці не перавышае 10 кіляграмаў», — гаворыцца ў дакумэнце.
Указ уступае ў сілу праз два месяцы пасьля яго афіцыйнага апублікаваньня.
Раней старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч заявіў, што пасылкі з таварамі з-за мяжы, замоўленымі праз інтэрнэт-крамы, абвалілі беларускі гандаль і стварылі праблемы для прамысловасьці.
Наша даведка:
Паводле дамовы, якую падпісалі партнэры па Мытным саюзе ў чэрвені 2010 году, нормы тавараў для асабістага карыстаньня, якія пасылаюцца (дастаўляюцца перавозчыкам) на адрас фізычнай асобы былі такія: мытная вартасьць у эквіваленце 1000 эўра і вага ня больш за 31 кіляграм раз на месяц.
У траўні 2015 году міністар фінансаў Казахстану выдаў указ, які ўдакладняў, што таварамі для асабістага карыстаньня ня лічацца паўфабрыкаты і сыравіна або камплектуючыя для далейшай вытворчасьці. Устанаўлівалася таксама, што норма тавараў для асабістага карыстаньня не перавышае дзьве адзінкі (у выпадку адзеньня і пад.) або адной адзінкі (у выпадку бытавой тэхнікі).
Пад канец 2015 году Расея прапанавала партнэрам па ЕАЭС увесьці адзінае правіла, каб інтэрнэт-пасылкі замежных крамаў вартасьцю да 22 эўра увозіліся бяз мыта, а заказы ад 22 да 150 эўра абкладаліся па адзінай стаўцы 10-15 эўра. На пасылкі даражэйшы за 150 эўра адпаведна падатак 10-15 эўра плюс 30 працэнтаў ад мытнага кошту.