Магілёўскі аблвыканкам разьлічвае, што супрацоўніцтва з Эўразьвязам, Кітаем, Індыяй ды Пакістанам у наступным годзе дазволіць пераадолець эканамічны крызіс.
Паводле чыноўнікаў Магілёўскага аблвыканкаму, прадпрыемствы рэгіёну ў 2015 годзе адшукалі новыя рынкі збыту сваёй прадукцыі ў 18 краінах. Тым ня меней у выніку эканамічнага спаду абласны бюджэт недаатрымаў больш за 120 мільярдаў рублёў. Кожнае чацьвёртае прадпрыемства ў рэгіёне стратнае. Аблвыканкам прагназуе: у 2016 годзе паглыбленьне крызісу чакае будаўнічую галіну. Будаўнікам чыноўнікі загадалі шукаць аб’екты па-за межамі Беларусі.
Паводле старшыні аблвыканкаму Ўладзімера Даманеўскага, новыя рынкі збыту прадукцыі далі прыбытку 1,7 мільёна даляраў. Кіраўнік абласной вэртыкалі заявіў, што рэгіён выканаў такім чынам даведзены плян:
«Магілёўскай вобласьці было даведзена 600 тысяч даляраў, то бок патэнцыял у нашых прадпрыемстваў ёсьць. Галоўнае, каб нам мабілізаваць перадусім сябе і працоўныя калектывы, каб у нас усё атрымалася».
Пра патрэбу супрацоўніцтва з кітайцамі гаварыў на нядаўняй нарадзе ў аблвыканкаме намесьнік старшыні Віктар Некрашэвіч. Ён заклікаў прамыслоўцаў актыўней выкарыстоўваць кітайскія магчымасьці крэдытаваньня:
«Ёсьць кітайскія крэдытныя лініі ад 2,1 і 6 працэнтаў гадавых, якія можна выкарыстоўваць на мадэрнізацыю абсталяваньня, набыцьцё новага абсталяваньня, а таксама на стварэньне новых прадпрыемстваў».
Эканаміст з Магілёва Пятро Мігурскі ў заявах і спадзяваньнях чыноўнікаў бачыць разгубленасьць. На ягоную думку, аблвыканкам ня ведае, што рабіць у цяперашніх умовах, таму і ставяцца нерэалістычныя задачы:
«У мяне складваецца ўражаньне, што абласное кіраўніцтва разгубілася ад тых рэаліяў, якія на сёньня ёсьць у эканоміцы Магілёўскай вобласьці», — заўважае эканаміст.
«Што тычыцца частковага павароту вэктару экспарта-імпартных адносінаў, дык незалежны эканамісты пастаянна пра гэта гавораць. Трэба сябраваць і гандляваць з суседзямі. І найперш Эўразьвяз наш самы пэрспэктыўны гандлёвы партнэр. А што тычыцца Кітаю, дык у нас ёсьць прыклады супрацоўніцтва нэгатыўнага характару. Абяцалі, у прыватнасьці, што такая супраца ўздыме нашу цэмэнтную галіну. А цяпер цэмэнтныя заводы цягнуць уніз ня толькі эканоміку вобласьці, але і краіны».
Пётар Мігурскі зазначае, што яму не зразумелыя падставы для чыноўніцкага аптымізму адносна бліжэйшай будучыні эканомікі Магілёўскай вобласьці.
«Маючы амаль спыненую вытворчасьць, маючы стратныя прадпрыемствы, дзе яны ўбачылі прыбытковыя прадпрыемствы? Мо адзінкі, — заўважае ён. — Гіганты прамысловасьці ў нас стратныя. Недабор у 120 мільярдаў рублёў нагнаць будзе немагчыма. Таму спроба выбудаваць сьветлую будучыню за кошт Кітаю і Індыі — гэта чарговы блеф».
Падводзячы вынікі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця ў 2015 годзе, чыноўнікі Магілёўскага аблвыканкаму не згадалі сытуацыю ў сельскай гаспадарцы. Паводле эканаміста Андрэя Юркова, ім проста няма чаго аптымістычнага сказаць пра гэта:
Я не зьдзіўлюся, калі ў 2016 годзе ўрад краіны наважыцца на самыя адчайныя рэформы
«На маёй памяці сельская гаспадарка рэгіёну не аднойчы знаходзілася на мяжы неплацежаздольнасьці — банкруцтва, але неяк атрымлівалася сытуацыю выправіць празь бюджэтныя ўліваньні. А на гэты раз бюджэт пусты, грошай няма. Усе чакаюць нейкага цуду. Я б ахарактарызаваў такі стан, як разгубленасьць. Ніхто ня ведае, што рабіць. У сельгаспрадпрыемстваў назапашаныя вялізныя даўгі, навідавоку іх неэфэктыўнасьць. Я не зьдзіўлюся, калі ў 2016 годзе ўрад краіны наважыцца на самыя адчайныя рэформы».
Не дапаможа сельскай гаспадарцы і расейскі рынак, які ратаваў раней, мяркуе Андрэй Юркоў:
«Расейскі рынак перастаў быць прэміяльным. Цяпер на ім цэны ніжэйшыя, чым усясьветныя. Раней сапраўды ў іх былі звышдаходы, і яны лабіравалі ўнутраных сваіх спажыўцоў, і разам зь імі, у межах Мытнага саюзу, мы маглі прадаваць прадукцыю па вышэйшых коштах. Цяпер гэтага няма, і спадзявацца на гэта ня варта. Трэба праводзіць балючыя рэформы — тое, чым займаліся нашыя суседзі. Уводзіць прыватную ўласнасьць на сродкі вытворчасьці і ў пэрспэктыве на зямлю. Усё роўна гэта каму-небудзь давядзецца рабіць».
Аб праблемах у эканоміцы рэгіёну чыноўнікі пачалі гаварыць адразу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Гэтак на адной зь першых нарадаў у Магілёўскім гарвыканкаме чыноўнікі згадалі пра няпоўную загрузку, зьніжэньне экспарту, дэбіторскую і крэдыторскую запазычанасьць магілёўскіх прадпрыемстваў.
Было прызнана, што гарадзкі бюджэт недаатрымаў за 9 месяцаў году 149 мільярдаў рублёў. Такой сытуацыі не назіралася ад 2009 году.
Чыноўнікі бачылі прычыну праблемаў у сытуацыі на расейскім рынку, куды магілёўскія прадпрыемствы пастаўляюць асноўную масу сваёй прадукцыі. Спробы дывэрсыфікацыі рынкаў збыту не далі эфэкту. Экспартныя пастаўкі з магілёўскіх прадпрыемстваў у іншыя краіны мізэрныя.