Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве скарачаюць школы. Бацькі супраць


Хваля скарачэньня колькасьці школ (якое ўлады называюць «аптымізацыяй) зь вёсак дакацілася да абласных цэнтраў. У Магілёве аб’ядноўваюць дзьве школы. Афіцыйна тлумачыцца: школы малакамплектныя, і праз гэта марнуюцца бюджэтныя сродкі. Бацькі аб’яднаньнем незадаволеныя, аднак прызнаюцца: іхная нязгода не паўплывае на рашэньне чыноўнікаў. Да нашай думкі не прыслухоўваюцца, заяўляюць людзі.

Пра аб’яднаньне дзясятай і адзінаццатай школ, кажуць бацькі, чуткі хадзілі даўно, аднак веры ім не было. Заяўленыя намеры ўлады — «аптымізаваць» навучальныя ўстановы — бацькам не даспадобы. І хоць у школах прайшлі сходы, на якіх чыноўнікі даводзілі неабходнасьць такога кроку, бацькоў яны не супакоілі. Незадаволенасьць засталася.

Дзясятая школа. Від з тылу. Вокны замененыя часткова. Будынак пашарпаны
Дзясятая школа. Від з тылу. Вокны замененыя часткова. Будынак пашарпаны

«Людзі заўжды дзяліліся, умоўна кажучы, на інтэлектуалаў і рабацяг, і такая ўжо тут склалася традыцыя, што дзяцей з больш высокімі здольнасьцямі да навучаньня аддавалі ў дзясятую школу. Там і француская мова — як профільная. А вось у адзінаццатую школу ішлі ўсе астатнія, — выказвае сваю пазыцыю маці вучня зь дзясятай школы.

Разумная гэта традыцыя ці не, дадае жанчына, але яна існавала здавён. «У нашым раёне імкнуліся аб’ядноўвацца паводле інтэлектуальных здольнасьцяў дзяцей», — кажа суразмоўніца.

Дзясятая школа. Від з вуліцы Чалюскінцаў. Будынак прыхарошаны
Дзясятая школа. Від з вуліцы Чалюскінцаў. Будынак прыхарошаны

«Дзясятая школа — з францускім ухілам. Вучняў у клясах няшмат, і гэта выдатна, — кажа маці яшчэ аднаго вучня. — У такім выпадку больш увагі аддаецца канкрэтнаму школьніку, а як клясы будуць перапоўненыя, па трыццаць чалавек, то гэта, зразумела, зусім кепска. Лепей гэтае аб’яднаньне не праводзіць».

Адзінаццатая школа. Плянавалася, што тут будзе шпіталь
Адзінаццатая школа. Плянавалася, што тут будзе шпіталь

«Бацькі супраць аб’яднаньня, — заяўляе маці вучаніцы з адзінаццатай школы. — Мяне задавальняла, што ў школе была адна зьмена, а цяпер, кажуць, будзе дзьве. У зьвязку з гэтым столькі нязручнасьцяў узьнікае. Якая школа стане базавай для аб’яднаньня — невядома. Як адзінаццатая, дык буду ўсё ж задаволеная, але я катэгарычна супраць дзясятай. Вы ж параўнайце тэрыторыю адзінаццатай і дзясятай школы. Каля дзясятай адразу дарога, і ўсё».

Двор адзінаццатай школы
Двор адзінаццатай школы

Непакоіць бацькоў і стрэс, які перажывуць іхныя дзеці, калі давядзецца перайсьці ня толькі з аднаго клясу ў другі, але і з адной школы ў другую. «Няхай бы ўсё як было, гэтак і заставалася», — сказаў журналісту бацька вучня.

Бацькі настойваюць: улада хоча зэканоміць у крызіс сродкі на рамонт будынку дзясятай школы.

«Праблема не ў самім аб’яднаньні, а ў рэканструкцыі будынку школы, — мяркуе маці, сын якой вучыцца ў дзясятай школе. — Мы тут жывём больш за дваццаць гадоў, і ні разу не было рамонту школы. Вокны замененыя толькі часткова. Некалькі год таму школа зачынялася, і ўжо тады было меркаваньне, што дзеці туды больш ня вернуцца. Падвалы падтопліваюцца. Адзінаццатая — таксама стары будынак, але больш дагледжаны».

