Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандуктар-матрошка: «Граждане, акціўнее сканіруемся!»


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Ales Piletski: «Молодой человек, отсканируйтесть пожалуйста», – заявіла мне кабета ва ўніформе і з мэталашукальнікам.

Блізка да шэдэўру «Граждане, абілечываемся». Я доўга ня мог зразумець гэты лінгвістычны фэномэн, пакуль не ўзгадаў, што калісьці кандуктары не хадзілі па салёне. У прыгарадных аўтобусах было адмысловае месца для кандуктара, які ўзвышаўся над пасажырамі і гучна нагадваў-загадваў: «Абілечываемся, акціўнее». І гэта ўжо была твая праблема, як ты ў звычайна забітым пад завязку салёне «абілецісься».

Гэты кандуктар – ідэальная мадэль-мара аўтарытарнай бюракратыі.

Ёсьць у амэрыканскай фантастыцы сюжэт пра сям'ю мутантаў Хогбэнаў аўтарства Генры Катнэра. У адным з апавяданьняў галоўны герой распавядае пра свайго дзядзьку, які гіпнатызуе суркоў, калі хоча паесьці. Істоткі самі прыходзяць, самі раскладаюць вогнішча, адно што галоўнаму герою ўсё ніяк не трапляецца пабачыць, ці суркі ўласнымі лапкамі зь сябе здымаюць скуру. Вось гэтыя суркі – мы ўсе вачыма «кандуктараў» усіх магчымых памераў.

У ідэале так. Мы самі зьніжаем сабе заробкі, самі навязваем нявыгадныя працоўныя дамовы, самі не глядзім «няправільныя» сайты, самі сябе б'ем на мітынгах пратэсту, а пасьля самі нясем немалыя сумы для аплаты штрафу.

Слова «самі» ў абмаляваным кантэксьце мае хітрык. Самі, але не ў самімі прыдуманых правілах. Гэта ня тое самае, што самі абралі ўладу, самі абралі парлямэнт, самі кантралюем стварэньне і выкананьне законаў.

Кандуктары нам кажуць, што «ў Эўропе ўсе плацяць падаткі», але ня згадваюць, што ў Эўропе празрыстая сыстэма збору і разьмеркаваньня падаткаў. Кандуктары нагадваюць, што «ў Эўропе таксама разганяюць дэманстрацыі», але замоўчваюць, што сілу там ужываюць у скрайніх выпадках агрэсіі з боку дэманстрантаў. Кандуктары распавядаюць пра Эўропу, якая змагаецца зь беспрацоўем, і рыхтуюцца кантраляваць выкананьне закону пра «дармаедаў».

Вось было – самі сьнег пачалі чысьціць, а на наступны дзень галоўны кандуктар гораду заявіў, што гэта менавіта кіраўніцтва арганізавала людзей, каб яны самі ўсё зрабілі. Бо інакш кандуктар атрымае па галаве ад больш галоўнага кандуктара. За тое, што людзі... самі.

Кандуктар-матрошка кіруе краінай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG