Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускае вымаўленьне — самае складанае для расейца» — выкладчык беларускай мовы ў Маскве


Антон Сомін
Антон Сомін

«Першыя заняткі прайшлі нават лепш, чым я чакаў. Мы чыталі простыя беларускія словы і вучыліся вітацца. Вельмі прыемна, што людзі, якія жывуць у Маскве, жадаюць вывучыць беларускую мову, прыходзяць на курсы, слухаюць, занатоўваюць, спрабуюць пераняць беларускае вымаўленьне. Трэба сказаць, гэта ўражвае», — падзяліўся з Радыё Свабода выкладчык курсаў беларускай мовы ў межах маскоўскага праекту «Школа мовы суседзяў» Антон Сомін.

1 лютага ў Маскве стартавалі бясплатныя заняткі для жадаючых вывучаць адну зь дзесяці моваў краін СНД. Праект называецца «Школа моваў суседзяў». У межах яго масквічы будуць вучыць азэрбайджанскую, армянскую, беларускую, казахскую, кыргыскую, малдаўскую, узбэцкую, таджыцкую, туркмэнскую і ўкраінскую мовы.

Усе студэнты прайшлі адбор на падставе матывацыйных лістоў. З 30 чалавек прынятыя на вучобу 12 чалавек.

Збольшага прыйшлі людзі, якія ніколі не карысталіся беларускай мовай — фактычна з нулявым узроўнем.

«Збольшага прыйшлі людзі, якія ніколі не карысталіся беларускай мовай — фактычна з нулявым узроўнем. Але ў большасьці — беларускія карані. Што, зрэшты, і стала прычынай жаданьня вывучыць беларускую мову. Нехта бываў у Беларусі дзіцём, калі наведваў дзядоў. Адзін студэнт узгадваў, што вельмі любіў часопіс „Вожык“, які выходзіў на беларускай мове. У якасьці выключэньня магу адзначыць двух студэнтаў, якія зьўляюцца лінгвістамі, вывучаюць славянскія мовы і адпаведна нешта ведаюць па-беларуску», — тлумачыць Антон Сомін, які сам паводле адукацыі і прафэсіі зьяўляецца соцыялінгвістам.

Студэнты, якія прыйшлі вучыць беларускую мову, збольшага не кіраваліся практычнымі мэтамі:

Нехта хоча стаць бліжэй да сваіх каранёў. Нехта хоча вывучыць мову, якая ім калісьці спадабалася.

«Нехта хоча празь беларускую мову даведацца пра культуру Беларусі. Нехта хоча стаць бліжэй да сваіх каранёў. Нехта хоча вывучыць мову, якая ім калісьці спадабалася. Напрыклад, сярод маіх студэнтаў, ёсьць галоўны бухгалтар — жанчына каля 50 гадоў, якая ня мае ніякай сувязі зь Беларусьсю, але хоча, каб беларуская мова ня зьнікла і робіць свой унёсак у гэтую справу. Разам з тым, ёсьць малады чалавек, які зьбіраецца перакладаць вершы зь беларускай на рускую, таксама ёсьць некалькі лінгвістаў».

Антон Сомін адзначае, што ў яго слухачоў няма нэгатыўнага стаўленьня да нюансаў беларускага вымаўленьня — выбухнога «г», дзеканьня і цеканьня, якія часта выкрываюць беларуса, нават калі той гаворыць па-расейску. Тым больш, студэнты не баяцца «заразіцца» такім вымаўленьнем:

Я не магу казаць за ўсіх расейцаў, але для маіх студэнтаў беларуская мова мае толькі станоўчыя эмоцыі

«Нават калі б яны пажадалі пераняць беларускае вымаўленьне, то ў іх гэта не атрымаецца. Прынамсі, адразу. Фанэтыку чужой мовы вельмі складана засвоіць. Але я адзначыў, што для слухачоў курсаў гучаньне беларускай мовы — гэта нешта вельмі прыемнае, для кагосьці зьвязанае зь дзяцінствам. На перапынку студэнты гаварылі паміж сабой, што беларуская мова гучыць вельмі мякка, вельмі прыгожа, і шкада, што не атрымліваецца вымаўляць так, як трэба. Я не магу казаць за ўсіх расейцаў, але для маіх студэнтаў беларуская мова мае толькі станоўчыя эмоцыі».

Лічыцца, што расейцу разумець беларускую мову складаней, чым беларусу — ўкраінскую. Беларус хутчэй, чым расеец, загаворыць па-чэску ці па-польску — таму што ў нас ад нараджэньня ёсьць досьвед карыстаньня прынамсі дзьвюма славянскімі мовамі. Але нягледзячы на гэта выкладчык ужо на першых занятках гаварыў толькі па-беларуску. Вынікам, як ён кажа, застаўся задаволены.

«Падчас першага дня заняткаў я адразу перайшоў на беларускую мову і тлумачыў усё па-беларуску. І здаецца, што праблем з разуменьнем не было, ці амаль не было. Вядома, былі незнаёмыя словы. І іх перапытвалі. Таму разумець можна, але трохі складана».

Неўзабаве ў маскоўскім выдавецтве «Живой язык» выйдзе напісаны Антонам Соміным падручнік для самастойнага вывучэньня беларускай мовы — «Белорусский язык. Самоучитель для руссскоязычных».

«Гэта ня першы падручнік для расейскамоўных. Але іх няшмат. Мой дапаможнік адрозьніваецца тым, што там выкладаецца ня толькі афіцыйны стандарт мовы, але і клясычная вэрсія — „тарашкевіца“».
Антон Сомін перакананы, што попыт на дапаможнік будзе і ў Расеі, і ў Беларусі:

Мае знаёмыя прасілі высылаць ім часткі рукапісу кнігі, каб яны маглі пачаць вучыць беларускую мову.

«Мае знаёмыя прасілі высылаць ім часткі рукапісу кнігі, каб яны маглі пачаць вучыць беларускую мову. Пасьля мы маім водгукі ад людзей, якія не патрапілі на курсы. Маё адчуваньне, што попыт будзе. Прынамсі, ёсьць тыя, хто хоча вучыць. І гэтая колькасьць не абмяжоўваецца студэнтамі маіх курсаў».

Курсы будуць цягнуцца чатыры месяцы. Пасьля іх завяршэньня Антон Сомін мяркуе распавесьці студэнтам пра курсы «Мова ці кава», якія штотыдзень адбываюцца ў маскоўскіх кавярнях у выглядзе дыскусій і абмеркаваньняў — для тых, хто ўжо здольны размаўляць на беларускай мове.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG