Другі суд над прадпрымальніцай Тацянай Паляковай завяршыўся штрафам і канфіскацыяй праз фальшывыя накладныя ад расейскага пастаўшчыка, распавёў Свабодзе Анатоль Шумчанка, старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва», што адстойвае інтарэсы малога бізнэсу:
«Сёньня было чарговае паседжаньне суду, які цягнуўся яшчэ зь мінулага году. На ім разглядаліся пытаньні індывідуальнага прадпрымальніка, прэтэнзіі падатковай, якая палічыла, што расейскія накладныя не сапраўдныя. Суд вынес рашэньне, падтрымаў падатковую інспэкцыю, прызнаў накладныя фальшывымі, даў штраф па максымуме — 30 базавых велічыняў [6 300 000 рублёў. — РС], таксама пастанавіў канфіскаваць выручку на суму 14 мільёнаў беларускіх рублёў, і канфіскаваць тавар — 64 пары абутку, 7 куртак».
Прадпрымальнікі маюць намер абскарджваць рашэньне суду. Шумчанка ж расцэньвае рашэньне як дэманстрацыю намеру ўладаў адносна прадпрымальнікаў і адказ на заяву чыноўнікаў пра тое, што масавых праверак і пакараньняў нібыта ня будзе. Ён працягвае настойваць на тым, што беларускія законы робяць немагчымым вядзеньне законнага бізнэсу:
«Законы, якія пішуцца, павінны адказваць інтарэсам людзей. Калі амаль тры тыдні эканамічна актыўная частка насельніцтва ня можа працаваць, то што ж гэта за людзі, якія пішуць законы, працуюць сёньня ў нашай дзяржаве? Ці на сваіх яны месцах?
Калі мэта дзяржавы — нас давесьці да торбы, людзі маюць вялікі страх перад гэтым, ня могуць з гэтым мірыцца.
Я не хачу цяпер паглыбляцца ў дэталі — сэртыфікацыі, накладныя... ІП павінны мець роўны доступ да перамоваў і прыняцьця рашэньняў адносна свайго лёсу. За іх ня мае права вырашаць іх лёс буйны і сярэдні бізнэс, як гэта робіцца цяпер, лёс павінен вырашаць сам народ — і ён толькі мае права вырашаць, па якіх правілах працаваць, каб забясьпечыць свае сем’і. Мы не нясем шкоды нікому і гатовыя да кампрамісных рашэньняў. Але, даруйце, калі мэта дзяржавы — нас давесьці да торбы, людзі маюць вялікі страх перад гэтым, ня могуць з гэтым мірыцца».
Прадпрымальнікі ўжо трэці тыдзень масава не выходзяць на працу ў сувязі з указам № 222 і іншымі ўказамі і правіламі, якія, як яны сьцьвярджаюць, перашкаджаюць весьці бізнэс.
Тым часам акцыю ў падтрымку прадпрымальнікаў правёў лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Лябедзька перадаў пэтыцыю ў падтрымку ІП і прапановы па эканамічных зьменах ва ўрад. Але падрабязнасьцяў тых прапановаў «Пэрспэктыва» ня ведае:
«Мы гэтых прапановаў ня бачылі, нас ніхто нікуды не запрашаў. Але магу сказаць, што, мяркуючы па рыторыцы Лябедзькі і Аб’яднанай грамадзянскай партыі, наўрад ці там будуць нейкія прапановы, накіраваныя супраць прадпрымальнікаў. Ня думаю, што яны маглі перадаць нейкія благія рэчы».
Самі ж прадпрымальнікі пакуль не зьбіраюцца масава выходзіць на Плошчу (хоць асобныя да таго заклікаюць). Свае далейшыя дзеяньні яны абмяркуюць на форуме, які пройдзе 25 студзеня ў Менску. Шумчанка ня кажа наўпрост пра падтрымку ці непадтрымку «Пэрспэктывай» акцыяў АГП:
«Пытаньне ня ў тым, каб іх „Пэрспэктыва“ падтрымала ці Шумчанка. А ў тым, каб акцыі палітыкаў, якія прапануюць сябе як альтэрнатыву дзейным уладам, знайшлі водгук у простых грамадзянаў. Я толькі парадуюся, калі гэты водгук будзе важкім, калі ў нас у краіне будзе палітычная канкурэнцыя ці плюралізм меркаваньняў».