Стыхійны пратэст прадпрымальнікаў каля Гомельскага аблвыканкаму, паўдзельнічаць у якім 18 студзеня ў другой палове дня прыйшлі сотні дробных бізнэсоўцаў, завяршыўся сходам у абласным Палацы творчасьці дзяцей і моладзі «Юнацтва». Ад будынку аблвыканкаму ў палац прадпрымальнікаў заклікаў намесьнік старшыні аблвыканкаму Баляслаў Пірштук.
Чыноўнікам давялося выслухаць шмат ня дужа прыемнага на свой адрас і на адрас ініцыятараў указу № 222, які спаралізаваў дзейнасьць дробнага бізнэсу па ўсёй краіне«.
На сходзе вырашана стварыць ініцыятыўную групу дзеля вырашэньня праблемных пытаньняў, у якую апрача прадстаўнікоў мясцовай улады увойдуць прадстаўнікі прадпрымальнікаў з Гомеля, Рэчыцы, Мазыра, Сьветлагорску, Жлобіну.
Лідэр прадпрымальніцкага руху з Рэчыцы Алег Шабетнік, які прысутнічаў на сходзе, паведаміў:
«Празь дзень-два група зможа выпрацаваць узаемнае прыймальнае рашэньне — так, прынамсі, паабяцаў намесьнік старшыні аблвыканкаму Баляслаў Пірштук».
Яшчэ адзін удзельнік сходу ў палацы «Юнацтва» Анатоль Зьмітровіч са Сьветлагорску дадае:
Улады бачаць, што людзі пайшлі з рынкаў не ў адпачынак. Падманваць далей няма сэнсу.
«Улады бачаць, што людзі пайшлі з рынкаў не ў адпачынак. Падманваць далей няма сэнсу. Мы ня просім даць нейкую ільготу ці адтэрміноўку на набыцьцё сэртыфікатаў якасьці. Мы просім прывесьці беларускае заканадаўства ў адпаведнасьць з нарматыўнай базай Мытнага саюзу. А там выразна запісана: сэртыфікаты могуць рабіць імпартэры ды вытворцы. І робяць гэта яны, як запісана ў Тэхрэглямэнце, да моманту выпуску прадукцыі ў абарот. А мы, прадпрымальнікі, набываем гэтую прадукцыю з усімі адпаведнымі дакумэнтамі. А калі не даюць ці іх няма, то гэта не праблемы прадпрымальнікаў. Прадпрымальнікі і без таго згубілі ў 2011 годзе з-за інфляцыі рубля 90 адсоткаў абаротных сродкаў. Калі да заявы прэзыдэнта ў нас быў пасіўны пратэст, то цяпер пачалася стадыя актыўнага пратэсту. Каб зрабіць нейкую працу, у катлах трэба 100 атмасфэраў пары. Раней было 30, цяпер ужо 70 атмасфэраў».
Прадпрымальнікі рэгіёну заяўляюць, што калі гомельскія ўлады не данясуць іхнія праблемы да вышэйшых уладаў, яны будуць вымушаныя самі ехаць у Менск.