Дзяржаўная беларуская прэса ігнаруе Алексіевіч. Пра ўручэньне ёй Нобэлеўскай прэміі дзяржаўныя СМІ распавядалі сьцісла і ня першымі навінамі, яе лекцыю не паказвалі і практычна ня згадвалі. Не зьбіраюцца і трансьляваць цырымонію ўручэньня прэміі: у праграме «Беларусь-1» на 10 сьнежня — «Зона ікс» альбо «Чакай мяне». Толькі тэлеканал «Белсат», які вяшчае па-беларуску з Польшчы, зьбіраецца перадаваць трансьляцыю цырымоніі ўручэньня прэміі ў межах «Нобэлеўскага тыдня са Сьвятланай Алексіевіч».
Беларусы зьвяртаюцца да кіраўніцтва БТ і АНТ у пэтыцыі на Change.org і просяць паказаць зладзіць трансьляцыю ўручэньня прэміі:
«Нобэлеўская прэмія Алексіевіч — гэта сапраўднае сьвята ня толькі для жыхароў Беларусі, але і для ўсіх расейскамоўных людзей. Ці ня гэта ёсьць праяваю патрыятызму ў яго найвышэйшай ступені? Для Беларусі, мабыць, не. Колькі часу тэлеэфіру было прысьвечана гэтай падзеі па ўсім сьвеце! Якая колькасьць цёплых словаў была падораная Сьвятлане людзьмі з розных краінаў! Але няўжо Сьвятлане няма месца ў беларускай культуры? Мы ўпэўненыя, што ёсьць!»
Пэтыцыя накіраваная міністру культуры Барысу Сьвятлову, старшыні «Белтэлерадыёкампаніі» Генадзю Давыдзьку і старшыні праўленьня «Другога нацыянальнага тэлеканалу» (АНТ) Рыгору Кісялю. На момант публікацыі пад пэтыцыяй сабралася больш за 6 тысяч подпісаў.