У Сьвіслачы адбыўся судовы працэс над удзельнікам акцыі ўшанаваньня памяці Кастуся Каліноўскага і паўстанцаў 1863 году Юрыем Глебікам, якога абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Прысуд — штраф у 25 базавых велічыняў (4,5 мільёна рублёў).
Ужо традыцыйна супраць Глебіка ў судзе сьведчылі міліцыянты. Былі заслуханыя двое сьведак у пагонах, якія акцэнтавалі ўвагу суду на тым, што Глебік трымаў у руках бел-чырвона-белы сьцяг і прамаўляў каля помнікаў. Як парушэньне зь іх вуснаў гучала і тое, што «выступали, толкали речь, развернули флаги и фотографировались». Пра тое, што парушалі грамадзкі парадак, заміналі людзям, выходзілі на праежджую частку і спынялі транспарт, ніякай згадкі не было.
Судзьдзя пацікавіўся ў аднаго зь міліцыянтаў — чаму ён нікому не зрабіў заўвагі, не ўказаў на тое, што парушаецца закон? Той адказаў, што проста стаяў, а гэта, маўляў, напэўна, рабілі іншыя ягоныя калегі.
Глебік пацікавіўся ў міліцыянтаў — ці зьяўляецца бел-чырвона-белы сьцяг забароненым у Беларусі? Абодва без ваганьняў адказалі, што — так, гэты сьцяг забаронены ў Беларусі. Юры Глебік, у сваю чаргу, даводзіў суду, што разам зь іншымі грамадзянамі ўшаноўваў памяць паўстанцаў, якія ў 1863 годзе аддалі свае жыцьці за Беларусь. Казаў, што Дзяды — гэта традыцыя беларускага народа і ў гэтыя дні ўсе ідуць на могілкі, каб ушанаваць блізкіх, родных і тых, хто аддаў жыцьці за Беларусь. І, маўляў, гэта ніяк ня можа лічыцца парушэньнем закону.
Суд узяў пад увагу толькі паказаньні сьведак. Глебік перапытаў у судзьдзі, бо не зразумеў, у чым усё ж такі яго вінавацяць. Судзьдзя адказаў, што на Глебіка складзены пратакол, і на падставе гэтага было вынесена такое рашэньне.
Вось што сказаў Глебік Свабодзе пасьля вынясеньня рашэньня судом:
— Рашэньне суду я лічу прадказальным, іншага і не чакаў. Але я надалей перакананы, што ніякага масавага мерапрыемства мы не праводзілі, а ўскладалі кветкі на магілы нацыянальных герояў на традыцыйнае беларускае сьвята Дзяды. І дзякуй Богу, што ў Сьвіслач у той дзень зьехалася так шмат людзей і мы годна правялі гэтае мерапрыемства.
Я яшчэ пацікавіўся ў Юрыя Глебіка — чаму, на ягоную думку, ушаноўваць паўстанцаў у Сьвіслач зьбіраюцца людзі з усяе Беларусі, а местачковая грамадзкасьць у гэтым ня ўдзельнічае? І вось што ён мне адказаў:
Хутчэй за ўсё, 1863 год для нашых людзей яшчэ не наступіў
— Хутчэй за ўсё, дзяржава ўсё робіць дзеля таго, каб забараніць праводзіць падобныя фэсты, а ў людзей на гэты час яшчэ ёсьць пачуцьцё страху, што страцяць працу, страху за дзяцей і блізкіх. І гэты страх зьявіўся не цяпер, а цягнецца некалькі пакаленьняў. Хутчэй за ўсё, 1863 год для нашых людзей яшчэ не наступіў.
Летась за ўдзел у акцыі па ўшанаваньні памяці паўстанцаў 1863 году былі асуджаныя 18 чалавек, для Юрыя Глебіка на працягу году гэта другі прысуд. У мінулым годзе яго аштрафавалі на 10 базавых велічыняў.
Адміністрацыйныя справы заведзеныя яшчэ на двух гарадзенскіх актывістаў — Уладзімера Хільмановіча і Віктара Сазонава.
31 кастрычніка 2015 году ў гарадзкім пасёлку Сьвіслач і вёсцы Якушоўка, дзе было родавае гняздо Каліноўскіх, грамадзкія актывісты Гарадзеншчыны ўшанавалі памяць паўстанцаў 1863 году, усклалі кветкі да помнікаў Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту, а таксама да магілы Віктара Каліноўскага.