Адна з нападніц падчас масавага растрэлу людзей у амэрыканскім горадзе Сан-Бэрнардына (штат Каліфорнія) — Ташфін Малік, мяркуючы па ўсім, давала клятву вернасьці лідэру экстрэмісцкай групоўкі «Ісламская дзяржава».
Пра гэта паведаміла агенцтва Reuters са спасылкай на дзьве ананімныя крыніцы ва ўрадзе ЗША.
27-гадовая Малік і яе 28-гадовы муж Саед Рызван Фарук былі забітыя 3 сьнежня ў перастрэлцы з паліцыяй — пасьля таго, як днём раней забілі 14 чалавек і яшчэ больш за 20 паранілі.
Улады ЗША паведамілі, што Малік мела пакістанскі пашпарт, а Фарук — грамадзянін ЗША.
Пры ператрусе ў іх у доме былі знойдзены больш за 3 тысячы патронаў, 12 самаробных выбуховых прылад і сотні дэталяў для іх вырабу.