Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На сёньня рэальны заробак, які павінны атрымліваць беларусы — 130 даляраў»


У чарговай перадачы сэрыі «Экспэртыза Свабоды — вынікі году» мы абмяркоўваем сацыяльную сфэру і даходы насельніцтва. Чаму сёлета радыкальна зьменшыўся ўзровень жыцьця беларусаў? Які прагноз у гэтай сфэры можна даць на наступны год? Ці можна сказаць, што сацыяльная мадэль, якой хваліліся ўлады, у Беларусі дэ-факта скончылася? На гэтыя пытаньні адказваюць эканамісты Барыс Жаліба і Міхал Залескі. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: У 2015 годзе ўпершыню за многія гады адбывалася падзеньне рэальных даходаў насельніцтва, назіраўся рост беспрацоўя, працягвалася дэвальвацыя.

Залескі: 2015 год адметны тым, што ў Беларусі адбывалася падзеньне намінальнага налічанага заробку. Калі раней заявы пра тое, што жыцьцёвы ўзровень не расьце, успрымаліся начальствам як палітычныя, спэкуляцыйныя — то цяпер і крыць няма чым. Бо скарачаўся рэальны налічаны заробак, у беларускіх рублях. Што ўжо ж казаць пра лічбы ў далярах, у сярэднім беларусы страцілі заробку за гэты год каля 200 даляраў.

Цыганкоў: У 2011 годзе, калі была дэвальвацыя, улады даволі хутка вярнулі заробак той самы ўзровень — прыблізна 500 даляраў. Але зараз дэвальвацыя адбылася на 50 працэнтаў, з 11 да 18-ці тысяч беларускіх рублёў, але заробак у рублях не падвышаюць.

Барыс Жаліба
Барыс Жаліба

Жаліба: Лічбы такія. Рэальны заробак зьменшыўся за 11 месяцаў на 5 працэнтаў, інфляцыя дасягнула 11 працэнтаў, дэвальвацыя 54 працэнтаў. Але асаблівасьць сытуацыі, адрозьненьне ад ранейшых крызісаў у тым, што ўсё гэта спалучаецца з падзеньнем ВУП, чаго раней не было. Нават у 2011 годзе, калі была трохразовая дэвальвацыя, ВУП вырас на 5 працэнтаў. Цяпер ён упадзе за гэты год прыблізна на 4 працэнты.

Трэба адзначыць, што наш крызіс — «рукатворны». Сусьветная эканоміка разьвіваецца нармальна, расьце. А наш крызіс ідзе ад Пуціна, ад расейскай палітыкі, якая прывяла да санкцыяў і падзеньня цэнаў на нафту.

Цыганкоў: Ці ёсьць шанцы, што беларускія ўлады, як і 2011 годзе, здолеюць нейкім чынам узьняць заробкі?

Жаліба: Няма. На нашу эканоміку ўплывае стан эканомікі Расеі, стан яе рынку. Антызаходнія санкцыі супраць Масквы і нізкія цэны на нафту застануцца і ў наступным годзе. Так што, прычынаў для паляпшэньня я ня бачу — як бы ня стала горш.

Цыганкоў: У 2010 годзе на Ўсебеларускім сходзе Аляксандар Лукашэнка арыентаваў на тое, што празь пяць гадоў заробак дасягне тысячы даляраў. Цяпер ён — 390. Міхал, а якім можа быць заробак празь 5 гадоў?

Міхал Залескі
Міхал Залескі

Залескі: Заробак вызначаецца тым, як людзі працуюць. У нас Лукашэнка разбэсьціў людзей, як Герэк у свой час у Польшчы, — зрабіў заробак завышаным. Але тое, што людзям ужо даў — ужо ж не адымеш.

На сёньняшні дзень рэальны заробак, які павінны атрымліваць беларусы за тое, што яны зрабілі, — 130 даляраў ЗША. Гэта каб нашая эканоміка працавала. Прыкладна ў такім накірунку мы і будзем рухацца.

Цыганкоў: Адкуль у вас такія лічбы?

Залескі: Гэта я сам сабе падлічыў. Мы ж за часы кіраваньня Лукашэнкі пазычалі штогод 2 мільярды даляраў запазычанасьці. Таму ўзьнікае такая вялікая розьніца. Каб яе выправіць, людзям давядзецца бедна жыць. Але ж бедна жыць ніхто ня хоча.

Таму застаецца адно выйсьце — радыкальна нешта зьмяніць, каб мы стваралі даданыя вартасьці, каб сталі заўважныя ў сьвеце. Паглядзіце на сайт прэзыдэнта — там ёсьць 7 пазыцыяў, па якіх Беларусь заўважная ў сьвеце, ад малака да велікагрузных аўтамабіляў. Дык давайце на гэтым сканцэнтруемся. Хто-небудзь пра гэта думае? Не. Кажуць — а мы яшчэ пазычым у МВФ.

Цыганкоў: Сёлета ўлады ўпершыню сталі дапускаць рост беспрацоўя, загаварылі пра рост камунальных паслугаў, падвышэньне пэнсійнага ўзросту. Чаго варта чакаць у гэтых сфэрах?

Жаліба: Гэта патрабаваньне нашых крэдытораў — Расеі і МВФ — каб насельніцтва аплачвала само камунальныя паслугі, транспарт. З гэтага ўлады і пачалі. Але ж сутнасьць ня ў гэтым. Крэдыторы патрабуюць структурных рэформаў — прыватызацыі, мінімальнай прысутнасьці дзяржавы ў эканоміцы — але ўлада гэтага не зьбіраецца рабіць.

Яны спадзяюцца атрымаць крэдыт ад ЭўрАзЭС і, калі пашанцуе, ад МВФ. Гэта можа забясьпечыць нейкі рост даходаў. Але ж так увесь час існаваць немагчыма — браць крэдыты, каб гасіць папярэднія.

Цыганкоў: За апошнія гады ўлады шмат разоў аб’яўлялі, што падвысяць той працэнт, які павінны плаціць людзі за камунальныя паслугі. Але дагэтуль ён застаецца даволі нізкім, каля 30 працэнтаў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG