У 2006 годзе расейскаму журналісту Леаніду Сьвірыдаву адмовілі ў акрэдытацыі ў Чэхіі, абвінаваціўшы ў шпіянажы, летась такія самыя падазрэньні адносна яго былі агучаныя і ў Польшчы. Працэдура пазбаўленьня акрэдытацыі і віду на жыхарства цягнулася больш за год.
Пасьля таго, як польскі Дэпартамэнт па справах замежнікаў падтрымаў рашэньне мазавецкага ваяводы аб ануляваньні віду на жыхарства Сьвірыдава, ён мусіў пакінуць Польшчу цягам аднаго месяца.
Вечарам у мінулую суботу Сьвірыдаў пакінуў Польшчу, паведамляе польскае выданьне http://wiadomosci.wp.pl.
Перад адлётам Сьвірыдаў заявіў журналістам, што лічыць сваё выдаленьне з Польшчы несправядлівым і што зьбіраецца абскарджваць гэтае рашэньне ў Вярхоўным судзе Польшчы і Эўрапейскім судзе па правах чалавека.
Сьвірыдаў працаваў апошнім часам на расейскае інфармацыйнае агенцтва «Россия сегодня». Агенцтва ўнутранай бясьпекі Польшчы запатрабавала выдаліць яго з краіны ў сувязі з падазрэньнямі, што ён выконваў шпіёнскія заданьні расейскіх спэцслужбаў. МЗС Расеі ў лістападзе дэпартацыю Сьвірыдава назвала абуральнай.