Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговы прысуд у Сьвіслачы — 7 мільёнаў 200 тысяч рублёў


Уладзімер Хільмановіч, Сьвіслач
Уладзімер Хільмановіч, Сьвіслач

Гарадзенскі актывіст Уладзімер Хільмановіч аштрафаваны Сьвіслацкім раённым судом на 40 базавых велічынь — 7 мільёнаў 200 тысяч рублёў за ўшанаваньне памяці паўстанцаў 1863 году.

Паводле Ўладзімера Хільмановіча, напачатку працэсу ён апеляваў да суду, што судзяць чацьвёртага ўдзельніка, але ніхто, на ягоны погляд, дагэтуль не ўстанавіў факту самога мітынгу.

Спасылаючыся на закон, Хільмановіч даводзіў суду, што юрыдычна дэфініцыя мітынгу зусім іншая, а ў Сьвіслачы мела месца мэмарыяльная акцыя ўшанаваньня памяці, якая не патрабуе ніякіх дазволаў на правядзеньне.

«У судзе было выразна засьведчана, што я падчас прамоў распавядаў пра помнікі, пра гісторыю, што не ўздымаў сьцяг на дрэўку, заклікаў ніякіх не рабіў. Па сутнасьці гэта было мэмарыяльнае мэрапрыемства з ушанаваньнем нашых продкаў».

Хільмановіч цытаваў Канстытуцыю, пакт «Аб грамадзянскіх і палітычных правах», але на суд гэта ніяк не паўзьдзейнічала.

«Па сутнасьці гэтая справа павінна была быць спыненая, паколькі нават сьведкі-міліцыянты не засьведчылі, што я парушаў заканадаўства. У дадзенай сытуацыі пракуратура павінна заняцца тым, як складзеныя пратаколы супрацоўнікамі міліцыі, бо відавочна, што там мноства працэсуальных і іншых парушэньняў. Я зьвяртаў увагу і на гэта, але суд мае аргумэнты не прыняў, і я быў аштрафаваны на 40 базавых велічынь».

Пасьля суду Хільмановіч сказаў Свабодзе, што іншага прысуду і не чакаў, ён цалкам перакананы, што справа носіць палітычны характар і прысуд прымаўся па-за заляй суду.

«Высновы такія, што ніякія нормы ні беларускага закону, ні міжнародныя ў нашых судах не выконваюцца. Дзеяньні судоў і іншых сілавых структураў падпарадкаваныя не закону, а загадам зьверху, якія скіраваныя на запалохваньне актыўных грамадзянаў у нашай краіне».

Віктар Сазонаў
Віктар Сазонаў

У залі суду прысутнічаў гарадзенскі праваабаронца Віктар Сазонаў, які таксама днямі быў пакараны штрафам у 10 базавых велічынь за ўдзел ва ўшанаваньні памяці паўстанцаў 1863 году. Паводле яго, ніякія аргумэнты ў судзе насамрэч суд не разглядае і ў прынцыпе нічога не вырашае:

«Гэтыя працэсы з году ў год адбываюцца аднолькава, ніхто людзей ня слухае, ніхто не зьвяртае ўвагі на іх довады. У іх адна мэта — запалохаць людзей, каб яны сюды не прыяжджалі. Але я бачу, што ад іх судоў сьвята ўшанаваньня паўстанцаў 1863 году становіцца больш папулярным сярод патрыётаў Беларусі».

31 кастрычніка 2015 году ў гарадзкім пасёлку Сьвіслач і вёсцы Якушоўка, дзе было родавае гняздо Каліноўскіх, грамадзкія актывісты Гарадзеншчыны ўшанавалі памяць паўстанцаў 1863 году, усклалі кветкі да помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту і да магілы Віктара Каліноўскага. Сьвіслацкія ўлады палічылі мерапрыемства несанкцыянаванай акцыяй.

19 лістапада за ўдзел у акцыі быў асуджаны сьвіслацкі актывіст Юры Глебік на 4,5 мільёна рублёў, а 3 сьнежня гарадзенцы Віктар Сазонаў і Эдвард Дзьмухоўскі былі асуджаныя на мільён 800 тысяч кожны. Таксама пратаколы складзеныя на Віталя Гуляка з Ваўкавыску і Вітольда Ашурка зь Ліды. Летась за ўдзел у акцыі па ўшанаваньні памяці паўстанцаў 1863 году былі асуджаныя 18 чалавек.

Міхал Карневіч, Горадня

Здымкі:

1 Уладзімер Хільмановіч

2 Віктар Сазонаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG