Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні абласны суд пакінуў бяз зьменаў прысуд удзельніку акцыі ўшанаваньня паўстанцаў 1863 году


Юры Глебік
Юры Глебік

Актывіст Юры Глебік быў аштрафаваны Сьвіслацкім раённым судом за нібыта ўдзел у несанкцыянаванай акцыі па ўшанаваньні памяці паўстанцаў 1863 году. Свае віны не прызнаў, аднак і абласны суд не задаволіў ягонай скаргі.

Паводле Глебіка, ягоныя аргумэнты ў абласным судзе, што ўскладаньне кветак і запальваньне зьнічак ля помнікаў нацыянальным героям на Дзяды — традыцыя беларускага народа і ня можа зьяўляцца несанкцыянаванай акцыяй, на суд ніякім чынам не паўплывала.

Справу разгледзелі фармальна, за некалькі хвілін, ніхто ня ў чым паўторна не разьбіраўся. І гэта, вядома, паколькі справа палітычная і ў такіх выпадках, як ужо ўсім вядома, на нас ніколі ў судзе не зьвяртаюць увагі, а толькі чытаюць міліцэйскі пратакол. Вядома, рашэньне было прадказальным, але я пайшоў на гэта дзеля таго, што хачу далей падаць скаргу ў Вярхоўны суд.

Юры Глебік быў асуджаны Сьвіслацкім раённым судом 19 лістапада на чатыры з паловай мільёна рублёў за ўдзел у несанкцыянаваным мэрапрыемстве. 3 сьнежня гарадзенцы Віктар Сазонаў і Эдвард Дзьмухоўскі былі асуджаныя на мільён 800 тысяч кожны. Пазьней Уладзімера Хільмановіча асудзілі на 7 мільёнаў 200 тысяч рублёў і Вітольда Ашурка зь Бярозаўкі на адзін мільён 800 тысяч. Вядома, што пратакол складзены і на Віталя Гуляка з Ваўкавыску.

31 кастрычніка 2015 году ў гарадзкім пасёлку Сьвіслач і вёсцы Якушоўка, дзе было родавае гняздо Каліноўскіх, грамадзкія актывісты Гарадзеншчыны ўшанавалі памяць паўстанцаў 1863 году, усклалі кветкі да помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Рамуальд Траўгуту і да магілы Віктара Каліноўскага, старэйшага брата кіраўніка паўстаньня 1863 году. Сьвіслацкія ўлады палічылі мерапрыемства несанкцыянаванай акцыяй.

Летась за ўдзел у акцыі па ўшанаваньні памяці паўстанцаў 1863 году былі асуджаныя 18 чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG