Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Турэмная літаратура: што трэба для таго, каб пісаць за кратамі?


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Што ёсьць турэмная літаратура? Для чаго яна патрэбная? Што неабходна для таго, каб пісаць у няволі і каб творы, народжаныя за кратамі, сапраўды сталі літаратурай? Свае меркаваньні на гэтую тэму сёньня выкажуць ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі Сьвятлана Алексіевіч ды былыя вязьні, чые турэмныя кнігі чытаюць ды абмяркоўваюць.

Наша сёньняшняя праграма ўвогуле мела быць прымеркаванай да чарговага, трэцяга па ліку ўручэньня прэміі імя Францішка Аляхновіча за лепшы твор, напісаны за кратамі. У мінулым у гэтым конкурсе два гады запар бралі ўдзел, у тым ліку і актыўныя аўтары ды ўдзельнікі праграмы «Свабода ў турмах», былыя вязьні Юры Бандажэўскі, Алесь Кіркевіч, Фэлікс Пэкер ды іншыя... У сёлетнім конкурсе меўся таксама ўдзельнічаць наш актыўны аўтар, былы палітзьняволены, гісторык-архівіст і дасьледчык «Валадаркі» Зьміцер Дрозд, а таксама некаторыя з тых сядзельцаў, якія пішуць да нас у рэдакцыю. Аднак днямі заснавальнікі прэміі — Радыё Свабода ды беларускі ПЭН-цэнтар — вырашылі сёлета прэмію Аляхновіча не прысуджаць. На нашым сайце дадзенае тлумачэньне гэтаму рашэньню.

Падчас уручэньня прэміі імя Францішка Аляхновіча ў 2014 годзе
Падчас уручэньня прэміі імя Францішка Аляхновіча ў 2014 годзе

Як адзначыў кіраўнік Пэн-цэнтру і сябра журы Андрэй Хадановіч, «калі мы з калегамі, найперш з дырэктарам беларускай службы Радыё Свабода Аляксандрам Лукашуком, разважалі аб прэміі, то сфармулявалі так: арганізатары прэміі спадзяюцца на тое, што раней ці пазьней прэмія страціць сваю актуальнасьць. У гэтым быў намер рабіць належнае і магчымае дзеля таго, каб актуальнасьць гэтая страчвалася. Сама прэмія, аднак, не скасоўваецца. Яе арганізатары сочаць за сытуацыяй і заўсёды гатовыя яе абвесьціць і ўручыць, калі будуць аб’ектыўныя прычыны...»

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:47 0:00
Наўпроставы лінк

Андрэй Хадановіч адзначае, што прэмія імя Аляхновіча — гэта прэмія літаратурная, «таму найперш зьвяртаем увагу на літаратурныя якасьці... Можа быць, час такі, што сярод турэмных жанраў нон-фікшн на сябе зьвяртае ўвагу. Жыцьцё аказваецца часам страшнейшым, часам больш яскравыя вобразы падсоўвае, чым пісьменьніцкая фантазія... Можна згадаць „Еду в Магадан“. Немагчыма абстрагавацца ад такой рэчы, як мужнасьць пісьменьніка. Можна сумленна напісаць кнігу па ўспамінах потым. А напісаць крытычна пра турму, знаходзячыся там, ведаючы, што магчымая нейкая зваротная карная рэакцыя, гэта асаблівая мужнасьць».

«Яскравая літаратура немагчымая бяз моцнай і магутнай душы аўтара»

Якуб Колас у турме. Мастак Уладзімір Сулкоўскі
Якуб Колас у турме. Мастак Уладзімір Сулкоўскі

...Сярод найбольш вядомых ды папулярных пісьменьнікаў сьвету, якія напісалі свае лепшыя кнігі ў няволі, называюць асуджанага за рэвалюцыйную дзейнасьць на сьмяротнае пакараньне (яно было замененае на турму і катаргу) Фёдара Дастаеўскага і яго творы «Злачынства ды пакараньне», «Прыніжаныя ды абражаныя». Францускага пісьменьніка Жана Жэнэ зь ягоным раманам «Божая маці кветак» (у юным узросьце ён трапіў у калёнію для непаўналетніх за крадзяжы, тэмамі яго турэмнай творчасьці сталі злодзейства, гомасэксуальныя сэксуальныя стасункі, прастытуцыя). Мігеля Сэрвантэса, у якога частка «Дона Кіхота» напісаная ў вязьніцы, дзе Сэрвантэс адбываў пакараньне за свае даўгі. Оскара Ўальда і ягоную «Турэмную споведзь» ( быў асуджаны за сэксуальныя стасункі з мужчынамі, што на той час жорстка каралася законамі Аб’яднага каралеўства). Уільяма Сыднэя Портэра (апынуўшыся за кратамі тэхаскай турмы за службовую недастачу ў банку, там жа пачаў пісаць апавяданьні пад псэўданімам О’Генры). Бразыльскага пісьменьніка Паола Каэльё, аўтара «Алхіміка» ды тэкстаў папулярных у 1970-я песень мясцовых рок-гуртоў (прайшоў псыхушку ды вязьніцы). Стваральніка папулярных дэтэктываў афра-амэрыканца Чэстэра Хаймса (асуджаны за гучнае ўзброенае рабаваньне на 25 гадоў, але выйшаў раней, праз 8 гадоў адседкі ў турме Агаё).

Што прынесла вядомасьць гэтым кнігам? У мінулым неаднойчы асуджаны расейскі пісьменьнік і публіцыст Эдуард Лімонаў («Сьвятыя монстры», «Кніга вады») лічыць, што акрамя яскравых герояў і сюжэтаў, якія сустракаюцца ў турме ледзь не на кожным квадратным мэтры, гэта яшчэ «моцная і магутная душа аўтара», безь якой «немагчымая сапраўдная яскравая турэмная літаратура».

Алексіевіч: «Мы —закладнікі турэмнага вопыту»

Сьвятлана Алексіевіч
Сьвятлана Алексіевіч

Наша суайчыньніца, сёньня Нобэлеўская ляўрэатка, Сьвятлана Алексіевіч, выступаючы ў адной з нашых мінулых праграмаў, з нагоды выхаду кнігі палітвязьня Юрыя Бандажэўскага «Турма і здароўе», а таксама заснаваньня прэміі імя Францішка Аляхновіча, у якасьці ўзору турэмнай літаратуры называе савецкіх лягерных пісьменьнікаў — Шаламава, Салжаніцына, Разгона... Пры гэтым яна адзначыла, што ў сучаснай турэмнай літаратуры, якая стала значнай часткай беларускага літаратурнага працэсу, ёсьць пэўная пастка, бо такі досьвед «перашкаджае і палітыкам, і інтэлектуалам, і простым людзям».

Алексіевіч: «Цяпер мы валодаем выключна ваенным вопытам ды турэмным... І гэты вопыт — пастка...Мы — закладнікі турэмнага вопыту... Мы разбэшчаныя, мы адзін ад аднаго залежныя. Вось уся краіна абмяркоўвае тое, што сказаў Лукашэнка. Сказаў глупства, на ўзроўні „гопніка“ — але ўся краіна гэта абмяркоўвае. І ўся дурнее. Я хачу сказаць, што для турэмнай літаратуры ёсьць вельмі высокая плянка, якую задала расейская літаратура сталінскіх лягераў. Вядома, такая прэмія патрэбная ў нас. Але я ізноў думаю, што мы па-ранейшаму закладнікі гэтага турэмнага вопыту. Гэта нейкая бясконцае кола, зь якога мы ня можам вырвацца».

