Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады паабяцалі гомельскім прадпрымальнікам стварыць перамоўную групу


«Дайце нам працу!» — прадпрымальнікі каля аблвыканкаму
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:29 0:00

Каля трохсот прадпрымальнікаў з розных рынкаў Гомеля сёньня сабраліся каля нядаўна адрамантаванага параднага ўваходу аблвыканкаму на праспэкце Леніна, 2. Яны скандавалі: «Дайце нам працу!».

У аблвыканкаме ў гэты час мелася адбывацца сустрэча прадстаўнікоў прадпрымальніцкага руху рэгіёну з адказнымі асобамі выканаўчага камітэту і падатковай інспэкцыі. Актывісты прадпрымальніцкага руху даводзяць чыноўнікам, што большасьць дробных бізнэсоўцаў ня маюць магчымасьці выконваць патрабаваньні ўказу № 222, а таму з пачатку новага году вымушаны спыніць працу.

Аблвыканкамаўскае чынавенства прапанавала прадпрымальнікам сабрацца ў палацы «Юнацтва» ў гарадзкім парку. Як паведамляе БелаПАН, частка ўдзельнікаў акцыі ўсё ж пагадзілася пайсьці ў залю «Юнацтва» на гутарку з намесьнікам старшыні аблвыканкаму Баляславам Пірштуком.

Ён падкрэсьліў на сустрэчы, што законы прымаюць парлямэнт і прэзыдэнт, а на месцах іх можна толькі абмяркоўваць і высоўваць прапановы. Дырэктар аналітычнага цэнтру саюзу юрыдычных сілаў «Рэспубліканская канфэдэрацыя прадпрымальніцтва» Анатоль Зьмітровіч на сходзе прапанаваў стварыць ініцыятыўную групу па рашэньні праблемных пытаньняў ІП.

Баляслаў Пірштук з гэтай прапановай пагадзіўся і паабяцаў, што, як толькі прадпрымальнікі пададуць сьпіс тых, хто ўвойдзе ў групу, улада на працягу двух дзён дапоўніць гэты сьпіс прадстаўнікамі дзяржаўных ведамстваў і прызначыць сустрэчу.

БелаПАН цытуе словы Анатоля Зьмітровіча, паводле якога «ўлада прамахнулася, калі прэзыдэнт заявіў, што адмены ўказу ня будзе, пасьля таго як на форуме прадпрымальнікі сказалі, што ня пойдуць на плошчу. Калі прыйдзе час — выйдуць. Але яшчэ пара у катле не сасьпела. Прэзыдэнт адчуў, што гэта слабасьць прадпрымальнікаў, але гэта ня слабасьць, а сталасьць. Яго выступ быў як водападзел — быў пасіўны пратэст, а пачынаецца фаза актыўнага, і куды яна выйдзе — мы самі ня ведаем».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG