У інтэрнэце не сьціхае абмеркаваньне таго, што жыхары анэксаванага Расеяй Крыму не маглі галасаваць у паўфінале ўкраінскага адбору на «Эўрабачаньне-2016», які адбыўся 6 лютага ў Кіеве.
Журы вызначыла першую тройку фіналістаў, якую ўзначаліла ўкраінская сьпявачка крымскататарскага паходжаньня Джамала.
У сацыяльных сетках крымчане выказалі сваё абурэньне тым, што не маглі падтрымаць сваіх ўлюбёных выканаўцаў, а Мэджліс крымскататарскага народу з гэтай нагоды зьвярнуўся да арганізатараў нацыянальнага сьпеўнага конкурсу.
«1944» — песьня з такой назвай, якую Джамала прасьпявала падчас паўфіналу ўкраінскага адбору на «Эўрабачаньне-2016», выклікала шквал авацый. Сьпявачка Руслана, якая была ў журы, пляскала крымскататарскай сьпявачцы стоячы.
«Ты сёньня мне музыкай дала зразумець боль ад таго, што мы страцілі Крым. Я проста плакала разам з табой,» — сказала Руслана пасьля выступу Джамалы.
Джамала выйшла ў фінал Нацыянальнага адбору на «Эўрабачаньне-2016» з найбольшай колькасьцю балаў ад гледачоў і судзьдзяў — 18. Грамадзяне Ўкраіны галасавалі смс-камі. Тое, што Крым ня мог галасаваць, выклікала шквал абурэньня.
Калі Крым ня можа галасаваць на такіх ўкраінскіх конкурсах, то мы нібыта маўкліва згаджаемся з тым, што Крым не зьяўляецца Ўкраінай.
«У паўфінале галасавала больш чым 166 000 грамадзян Украіны. Крым быў адрэзаны, крымчане не мелі магчымасьці прагаласаваць. Я проста ўпэўнены, што калі б Крым меў магчымасьць галасаваць, то мы мелі б яшчэ як мінімум 100 000 галасоў. Калі Крым ня можа галасаваць на такіх ўкраінскіх конкурсах, то мы нібыта маўкліва згаджаемся з тым, што Крым не зьяўляецца Ўкраінай. Мы рыхтуем ліст арганізатарам конкурсу, каб крымчане маглі галасаваць, як за паўфіналы ва Ўкраіне, так і за фінал, і на „Эўрабачаньні“ як грамадзяне Украіны. Будзем старацца!» — заявіў старшыня Мэджлісу крымскіх татараў Рэфат Чубараў у інтэрвію Радыё Свабода.
Сама Джамала паведаміла, што яна адчувала падтрымку крымчан. Сьпявачка распавяла Радыё Свабода, што гэтую песьню аб дэпартацыі напісала яшчэ паўтара году таму.
Гэта сапраўды песьня аб маёй сям’і.
«Мне вельмі шкада. Я ведаю, што ў мяне вельмі шмат прыхільнікаў менавіта ў Крыме. Мне вельмі многія людзі пісалі, што яны дасылалі смс-кі ўсё роўна, таму што гэта мяне падтрымлівае. Я ім кажу — вы ж грошы трацілі дарма, смс-кі не залічваюцца, а яны казалі, што ўсё роўна пасылалі. Гэта сапраўды песьня аб маёй сям’і, пра маю хартанашку [бабулю — РС]. Я не магла пра гэта не напісаць. Я сапраўды перажывала гэтую гісторыю і на сцэне, і калі пісала. Гэта песьня-прысьвячэньне. Мне было цяжка яе сьпяваць. Я вельмі рада, што яе Ўкраіна так успрыняла — столькі галасоў, столькі смс, водгукаў. Мне ўсё роўна — паеду я на конкурс ці не — я адчула, што я сапраўды распавяла гэтую гісторыю. Калі я сьпявала, я сьпявала менавіта сваёй хартанашцы» — сказала сьпявачка.
Крымскататарская выканаўца нагадала, што ўся яе сям’я цяпер жыве ў акупаваным Крыме, і яна вельмі хвалюецца за іх. Сьпявачка заклікала памятаць пра трагедыю 1944 заўсёды, а ня толькі 18 траўня.
Мне б не хацелася, каб гісторыя паўтаралася.
«Цяпер крымскія татары знаходзяцца на акупаванай тэрыторыі, ім вельмі цяжка. Яны адчуваюць вельмі вялікі прэсінг, яны бясьсьледна зьнікаюць. І гэта страшна, мне б не хацелася, каб гісторыя паўтаралася» — адзначыла Джамала.
Наступны паўфінал нацыянальнага адбору ва Ўкраіне адбудзецца 13 лютага, а фінал — 21 лютага. Па выніках глядацкага і судзейскага галасаваньняў падчас наўпроставых эфіраў вызначаць імя таго, хто будзе прадстаўляць Украіну на «Эўрабачаньні-2016».
61-ы міжнародны песенны конкурс «Эўрабачаньне-2016» адбудзецца ў Стакгольме (Швэцыя) у траўні. У гэтым годзе ў конкурсе возьме ўдзел рэкордная колькасьць сьпевакоў — з 43 краінаў сьвету.
Украіна летась ня брала ўдзелу ў конкурсе «Эўрабачаньне» (тады такое рашэньне было прынятае ў сувязі са складанай сытуацыяй у краіне і недахопам сродкаў).