Усе беларускія тэлеканалы, акрамя «Белсату», адмовіліся ад трансьляцыі ўручэньня Нобэлеўскай прэміі Сьвятлане Алексіевіч і яе нобэлеўскай лекцыі. Як сьцьвярджае «Эўрарадыё», трансьляцыю беларускія каналы маглі весьці, не заплаціўшы нічога ці практычна нічога. Тым ня меней, яны абралі іншыя шоў.
Уручэньне Нобэлеўскай прэміі Сьвятлане Алексіевіч пачнецца 10 сьнежня а 18:30 па менскім часе. Праграма перадач на момант публікацыі была такой:
Беларусь 1: «Белорусское времечко» і навіны.
Беларусь 2: Сэрыял «Бафі — зьнішчальніца вампіраў» і расейская кулінарная камэдыя «Кухня» пасьля яго.
Беларусь 3: Апошнія хвіліны гістарычнай драмы «Зулусы», пасьля — «Калейдаскоп» (у якім паведамленьне пра Алексіевіч прынамсі пасавала б пад фармат), пасьля — «Таямніцы палацавых пераваротаў».
Беларусь 24: Расейская камэдыя «Ёсьць ідэя» і навіны.
АНТ: Расейскі сэрыял «Татавы дочкі» і «Хай гавораць» з Андрэем Малахавым.
СТВ: Дакумэнтальны праект «Астраномы старажытных сусьветаў».
РТР-Беларусь: Расейскі сэрыял «Сямейны дэтэктыў».
НТВ-Беларусь: Ток-шоў «Гаворым і паказваем» і навіны.
8 канал: Тэлесэрыял «Бездань».
Таксама тэлеканалы маглі б, ды не зьбіраюцца трансьляваць нобэлеўскую лекцыю Алексіевіч, што пачнецца 7 сьнежня а 19:30. Замест яе «Арэна» і «Зона Ікс» на Беларусь-1, «Кухня» на Беларусь-2 і «Таямніцы палацавых пераваротаў» па Беларусь-3, «24 пытаньні» і сэрыял «Грань», «Чакай мяне» па АНТ.
Тым часам «Белсат» ня толькі будзе трансьляваць «Нобэля» Алексіевіч, але і прысьвеціць гэтай падзеі значную частку этэру на тыдні, які абвясьціў «Нобэлеўскім тыднем са Сьвятланай Алексіевіч».
Таксама трансьляцыі «Нобэля» Алексіевіч, як і іншых нобэлеўскіх ляўрэатаў, можна бясплатна паглядзець на Youtube: тут 7 сьнежня а 19:30 пачнецца трансьляцыя нобэлеўскай лекцыі Алексіевіч, тут 10 сьнежня а 18:30 пачнецца трансьляцыя ўручэньня прэміі.