Агрэсіўная зьнешняя палітыка Расеі працуе на аб’яднаньне беларусаў і павялічэньне нацыянальнай сьвядомасьці. Такое меркаваньне ў інтэрвію Свабодзе выказаў паплечнік Генадьдзя Карпенкі, падпалкоўнік КДБ у адстаўцы Валер Костка, які сёньня адзначае свой 60-гадовы юбілей.
— Спадар Валер, у якім настроі вы сустракаеце свой 60-гадовы юбілей?
— Спадзяюся, што чорная паласа заканчваецца і тое, што наперадзе хоць і больш сталыя гады, але і больш сьветлыя — не толькі для мяне, але і для ўсёй Беларусі. Трэба нешта рабіць сьветлае, што пераўтварае нашу Беларусь у яркую прыгожую краіну, як гэта зрабіла Сьвятлана Алексіевіч.
— Чым вы займаліся апошнім часам? І якія ў вас бліжэйшыя пляны?
— Мы інтэнсіўна займаемся садаводзтвам і пчалярствам — гэта дзьве богаўгодных справы, таму што і мёд, і яблыкі — гэта біблейская ежа. Вось яблыкі і мёд вырабляем і будзем гэтым займацца. А таксама будзем сачыць за падзеямі.
Перамены прыйдуць тады, калі будуць перамены ў сьвядомасьці.
— На вашу думку, калі чакаць перамен у Беларусі?
— Перамены прыйдуць тады, калі будуць перамены ў сьвядомасьці. Калі мы навучымся распазнаваць зло, то адбудуцца перамены і будзе дабро. Справа ў тым, што Плошча заўсёды пачынаецца са сьвядомасьці. Будзе зьмена сьвядомасьці, тады прыйдуць перамены.
— Ці існуе сёньня пагроза незалежнасьці Беларусі?
— Як фактар, пагроза існуе. Але справа ў тым, што Расея цяпер сваімі дзеяньнямі ўмацоўвае нашу нацыянальную сьвядомасьць. То бок, Расея сваёй палітыкай, сваёй эканомікай, сваёй хлусьнёй працуе на тое, каб у Беларусі не здарылася акту анэксіі з боку Расеі. Таму пакуль ва ўладзе ў Расеі знаходзіцца Пуцін з кожным днём пагроза зьнешняя будзе нібыта расьці, але Пуцін будзе ўсё рабіць, каб нас, як украінцаў, аб’яднаць і зрабіць нацыянальна сьвядомым грамадзтвам. Вось у гэтым парадокс: Пуцін робіць усё, каб не дасягнуць тых мэтаў, якія перад сабой ставіць. Пуцін проста сарваў з сябе маску, мы цяпер разумеем, што гэта зло.