Нягледзячы на незадаволенасьць, бацькі перакананыя, што чыноўнікі свае пляны ажыцьцявяць. «Калі надумалі, то аб’яднаюць», — выказала агульны настрой адной фразай маці вучаніцы з адзінаццатай школы.

Маці вучня зь дзясятай школы дадала: «Выходзіць, нашы дзеці вучыліся ў будынку школы, як на парахавой бочцы, і калі б ня крызіс, то і працягвалі б...»

У дзясятай школе вучыцца дзьвесьце вучняў, у адзінаццатай — чатырыста. Абедзьве разьлічаныя на шэсьцьсот школьнікаў. Афіцыйна аб’яднаньне тлумачыцца малой напаўняльнасьцю клясаў і неэфэктыўным расходаваньнем бюджэтных сродкаў. Пра тое, што школы аб’яднаюць, чыноўнікі гавораць як пра зьдзейсьнены факт. Створаная камісія павінна вызначыць, якая са школ стане базавай:

«Мы будзем ацэнку праводзіць па стане школ. У якім стане апорныя канструкцыі, памяшканьні, плошча і магчымасьць больш-менш абсталяваць кабінэты з улікам сучасных патрабаваньняў», — заяўляе начальніца аддзелу адукацыі, спорту і турызму магілёўскага гарвыканкаму Ірына Новікава.

Асьвятленьне каля праезнай часткі. Але па сквэрыку нават слупоў асьвятленьня няма
Асьвятленьне каля праезнай часткі. Але па сквэрыку нават слупоў асьвятленьня няма

Як удалося высьветліць, меркаваньні камісіі схіляюцца да таго, каб базавай зрабіць адзінаццатую школу. У прыватных гутарках пэдагогі дзясятай школы кажуць, што адчуваюць эмацыйны дыскамфорт ад таго, што ў новым навучальным годзе іхнай школы ня будзе. Многія пэдагогі адпрацавалі шмат год у ёй. Настаўнікаў пэнсійнага веку, хутчэй за ўсё, адправяць на пэнсію. Астатнім працаўладкаваньне гарантаванае.

Настаўнікі спрабуюць супакоіць бацькоў, што ў аб’яднанай школе ня будзе клясаў па трыццаць вучняў. Нараджальнасьць у мікрараёне падае.

Тым часам афіцыйныя крыніцы заяўляюць: настаўнікі ў выпадку аб’яднаньня школ будуць больш зарабляць, бо, як сьцьвярджаецца, чым больш вучняў, тым большае фінансаваньне навучальнай установе.

Калі будынак адной са школ вызваліцца, яго выставяць на продаж.

Характэрная забудова раёну, дзе школы
Характэрная забудова раёну, дзе школы

Прызнаецца: бацькі вучняў зь дзясятай школы катэгарычна супраць аб’яднаньня з адзінаццатай, бо ў ёй вучацца дзеці зь дзясятка сем’яў у «сацыяльна небясьпечным» становішчы. Акрамя таго, на сходах людзей абурала, што падыходы да адзінаццатай школы ня маюць асьвятленьня.

Школы па суседзтве. Адна ад адной — за трыста мэтраў. Паміж імі ажыўленая гарадзкая магістраль — вуліца Чалюскінцаў. Гэтая вуліца служыць мяжой паміж двума гарадзкімі раёнамі — Ленінскім і Кастрычніцкім. Адна школа ў адным раёне, другая — у другім.

Ёсьць і такія будынкі
Ёсьць і такія будынкі

Раён, дзе школы, стары і ў зімовую слоту выглядае асабліва неўпарадкаваным. Забудаваны ён пераважна прыватнымі сядзібамі. Багата тут і мураваных будынкаў. Нямала дамоў кінутых, яны разбураюцца разам з скасабочанымі хлеўчукамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG