Заснавальнікі арганізацыі спрабавалі зарэгістраваць аб’яднаньне ў лістападзе 2015 году. Аднак Менская гарадзкая ўправа юстыцыі заяву не задаволіла, абгрунтаваўшы адмову неадпаведнасьцю назвы аб’яднаньня і дэкляраваных задачаў. 21 студзеня Менскі гарадзкі суд адмовіў заяўнікам у задавальненьні скаргі на адмову.
Лідэр арганізацыі Алег Корбан называе прычыну адмовы ў рэгістрацыі «неправамернай і абсурднай», а рашэньне суда палітычна матываваным. Адначасна заснавальнікі аб’яднаньня вырашаюць пра мэтазгоднасьць далейшага абскарджваньня адмовы ў рэгістрацыі «Новай Альтэрнатывы» ў судах вышэйшай інстанцыі, а таксама — магчымай паўторнай заявы на рэгістрацыю аб’яднаньня ў органах улады.