Амэрыканскія сэнатары ў сераду адзінадушна ўхвалілі законапраект, якім прадугледжваецца пашырэньне рэжыму санкцыяў супраць тых, хто мае дачыненьне да паўночнакарэйскай ядзернай праграмы, парушэньня правоў чалавека і кібэратак.
Згодна з гэтай прапановай, аб’ектам амэрыканскіх санкцыяў стануць паўночнакарэйскія і замежныя грамадзяне, якія спрыяюць перадачы Пхеньяну кампанэнтаў, неабходных для стварэньня зброі масавага паражэньня, узбраеньняў, прадметаў раскошы, а таксама тыя, хто мае дачыненьне да парушэньня правоў чалавека ў Паўночнай Карэі і да дзейнасьці па падрыве кібэрбясьпекі. На амэрыканскія актывы людзей, што трапяць пад санкцыі, будзе накладзены арышт, ім будзе адмоўлена ў візах і амэрыканскіх кантрактах.
Паводле словаў ініцыятараў законапраекту, яны хацелі даць сыгнал пра сур’ёзнасьць намераў ЗША перш за ўсё Кітаю і некаторым іншым урадам, якія супрацоўнічаюць з Пхеньянам. Сэнатар-дэмакрат Бэн Кардзін выказаў надзею, што на падобныя захады пойдуць і іншыя краіны.
«Гэтыя захады будуць нашмат больш эфэктыўнымі, калі міжнародная супольнасьць падтрымае нас», — заявіў Кардзін.
Ён правёў паралелі зь міжнароднымі санкцыямі супраць Ірану і Паўднёвай Афрыкі, якія прымусілі іх урады зьмяніць паводзіны.
Раней падобны законапраект зацьвердзілі сябры Палаты прадстаўнікоў. Сэнат прыняў сваё рашэньне праз два дні пасьля запуску Паўночнай Карэяй штучнага спадарожніка Зямлі, які, на думку Вашынгтона, на самай справе ўяўляў сабой выпрабаваньне міжкантынэнтальнай балістычнай ракеты. Некалькімі днямі раней Паўночная Карэя зрабіла падземны ядзерны выбух.
Прэзыдэнт Абама, як чакаецца, падпіша ўзгоднены абедзьвюма палатамі Кангрэсу законапраект.