Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія школьнікі стварылі пэтыцыю супраць поўнай канфіскацыі тэлефонаў у школе


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Дзецям ня проста забараняюць карыстацца тэлефонамі ў часе заняткаў, а адбіраюць на ўвесь час знаходжаньня ў школе. Пэтыцыя набрала пэўную колькасьць подпісаў, але пасьля розгаласу яе выдалілі.

У менскай школе № 38 бацькоўскі камітэт 27 студзеня пастанавіў забараніць вучням карыстацца мабільнымі тэлефонамі. Як толькі дзеці апынаюцца ў школе, гаварылася на яе сайце, яны павінны патэлефанаваць дамоў, выключыць тэлефон і здаць яго кляснаму кіраўніку. Тэлефоны ім вяртаюць толькі па заканчэньні заняткаў. За парушэньне вучняў і іх бацькоў маюць прыцягваць да «дысцыплінарнага спагнаньня».

Адна зь дзесяціклясьніц, незадаволеная такім правілам, стварыла пэтыцыю на change.org, якую праз пэўны час заўважылі беларускія СМІ.

«Адміністрацыя нашай школы патрабуе, каб вучні здавалі свае тэлефоны на ўвесь школьны дзень, — гаварылася ў пэтыцыі. — Згадзіцеся, што тэлефон, канечне, можа адцягваць увагу ад навучальнага працэсу, але толькі ў тых, у каго адсутнічае матывацыя. Таму яны знойдуць іншыя спосабы заняць сябе замест вучобы. Бо, як кажуць, сьвіньня паўсюль бруд знойдзе. Але тэлефон можа прыносіць і карысьць: на перапынку можна пачытаць улюбёную кніжку ў электронным варыянце, паслухаць музыку разам зь сябрамі, на ўроку — сфатаграфаваць хатняе заданьне, матэрыял з дадатковай літаратуры, у выпадку форс-мажору — патэлефанаваць бацькам. Акрамя таго, тэлефон — гэта рэч, у якой утрымліваецца шмат вельмі асабістай інфармацыі».

Пэтыцыю закрылі, уласны сайт абверглі, з аўтаркай «пагутарылі»

Дырэктар школы Андрэй Гоцман сказаў onliner.by, што інфармацыя на сайце школы была памылковая і што здаваць тэлефоны настаўніку не патрабавалася — толькі адключаць іх на час урокаў. З аўтаркай пэтыцыі, кажа ён, «размаўлялі», бо «так атрымалася, дзяўчына не да канца разабралася ў рашэньнях, прынятых бацькоўскім камітэтам, але склала такі вось зварот, эмацыйны чалавек». Імя дзяўчыны не называлася.

Пасьля шэрагу публікацыяў у СМІ пэтыцыю закрылі, а інфармацыю пра тое, што тэлефоны абавязкова трэба здаваць, выдалілі з сайту школы (але яна засталася ў кэшы Google). Тэлефоны адміністрацыі школы пасьля закрыцьця пэтыцыі не адказвалі.

Настаўніцкія нэрвы і лічбавая дыскрымінацыя

Марына, настаўніца ў адной са школаў Менскага раёну, кажа Свабодзе, што настаўнікі часта наракаюць на вучняў, якія карыстаюцца тэлефонамі дзеля забавы на ўроках:

«Гэта насамрэч праблема, яны іх не хаваюць нават, проста пасярод урокаў у іх сядзяць.

Нічога незвычайнага зь імі ня робяць, проста забіраюць тэлефоны. Старшаклясьнікі, я бачыла, часам карыстаюцца пляншэтамі з падручнікамі — калі насамрэч для гэтага карыстаюцца, то некаторыя настаўнікі нармальна да гэтага ставяцца. Але наагул гэта такія нэрвы з тэлефонамі, што хадзілі размовы, у тым ліку з бацькамі, каб на ўроках дзеці здавалі настаўнікам тэлефоны. На перапынках мо і хай дастаюць, але на ўроках было б карысна, каб аддавалі».

Натхняльнік беларускага Пірацкага руху Міхаіл Волчак бачыць у змаганьні настаўнікаў са смартфонамі зусім іншы аспэкт і гатовы падтрымаць пэтыцыю:

«Мабільныя прылады падрываюць кансэрватыўную, аўтарытарную ўладу, у тым ліку інтэлектуальную ўладу настаўніка. Магчыма, у гэтым асноўны страх. Калі казаць пра прыватнасьць, тут хутчэй пытаньне аўтаномнасьці і выхаваньня дэмакратычных каштоўнасьцяў у навучэнцаў. Адна справа, калі дзеці падпарадкоўваюцца, іншая справа — калі яны паўстаюць і жадаюць супольнага вырашэньня праблемы.

Цяпер вучні, выкарыстоўваючы сучасныя тэхналёгіі, могуць хутчэй знаходзіць і аналізаваць інфармацыю, чым выкладчык старой загартоўкі.

Мабільнікі дапамагаюць вучням фармаваць свае супольнасьці. І гэта вельмі важна. Таму Піраты падтрымліваюць гэтае жаданьне вучняў мець кантроль над сваёй камунікацыяй і тэхналёгіямі. І гатовыя дапамагчы ў прасоўваньні пэтыцыі ў падтрымку іх права на доступ да Сеціва.

Тут пытаньне, чаму за доўгія гады, ужо каля 10 гадоў, адукацыйная сыстэма ня выпрацавала, як можна ўжываць мабільнікі, пляншэты дзеля карысьці. А менавіта — мабільнікі дапамагаюць рабіць відэа- і аудыёзапіс заняткаў, фатаграфаваць матэрыялы, разьвіваюць пошукавыя навыкі. Іншымі словамі, ёсьць глеба для інтэграцыі лічбавых дэвайсаў у адукацыйны працэс. Гэта ўнікальная зьява, якую ня выкарыстаць нашай базавай адукацыі — вельмі неабачліва, улічваючы яе матэрыяльна-тэхнічны стан.

На мой погляд, у гэтай сытуацыі варта больш думаць, як арганізаваць дэмакратычны працэс у школе і як пераадолець лічбавую дыскрымінацыю.

Па-першае, вядома, што для ўстойлівага разьвіцьця лічбавых тэхналёгіяў патрэбнае супольнае абмеркаваньне і прыняцьцё рашэньняў на роўных умовах школьнікамі, бацькамі, адміністрацыяй школаў. Тым больш, фармаваць новую палітыку школы можна, выкарыстоўваючы тыя самыя лічбавыя тэхналёгіі.

І другі, ня менш значны момант, — як даць магчымасьць тым вучням, у каго няма патрэбных пляншэтаў і мабільнікаў, выкарыстоўваць гэтыя моцныя бакі сучасных тэхналёгіяў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG