Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць, што такі ўказ прыняты, бо «беларуская лёгкая прамысловасьць ляжыць і ня дрыгаецца».
«Гэта спроба праз пратэкцыянісцкія меры стварыць попыт на іх тавары. Гэта сьведчыць пра тое, што Беларусь ігнаруе нормы, якія існуюць у Мытным саюзе, згодна зь якімі ў Расеі такія ліміты складаюць тысячу эўра. У Беларусі было 200, а цяпер 22 эўра. Па сутнасьці гэта вядзе да яшчэ большага закрыцьця мяжы.
Гэта ўвядзеньне таварнай жалезнай заслоны.
Гэта прывядзе да таго, што людзі будуць рэгістраваць пасылкі на нейкія адрасы ў Расеі і правозіць сюды. І людзі будуць толькі яшчэ больш ненавідзець тое, што адбываецца ў краіне. Бо ў крызіс людзі маглі яшчэ купляць нейкія тавары танна. А цяпер дзяржава сваімі рукамі робіць усё так, каб людзі набывалі як мага даражэй і толькі тое, што чыноўнікі лічаць мэтазгодным.
Такога кшталту рашэньні — гэта зьдзек зь людзей, якія перажываюць крызіс. Замест таго, каб выказаць нейкую салідарнасьць зь імі, улады паказваюць зубы свайго фіскалізму».
З 11 красавіка бязмытны ўвоз міжнародных пасылак у Беларусь будзе абмежаваны 22 эўра і 10 кг (раней было 200 эўра і 31 кг).