Наўпроставы лінк

«Каб людзі ведалі, што адбываецца ў беларускіх турмах»

Некалькі месяцаў таму на сайце Хартыі былі зьмешчаныя ўрыўкі з новай кнігі былога палітвязьня і экс-кандыдата ў прэзыдэнты на выбарах у 2010 годзе Андрэя Саньнікава «Беларуская Амэрыканка альбо выбары пры дыктатуры».

Неўзабаве выйшаў і сам твор на беларускай мове. У ім вязень «Амэрыканкі» і «Валадаркі» распавядае аб пазамінулай прэзыдэнцкай кампаніі, рэпрэсіях, аб сваім зьняволеньні. Хутка выйдзе рускамоўны варыянт, ёсьць пераклад на ангельскую.

Уступ да «Беларускай Амэрыканкі» напісала Сьвятлана Алексіевіч. Як гэта адбылося? — пацікавіліся мы ў аўтара.

Андрэй Саньнікаў
Андрэй Саньнікаў

Саньнікаў: «Гэта ўспаміны пра той пэрыяд часу, можна сказаць. Я зьвярнуўся да яе, таму што мяне цікавіла яе думка. Гэта было яшчэ летась. Мы ліставаліся, і я папрасіў яе сказаць: ці гэта сапраўды варта ўвагі; тое, што я зрабіў, — гэта першая спроба. Я з Алексіевіч знаёмы. Яна сказала, што гэта было цікава. І я папрасіў тады, калі можна, напісаць яе думкі наконт гэтай кнігі. І яна зрабіла, я ўдзячны ёй, відавочна гэта падштурхнула мяне яшчэ папрацаваць над ёй, закончыць тэкст».

Сьвятлана Алексіевіч аднойчы ў гутарцы сказала «Свабодзе»: «Чаму вось нічога не атрымалася зь перабудовы? Такая выдатная ідэя, людзі імкнуліся насустрач свабодзе. Але аказалася, што ніхто разуменьня ня мае, што такое свабода. Не было свабодных людзей. А для свабоды патрэбныя свабодныя людзі». Што мяркуе наконт гэтага Андрэй Саньнікаў?

У нас не было досьведу свабоды. Былі свабодныя людзі, ёсьць свабодныя людзі, а вось досьведу жыцьця ў свабодзе не было.

Саньнікаў: «Я пагаджуся з гэтым, але крышку інакш лічу. У нас не было досьведу свабоды. Былі свабодныя людзі, ёсьць свабодныя людзі, а вось досьведу жыцьця ў свабодзе не было. Як ні круці, усё ж свабоду дае дэмакратыя ў наш час».

А ў Беларусі не было досьведу і не было нават, можна сказаць, інстытутаў свабоды, зазначае Андрэй Саньнікаў.

Сёньня можна пачуць, што рэпрэсій стала меней, і адначасова менш новых «турэмных» кніг.

Саньнікаў: «Я не пагаджуся, што менш рэпрэсіяў стала, яны менш відавочныя, кажа былы палітвязень. Зараз дыктатура імкнецца зрабіць усё, каб іх не заўважалі на Захадзе. Але рэпрэсіяў менш ня стала, сыстэма не зьмянілася. А чаго каштавала кніга? Цяжкая праца, я шмат працаваў, але ёсьць тэрапэўтычны эфэкт. Трэба пісаць, каб людзі ведалі, што адбываецца ў беларускіх турмах. Тым больш такія кнігі патрэбныя цяпер.

Таму што дэмакратычныя краіны пайшлі на размову з дыктатурай і зноў пачалі лічыць, што праз дыктатуру можна прыйсьці да свабоды. Не, нельга. Гэта магчыма праз змаганьне з дыктатурай і нам вельмі патрэбная падтрымка такога змаганьня», — падсумоўвае Андрэй Саньнікаў.

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:00:40 0:00
Наўпроставы лінк

Зь лягернай літаратурай ён быў знаёмы раней, кажа палітвязень. Чытаў Салжаніцына і Шаламава, Букоўскага і сучасных аўтараў, што сядзелі ў Расеі — Хадаркоўскага і Пераверзева. Чытаў Ігара Аліневіча, кнігу якога лічыць подзьвігам, таму што яна была напісаная за кратамі.

«Я пішу аб гэтым у кнізе: я даволі рана прачытаў Салжаніцына „Адзін дзень Івана Дзянісавіча“. Я памятаю яшчэ, калі гэта было ў школьнай праграме, потым выключылі гэтую кніжку. Проста жахлівае ўражаньне было ад таго, што адбываецца зь людзьмі ў лягерах, у ГУЛАГу. Потым я прачытаў на зоне Салжаніцына, і мне ўжо не падалася такой змрочнай кніга і лягерны быт. Таму што сам апынуўся ў гэтым лягерным бараку. На жаль, такой літаратуры было шмат у савецкія часы і ў нас цяпер зьявілася літаратура турмаў, літаратура вязьняў».

Былы палітвязень Яўген Васьковіч падзяліўся на сайце «Свабоды» ўражаньнямі ад вытрымак з кнігі Андрэя Саньнікава і параўнаў прачытанае са сваім досьведам. На нашу просьбу пракамэнтаваць заўвагі Васьковіча, Саньнікаў адзначыў, што не чытаў гэтую публікацыю.

«Еду в Магадан» чытаюць на сямі мовах

Сёньня ў былога палітвязьня Ігара Аліневіча ідзе адаптацыя да нармальнага жыцьця і ёсьць цікавая справа: яго кнігу «Еду в Магадан», адзначаную раней прэміяй імя Францішка Аляхновіча, працягваюць перакладаць з расейскага арыгіналу. Наша праграма папрасіла яго расказаць аб гэтым больш падрабязна.

Ігар Аліневіч
Ігар Аліневіч

«Усе пераклады, якія былі дагэтуль зробленыя (на шэсьць моваў), яны выкананыя непрафэсійнымі перакладчыкамі, зазначае Ігар, энтузіястамі. І я лічу, што, можа быць, гэта нават новая форма сацыяльнага дзеяньня ХХІ веку: неабыякавыя людзі ўкладаць уласныя высілкі, час і могуць займацца сумеснай творчасьцю. Напрыклад, гэта можа быць пераклад кнігі. Для гэтага нічога ня трэба, грошай, толькі голы энтузіязм».

Ігар Аліневіч кажа, што ягоную кнігу чытаюць менавіта ў папяровым фармаце, чым ён быў зьдзіўлены. Канкрэтна на сёньняшні дзень зробленыя пераклады на ангельскую, францускую, польскую, украінскую, беларускую і сэрбскую. Ангельскі варыянт быў гатовы літаральна за год, кажа Ігар, а самым лепшым ён лічыць польскі.

Былы палітвязень распавядае, што толькі цяпер у Польшчы ён пазнаёміўся з творчасьцю Сьвятланы Алексіевіч, аб якой цяпер шмат пішуць і спрачаюцца. На яго думку, яна сёньня вельмі папулярная сярод польскіх чытачоў:

«Як ні дзіўна, нават у анархісцкіх бібліятэках я знайшоў яе кнігі. І бібліятэкары кажуць, што часам чарга ёсьць, каб узяць пачытаць яе кнігі». Вядома, яна здолела зацікавіць зьместам, кажа Аліневіч: «Гэта што датычыць архетыпу гома саветыкуса. Апошнія падзеі ў сьвеце, сытуацыя ва Ўкраіне, паказваюць, што мэнталітэт савецкага чалавека нікуды ня дзеўся».

Сёньня «савецкая архаіка ўсплывае з глыбіняў псыхікі», разважае Ігар Аліневіч.

Кніга Ігара Аліневіча "Еду ў Магадан"
Кніга Ігара Аліневіча "Еду ў Магадан"

Аліневіч: «У лягерах, мне здаецца, адбіваюцца тыя настроі, каторыя ёсьць у грамадзтве. Гэта было відавочным кожны дзень, калі людзі глядзелі навіны і па тым, якія тэмы ўздымалі ў размовах. Такая падсьвядомая, ірацыянальная надзея на нейкае зьмяненьне, дзякуючы такому новаму аўтарытарызму. Мяне ўразіла, што ненавідзячы беларускі рэжым, людзі гатовыя да такога ж, але, можа, больш вычварнага, цынічнага. Пуцін быў папулярны, менавіта зь ім зьвязваліся надзеі на тое, што ён прыйдзе, адхопіць Беларусь, як Крым, і зьнішчыць усю мясцовую бюракратыю. Надзеі наконт ліквідацыі аўтарытарызму зьвязваюцца зь іншым аўтарытарызмам, у якога брэнд больш моцны, эмацыйны, маляўнічы».

Аднойчы ў інтэрвію «Свабодзе» Сьвятлана Алексіевіч сказала, што «турэмныя сытуацыі ствараюць толькі рэвалюцыйныя сытуацыі, вырабляюць толькі рэвалюцыянэраў. Я ня ведаю нікога з маладых людзей, хто б ня выйшаў у Беларусі з турмы без рэвалюцыйных ідэй, без рэвалюцыйных настрояў, нават калі яны пасядзелі ў Акрэсьціна 15 сутак».

Што мяркуе наконт гэтага былы палітвязень, анархіст Ігар Аліневіч?

Гавораць наконт прэміі Аляхновіча, што стала лепей, таму ня пішуць, няма матэрыялу. Я лічу, што поўнасьцю наадварот: стала настолькі горш, што ўжо ня пішуць.

Аліневіч: «Рэпрэсіі заўсёды нараджаюць супраціў. Але я ня згодны, што ёсьць лінейная залежнасьць: больш рэпрэсій, больш супраціву. Вось гавораць наконт прэміі Аляхновіча, што стала лепей, таму ня пішуць, няма матэрыялу. Я лічу, што поўнасьцю наадварот: стала настолькі горш, што ўжо ня пішуць. Вось у чым справа. Супраціў рэпрэсіям — гэта ня статыка, ён узьнікае ў момант новага вітка рэпрэсій. А калі яны набываюць манатонны, устойлівы характар, то людзі прыстасоўваюцца. І не ўзьнікае заўважных пратэстаў».

Аб гэтым сьведчаць апошнія выступы студэнтаў, якія аказаліся малазначнымі зазначае Ігар Аліневіч: «Разумееце, мне 32 гады, я бачыў, што такое сапраўдныя дэманстрацыі. Калі ў паветры прысутнічае напал. Як гараць вочы людзей, што ёсьць жаданьне зьменаў».

Але калі нават няма актыўных пратэстаў, працягвае разважаць Ігар Аліневіч: «зьяўляецца невялікая праслойка людзей, каторыя гатовыя супраціўляцца. І калі рэжым усё-ткі пахісьнецца, я думаю, дзякуючы гэтым людзям пачнецца нейкі лавінападобны рост пратэстаў, і дыктатура будзе зьмецена».

пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:35 0:00
Наўпроставы лінк

Напрыканцы размовы Ігар Аліневіч адзначыў, што цяпер ён шмат падарожнічае, а таксама дапрацоўвае напісаны ім пяць гадоў таму «Еду в Магадан» і рыхтуе другое выданьне кнігі.

Аліневіч: «На пэрспэктыву кніга хвалюе мяне больш за ўсё. Паступова выходжу на сувязь зь людзьмі, зь якімі лёс зьвёў у няволі. Зьяўляюцца новыя дэталі, пра якія я раней сам не здагадваўся і якія, безумоўна, будуць цікавыя людзям...».

Лісты асуджанага з Гарадзенскай турмы, які хацеў узяць удзел у конкурсе імя Аляхновіча:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG