Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Хадановіч: Турма — цынічны каталізатар літаратурнай творчасьці


Андрэй Хадановіч
Андрэй Хадановіч

Андрэй Хадановіч, старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру, які разам з Радыё Свабода арганізуе літаратурную прэмію імя Францішка Аляхновіча, назваў самыя выбітныя творы-прэтэндэнты на ляўрэацтва ў гэтым годзе.

10 сьнежня а 18-й гадзіне ў менскай сядзібе партыі БНФ адбудзецца цырымонія ўганараваньня ляўрэатаў літаратурнай прэміі імя Францішка Аляхновіча за творы, напісаныя ў зьняволеньні.

Сярод намінантаў сёлетняй прэміі: Наста Азарка, Алесь Бяляцкі, Аляксандар Буд-Гусаім, Зьміцер Дашкевіч, Ігар Міхнавец, Фелікс Пекер, Павал Севярынец, Аляксандар Фядута, Ірына Халіп.

— Якія з тых твораў, што змагаюцца за прэмію, можна вылучыць ня толькі як творы, напісаныя ў зьняволеньні, але і з пункту гледжаньня высокай літаратурнай вартасьці?

— Творы большасьці намінантаў прэміі — ня проста жэст мужнасьці і ня проста сумны, але каштоўны для чытачоў досьвед. Гэта яшчэ і не абы-якія кнігі зь літаратурнага гледзішча. Ад двух прафэсійных філёлягаў — Алеся Бяляцага зь яго «Іртутным срэбрам жыцьця» і «Халодным крылом радзімы» і Аляксандра Фядуты зь яго кнігамі «Амэрыканскія вершы» і «Мой маленькі Парыж» — напісанае за кратамі чакалася, бо кожны ведае, што філялёгія і літаратура — вялікая частка іх жыцьця. Яны пісаць умеюць, і ў гэтым сэнсе яны нас не расчаравалі. З году ў год журы некалькіх літаратурных конкурсаў пільна сочаць за Паўлам Севярынцам. Сёньня можна сьмела казаць, што гэта ня толькі палітык — гэта ўжо пісьменьнік-публіцыст, які валодае літаратурным майстэрствам. Таксама можна адзначыць Зьмітра Дашкевіча зь яго «Чарвяком» і Ірыну Халіп зь яе «Дзёньнікам зэчкі». У чытаньні гэтых твораў будзе ня толькі грамадзянскі альтруізм і праява салідарнасьці, але і літаратурная цікавасьць.

— Чалавек, які піша ў зьняволеньні, пасьля вызваленьня трапляе ў літаратарскую супольнасьць?

— Кожны з намінантаў — гэта не выпадковы чалавек. Усе гэтыя людзі маюць і сваю пазыцыю, і прафэсію, і сфэру заангажаванасьці. Людзі пасьля турмы не зьмяняюцца. Турма іх загартоўвае, але не зьмяняе. Да прыкладу, Алесь Бяляцкі. Ён любіць і прапагандуе літаратуру ўвесь час паралельна са сваёй праваабарончай дзейнасьцю. Цяжка пачынаць інтэгравацца ў літаратуру, будучы вялікім сябрам найлепшых беларускіх пісьменьнікаў, маючы ў досьведзе дырэктарства музэем Максіма Багдановіча. Алесь Бяляцкі і так даўно інтэграваны ў літаратуру. Таксама нельга сказаць, што патрабуе нейкай спэцыяльнай інтэграцыі ў літаратуру Аляксандар Фядута. А вось тое, што Павал Севярынец і Зьміцер Дашкевіч пачынаюць асацыявацца ня толькі з маладой незалежнай палітыкай, але і зь літаратурай, гэта значна. Досыць згадаць, што Зьміцер Дашкевіч актыўна прэтэндаваў на перамогу і ўрэшце атрымаў заахвочвальную прэмію непалітычнага літаратурнага конкурсу «Дэбют» імя Максіма Багдановіча. Такім чынам, вялікае кампэтэнтнае журы расьпісалася ў тым, што Зьміцер Дашкевіч інтэграваны ў літаратуру.

Зьміцер Дашкевіч
Зьміцер Дашкевіч

— Каму цікавыя кнігі з-за кратаў? Ці ёсьць на іх попыт у грамадзтве?

Абвяшчаючы прэмію, арганізатары выказалі надзею, што само абвяшчэньне спрычыніцца да таго, што сытуацыя ў Беларусі зьменіцца, і гэтая прэмія перастане быць актуальнай. Быў спадзеў, што інтэлектуалы, мастакі, пісьменьнікі праз сваю палітычную пазыцыю перастануць трапляць за краты. Але сёньня мы маем тое, што маем.

Зразумела, ацэньваючы турэмную літаратуру, мы ацэньваем ня толькі яе стылістычны аспэкт, мы ня ўзважваем на аптэкарскіх шалях складаназалежныя сказы і майстэрства іх пляценьня. Тут гаворка ідзе пра нешта большае — пра грамадзянскую і чалавечую пазыцыю, пра тое, што такі досьвед недаступны большасьці чытачоў, але патрэбны для нашай салідарнасьці і неабыякавасьці. Сумна, што ў маштабах краіны гэты досьвед у нашых пісьменьнікаў ёсьць, але хацелася б, каб ён не прайшоў намарна — ня толькі для іх, але і для нашай культуры і грамадзтва ў цэлым. Таму зразумела, што «турэмная» літаратура выконвае выхаваўчую, грамадзянскую ролю ў грамадзтве.

— Зразумела, што ва ўмовах турмы чалавек найперш хоча расказаць пра свой новы досьвед, таму часта ў турме і пішуць пра турму. Але ж не заўсёды. Пра што яшчэ пішуць зьняволеныя?

— Людзі пішуць ня толькі пра жыцьцё ў турме. Калі «Чарвяк» Дашкевіча пабудаваны непасрэдна на турэмным досьведзе з упляценьнем развагаў пра хрысьціянскія каштоўнасьці, то кнігі Бяляцкага адлюстроўваюць яго кола зацікаўленьняў. Турма, як сумна жартаваў нобэлеўскі ляўрэат Іосіф Бродзкі, абмяжоўваючы чалавеку прастору, не абмяжоўвае яму час. Атрымліваецца такі цынічны каталізатар духоўнай дзейнасьці. Замкнёны ў чатырох сьценах, ты можаш засяродзіцца на сыстэматычнай літаратурнай працы. І пісаць можаш пра што заўгодна.

Прэмія імя Францішка Аляхновіча заснаваная ў 2013 годзе Беларускім ПЭН-цэнтрам і Радыё Свабода. Тэматыка твораў, якія могуць прэтэндаваць на прэмію, ніякімі патрабаваньнямі не абмежаваная. На разгляд прымаюцца дакумэнтальныя і мастацкія творы на беларускай і рускай мовах, як апублікаваныя, гэтак і ў рукапісах, створаныя ў зьняволеньні і дасланыя на працягу году. Права намінацыі маюць таксама ўсе сябры ПЭН-цэнтру.

Журы традыцыйна вызначае пераможцу і абвяшчае вынікі 10 сьнежня, у міжнародны Дзень правоў чалавека.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG