Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З рукапісамі — на выхад! ПОЎНАЕ ВІДЭА І ТЭКСТ


У новай перадачы «Бяз гальштукаў» паспрабуем разабрацца ў глыбока ўкаранёнай беларускай традыцыі — пісаць за кратамі, пагаворым пра турэмную літаратуру напярэдадні Сусьветнага дня правоў чалавека і ганараваньня ляўрэатаў літаратурнай прэміі імя Францішка Аляхновіча. У дыскусіі бяруць удзел былы палітвязень і літаратар Аляксандар Фядута, які правёў за кратамі ў «Амэрыканцы» за падзеі 19 сьнежня падчас прэзыдэнцкіх выбараў амаль чатыры месяцы, і вынікам гэтага сталі кнігі «Амэрыканскія вершы», «Мой маленькі Парыж», дакумэнтальны фільм «Амэрыканка» і анталёгія турэмнай літаратуры «Голас волі з-за кратаў», і аглядальнік Свабоды Ян Максімюк.

Фрагмэнт дыскусіі.

Ганна Соўсь: Павал Севярынец летась на ўручэньні прэміі імя Францішка Аляхновіча казаў пра тое, што ён нават удзячны Богу і лёсу за тыя выпрабаваньні, якія давялося перажыць у турме, вынікам якіх сталі некалькі кнігаў — «Люблю Беларусь» і «Беларуская глыбіня». Аляксандар, вы б так маглі сказаць?

Аляксандар Фядута: Напэўна, не, таму што тыя выпрабаваньні, якія былі, калі я знаходзіўся за кратамі, гэта былі найперш выпрабаваньні не для мяне, а для маіх блізкіх. І менш за ўсё я хацеў бы, каб зь імі паўтарылася вось гэта. Хаця мая жонка, жанчына разумная і дастаткова жорсткая ў сваіх адзнаках, казала, што я нібыта пабываў у Болдзіне, як Пушкін калісьці альбо ў творчым санаторыі.

Соўсь: Прызнайцеся, калі ізаляванае памяшканьне, адзіночка, то ў параўнаньні са звычайным пісьмовым сталом натхненьне хутчэй прыходзіць?

Фядута: Не. Там справа ў іншым. Справа ў тым, каб не звар’яцець, бо ў цябе няма суразмоўцаў і ты прымушаны зь кімсьці размаўляць. Калі ты размаўляеш услых сам з сабой, становіцца зразумела, што нешта ня так. А калі ты пішаш нешта на паперы, то ўсё адбываецца так, як яно павінна адбывацца. Ты ўяўляеш сабе свайго чытача, чалавека, зь якім ты хочаш паразмаўляць такім чынам і пішаш.

Соўсь: Ян, наколькі глыбокая, укаранёная традыцыя турэмнай літаратуры для беларускай літаратуры?

Ян Максімюк: Нечакана для сябе я адкрыў, што навейшая беларуская літаратура як раз пачыналася ў турме. Я маю на ўвазе найперш турэмны прысуд Якубу Коласу, які сядзеў у турме ад 1908 да 1912 году і за кратамі напісаў некалькі разьдзелаў «Новай зямлі». Гэты быў пэрыяд, калі пачыналася літаратура нашаніўскай пары, і наагул беларуская літаратура. Потым натуральна кніга Францішка Аляхновіча "У кіпцюрох ГПУ", гэта клясыка ня толькі беларускай, але сусьветнай турэмнай літаратуры.

Соўсь: Фактычна першы твор пра ГУЛАГ.

Максімюк: Гэта так. Потым быў яшчэ адзін твор пра ГУЛАГ — «Споведзь» Ларысы Геніюш. І цяпер маем навейшую ўжо хвалю турэмнай літаратуры, прадстаўніком якой зьяўляецца Аляксандар Фядута. Мне здаецца, што гэтая хваля літаратуры 1990-х гадоў пачалася ад зьняволеньня паэта Славаміра Адамовіча, які сядзеў за кратамі 9 месяцаў у 1996 годзе за верш «Забі прэзыдэнта» на расейскай мове. Ён вёў турэмны дзёньнік, які выйшаў кнігай. Гэта быў адзін з першых прыкладаў турэмнай літаратуры ў незалежнай Беларусі.

Соўсь: Дык маем больш за 100-гадовую традыцыю турэмнай літаратуры...

Максімюк: Атрымліваецца, што так.

Соўсь: Аляксандар, вы ўклалі ўнікальную турэмную анталёгію «Голас волі з-за кратаў», амаль тысяча старонак, у якую трапілі творы самых розных вязьняў часоў кіраваньня Лукашэнкі. Што аб’ядноўвае гэтыя творы? Ці можна іх прачытаць як адзін поўны твор?

Фядута: Напэўна, не, бо там творы самага рознага кшталту. Там ёсьць вершы, там ёсьць проза фікшн і проза нон фікшн, ёсьць публіцыстыка і ёсьць дзёньнікі, ёсьць успаміны. І зусім ня ўсё тычыцца менавіта турмы, наадварот, калі знаходзісься ў турме, менш за ўсё хочацца пісаць пра турму. Ёсьць кнігі, якія не зьяўляюцца мастацкімі. Напрыклад, выдадзеная Радыё Свабода кніга вядомага мэдыка Юрыя Бандажэўскага. Гэта прафэсійная кніга. Калі б у мяне была мажлівасьць карыстацца ў турме (бо я філёляг) тэкстамі клясыкаў 19-га стагодзьдзя ў той колькасьці, ў якой мне гэта было патрэбна, магчыма, што я проста дапісаў бы сваю габілітацыйную працу. А зараз я прымушаны займацца гэтым на волі.

Соўсь: Якія творы, напісаныя ў турме, на вашую думку, застануцца ня толькі як публіцыстычнае сьведчаньне часу, але і як сапраўдная літаратура, якую будуць чытаць людзі, якія могуць зусім ня ведаць, хто такі Аляксандар Лукашэнка?

Фядута: Зразумела, што застануцца вершы Някляева. Я не магу сказаць, што пашанцавала, але тое, што ён напісаў, гэта выдатны мастацкі твор. Я маю на ўвазе ягоны цыкль «Лісты да Волі» і ягоную паэму «Турма». Гэта выдатныя мастацкія творы, і дзякуй Богу, што яны зьявіліся як творы. Дзякуй Богу, што Ўладзімер Пракопавіч здолеў гэта напісаць. Я спадзяюся, што застанецца некалькі мэмуарных твораў. Найперш кніга Васіля Лявонава «Праца над памылкамі», бо гэта больш шырокі кантэкст, чым турэмная літаратура, бо гэтая кніга будзе адной з асноўных крыніцаў для будучых гісторыкаў нашых часоў. А вось з турэмных твораў застанецца кніга Ігара Аліневіча «Еду ў Магадан». І на мой погляд, слушна, што менавіта гэты твор прынёс ягонаму аўтару , спадару Аліневічу статус першага ляўрэата прэміі імя Францішка Аляхновіча.

Соўсь: У сярэдзіне 2000-х у турме на Акрэсьціна ў адной камэры апынуліся рэжысэр Валеры Мазынскі, праваабаронца Валер Шчукін і рэжысэр Юры Хашчавацкі. І Валер Мазынскі паставіў у камэры за кратамі п’есу Горкага «На дне». Ігар Аліневіч у сваім творы «Еду ў Магадан» прыгадвае, як вы, Аляксандар, пераказвалі вязьням «Графа Мантэ-Крыста» Аляксандра Дзюма. Выглядае, што літаратура і турма вельмі моцна ўзаемазьвязаныя і самымі рознымі спосабамі. Літаратурныя творы і ствараюцца за кратамі і набываюць новае жыцьцё за кратамі. Ці вы згодныя?

Максімюк: Што да таго, што вязьні пераказваюць фабулу «Графа Монтэ-Крыста», то варта адзначыць, што гэтая кніга не была напісаная ў турме, і аўтар не сядзеў у турме, але аўтар адлюстроўвае турэмнае жыцьцё вельмі калярытна. І гэта фактычна першая кніга, зь якой я дазнаўся пра турэмнае жыцьцё. Такі чалавек як я, які ня быў за кратамі і баіцца туды трапіць, мяркуе пра турму як раз па літаратуры...

Соўсь: Дарэчы ў рамане Салжаніцына «У крузе першым» таксама фігуруе «Граф Монтэ-Крыста», і вязьні адзначаюць вельмі лёгкі рэжым у Эдмона Дантэса ў параўнаньні з гулагаўскім.

Максімюк: Існуюць вельмі добрыя творы, напісаныя аўтарамі, якія былі ў турме. Для мяне такім шэдэўрам сусьветнай турэмнай літаратуры зьяўляюцца «Запіскі зь мёртвага дому» Фёдара Дастаеўскага, твор, зь якога пачаўся вялікі Дастаеўскі, якога мы ведаем. У турме ствараліся ня толькі творы пра турму, ствараліся сусьветныя шэдэўры зусім на іншыя тэмы. Нагадаем, што Сэрвантэс напісаў «Дон Кіхота» ў турме, згадаем скандальныя творы Маркіза дэ Сада. Ён 30 гадоў сядзеў у турме, і амаль усе свае творы там і напісаў. Не заўсёды творы, напісаныя ў турме, можна назваць літаратурай, і не заўсёды яны маюць значэньне для культуры, бо бывалі і злавесныя кнігі, напісаныя ў турме. Варта тут прыгадаць «Майн Кампф» Адольфа Гітлера...

Соўсь: Ці тэксты Леніна, напісаныя ў турме...

Фядута: Што тычыцца палітычных тэкстаў, то ёсьць розныя тэксты, напісаныя ў турме. Ёсьць тэксты, напісаныя Джавахарлалам Нэру, і ёсьць тэксты, напрыклад, і Антоніё Грамшы. Так што ня толькі Ленін ці Гітлер пісалі за кратамі...

Соўсь: 10 сьнежня ў сядзебе Партыі БНФ адбудзецца ўганараваньне ляўрэатаў літаратурнага конкурсу імя Францішка Аляхновіча, які ўжо другі год запар праводзяць Радыё Свабода і Беларусі ПЭН-цэнтар. Ня будзем рабіць прагнозаў наконт вынікаў конкурсу, усё можна будзе пабачыць і пачуць падчас жывой відэатрансьляцыі на сайце Радыё Свабода а 18 гадзіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG