Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да ўлады ў Польшчы вярнуўся ПіС. Што пра гэта думаюць у Беларусі?

абноўлена

Кіраўнік галоўнай польскай апазыцыйнай партыі «Права і справядлівасьць» Яраслаў Качыньскі і яго намесьніца Бэата Шыдла пастоя абвяшчэньня вынікаў галасаваньня паводле экзыт-полаў
Кіраўнік галоўнай польскай апазыцыйнай партыі «Права і справядлівасьць» Яраслаў Качыньскі і яго намесьніца Бэата Шыдла пастоя абвяшчэньня вынікаў галасаваньня паводле экзыт-полаў

Як зьмена ўлады ў Польшчы можа адбіцца на беларуска-польскіх дачыненьнях? Палітыка новага ўраду адносна Беларусі ня будзе моцна адрозьнівацца ад цяперашняй, лічыць Алесь Лагвінец:

Алесь Лагвінец
Алесь Лагвінец

Парлямэнцкія выбары ў суседняй для Беларусі Польшчы скончыліся пераканаўчай перамогай кансэрватыўнай партыі «Права і справядлівасьць» экс-прэм’ера Яраслава Качыньскага. Кіроўная дагэтуль лібэральная партыя «Грамадзянская плятформа» перадасьць уладу кансэрватарам. Як зьмена ўлады ў Польшчы можа адбіцца на беларуска-польскіх дачыненьнях?

Палітыка новага ўраду адносна Беларусі ня будзе моцна адрозьнівацца ад цяперашняй, лічыць намесьнік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец:

«Можа, яна будзе больш выразная. Але ў любым выпадку мне падаецца, што ключ да добрых адносінаў паміж Беларусьсю і Польшчай знаходзіцца ў Менску. І тут шмат што будзе залежаць ад таго, наколькі рэжым Лукашэнкі зразумее ўсю важнасьць добрых адносінаў з Варшавай.

Я думаю, што новы польскі ўрад будзе актыўна сачыць за тым, што адбываецца ў Беларусі. Зважаючы на ранейшыя дзеяньні гэтага ўраду, можна не сумнявацца, што будзе працягнутая палітыка падтрымкі беларускай грамадзянскай супольнасьці. Менавіта за часамі кіраваньня ўраду „Права і справядлівасьці“ былі створаныя тэлеканал „Белсат“ і праграма Каліноўскага, была адноўленая дзейнасьць Радыё Рацыя, дзейнічаў шэраг іншых праграмаў падтрымкі грамадзянскай супольнасьці».

Пытаюся ў спадара Лагвінца, наколькі можа прасунуцца пры новым урадзе ідэя стварэньня ў Польшчы Беларускага нацыянальнага ўнівэрсытэту, да якой прычыніўся і рух «За свабоду»:

«Я ведаю, што гэтая ідэя знайшла станоўчы водгук у Польшчы незалежна ад таго, які там урад. Цяпер ідзе праца па стварэньні канцэпцыі гэтага ўнівэрсытэту. Я думаю, што Польшча моцна зацікаўленая, каб гэта быў ня толькі польскі, але і агульнаэўрапейскі праект. І тут ёсьць пэўныя падставы для аптымізму. Відавочна, што новы ўрад наўрад ці будзе выключаць такое разьвіцьцё падзеяў. Якраз наадварот, можа быць дададзены новы імпульс гэтаму працэсу».

Раман Якаўлеўскі
Раман Якаўлеўскі

Адно з адрозьненьняў «Права і справядлівасьці» ад «Грамадзянскай плятформы» — у тым, што партыя Качыньскага больш увагі аддае справам палякаў замежжа, адзначае міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі:

«Гэта тычыцца і Беларусі. А ўлічваючы тое, што дагэтуль, на мой погляд, у Беларусі ня вырашаныя праблемы з Саюзам палякаў, дык тут будзе пытаньне з-за таго, што праўладны саюз не прызнаецца Варшавай. І гэта будзе больш уплываць на дачыненьні Беларусі і Польшчы, чым было раней.

Другое важнае пытаньне, якое таксама дагэтуль ня вырашанае, — гэта прымежны рух. Прычым з польскага боку ўсе праблемы (тэхнічныя, юрыдычныя ды іншыя) ужо даўно вырашаныя. А беларускі бок зусім не сьпяшаецца, усё цягне і цягне.

І калі мы гаворым пра палякаў замежжа, то са зьменай улады ў Польшчы, я думаю, абвострыцца і без таго няпростае ў Беларусі пытаньне пра „карту паляка“. Магчыма, што беларускія ўлады ўвядуць яшчэ большыя абмежаваньні для тых сваіх грамадзян, якія ўжо маюць „карту паляка“.

І апошняе — шкада, што беларускі прэзыдэнт, калі быў на юбілейнай сэсіі ААН, не знайшоў часу асабіста пазнаёміцца са сваім польскім калегам. Дуда знайшоў магчымасьць сустрэцца там з дэлегацыяй Казахстану. А вось з суседняй Беларусьсю сустрэчы не было. Я думаю, не было таму, што не было адпаведнага імпульсу зь беларускага боку».

Анатоль Сідарэвіч
Анатоль Сідарэвіч

«Прэзыдэнт Дуда і новы ўрад добра падумаюць над тым, як выбудаваць сваю палітыку адносна Беларусі», — упэўнены гісторык Анатоль Сідарэвіч:

«Само сабой зразумела, што гэты ўрад запатрабуе ад Масквы ўсёй поўнай інфармацыі наконт авіякатастрофы пад Смаленскам. Гэта ня можа не прывесьці да пагаршэньня польска-расейскіх дачыненьняў. Зразумела, што яшчэ ня зьнікла і рэха Катыні. Ёсьць і многія іншыя балючыя праблемы паміж Варшавай і Масквой.

І ў гэтай сытуацыі ёсьць урад Беларусі, ёсьць афіцыйны Менск, які прысмактаўся да расейскай цыцкі. Прабачце мне такі выраз, але ён вельмі дакладны. Палякам трэба зрабіць так, каб не пагоршыць адносіны зь Беларусьсю. І пры гэтым не пайсьці на вялікія саступкі ўраду Беларусі ў тым, што тычыцца правоў і свабод чалавека.

І яшчэ — гэты ўрад будзе адстойваць і абараняць правы польскай меншасьці ў Беларусі, пра што я дакладна ведаю. Калі польскія ўлады пры Туску і Камароўскім неяк зьнівэлявалі гэтае пытаньне, то кансэрватары гэтае пытаньне зноў актуалізуюць. І тут усё будзе залежаць ад пазыцыі афіцыйнага Менску — ці будзе ён паважаць правы польскай меншасьці? Зразумела, я маю на ўвазе перасьлед неафіцыйнага Саюзу палякаў».

Андрэй Елісееў
Андрэй Елісееў

Пра ўзмацненьне падтрымкі неафіцыйнага Саюзу палякаў з боку Варшавы кажа і аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Андрэй Елісееў:

«Мне здаецца, што ён будзе мець большую ўвагу з боку новага ўраду. А гэта значыць, што такая пазыцыя наўрад ці пазытыўна адаб’ецца на дачыненьнях Польшчы і Беларусі.

Што тычыцца „карты паляка“, то мэханізм яе ў Беларусі ўжо запушчаны. І я ня думаю, што тут будуць нейкія значныя зьмены. У прынцыпе, і папярэдні польскі ўрад праводзіў палітыку разьвіцьця гэтага інстытуту. Больш за тое, пры ім прынялі зьмены ў польскае заканадаўства, якое дазваляе тым людзям, што маюць „карту паляка“, атрымаць адразу від на жыхарства ў Польшчы, а праз тры гады — грамадзянства. Я думаю, што гэтая тэндэнцыя працягнецца».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG