Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяляцкі рыхтуе кнігу турэмных успамінаў


Алесь Бяляцкі
Алесь Бяляцкі

У «Арт-Сядзібе» прайшла сустрэча праваабаронцы Алеся Бяляцкага з моладзьдзю.

Былы палітзьняволены апавёў пра свой трохгадовы турэмны досьвед і праанансаваў кнігу ўспамінаў, якія плянуе выдаць у наступным годзе.

Як піша партал TUT.by, у рамках дыялёгу з прысутнымі Алесь Бяляцкі прэзэнтаваў сваю пятую кнігу — «Халоднае крыло Радзімы», выдадзеную летась у Вільні. Напачатку ён згадаў, з чаго ўзьнік праваабарончы цэнтар «Вясна»:

«У 1994 годзе адбыліся першыя прэзыдэнцкія выбары, а ў 1995-м зьявіліся першыя палітычныя рэпрэсіі. Калі сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пачала імкліва пагаршацца, мы стварылі „Вясну“».

На той час Алесь Бяляцкі працаваў дырэктарам музэя Максіма Багдановіча.

Сам праваабаронца быў арыштаваны ў жніўні 2011 году. Да суду утрымліваўся ў менскім СІЗА № 1, пасьля ў жодзінскім СІЗА і бабруйскай папраўчай калёніі № 2. На волю выйшаў па амністыі ў чэрвені 2014-га.

Алесь Бяляцкі. Фота з суду
Алесь Бяляцкі. Фота з суду

«Зараз мы маем той шчасьлівы момант, калі ў Беларусі няма палітычных зьняволеных — за апошнія 20 гадоў гэта вельмі рэдкі час. Ніхто ня ведае, як доўга ён працягнецца», — сказаў Бяляцкі, дадаўшы, што насамрэч палітвязьняў вызвалілі толькі дзеля захаваньня ўлады цяперашнім кіраўніком краіны.

Большую частку выступу занялі ўспаміны пра трохгадовае зьняволеньне. Алесь Бяляцкі паказваў фатаздымкі і распавядаў пра кожны зь іх:

«Я знайшоў у інтэрнэце дзьве сэрыі фатаздымкаў, якія былі зробленыя ў той час, калі я там сядзеў. Яны мяне моцна ўразілі, таму што я бачыў тых людзей, зь якімі разам сядзеў, тыя памяшканьні, дзе жыў, працаваў, хадзіў. Яны дапамогуць мне выдаць успаміны ў наступным годзе», — распавёў праваабаронца перад фотапрэзэнтацыяй.

«Адзін зь цікавых слайдаў тычыцца пачатку 2011-га. Гэта быў час пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Зь дзесяці кандыдатаў восем былі затрыманыя і пяць апынуліся ў турме. Таксама пазбавілі волі сотні іншых актывістаў. Наша адвакатаваньне прывяло да таго, што пачалі аказваць ціск. Офіс „Вясны“ пэрыядычна атакавалі. У дзень выбараў забралі кампутары. Потым быў вобшук па справе аб масавых беспарадках.

Ператрусы ў офісе "Вясны", 2011 год
Ператрусы ў офісе "Вясны", 2011 год

Калі мы дазналіся, што каля пад’езду знаходзяцца людзі ў цывільным, зачынілі дзьверы на замкі і пачалі чысьціць сталы. Самае галоўнае — кампутары. Гэта была ўжо другая партыя, якую прыцягнулі з дому: старыя, але на якіх можна было працаваць. Самае непрыемнае — адчуваньне, што калі і іх забяруць — прыйдзецца сядзець з голымі рукамі. Офіс у нас быў на першым паверсе, вокны закратаваныя. Але на варыўні вокны выходзілі на другі бок, там можна было адчыніць краты. Усе туды і вылезьлі разам з кампутарамі. У кватэры засталіся двое. Калі КДБ зь міліцыяй трапілі ў офіс — у іх быў шок. Яны ж ведалі, што ён ня можа быць пусты...»

Фота з архіву Алеся Бяляцкага
Фота з архіву Алеся Бяляцкага

Пасьля затрыманьня ў жніўні 2011-га, апавёў далей Алесь Бяляцкі, большую частку часу да суду ён адседзеў у СІЗА № 1, у камэры на шэсьць чалавек. Пасьля суду былі тры месяцы ў Жодзіне. Там умовы былі больш жорсткія: трымалі ў камэры па двое, удзень нельга было ляжаць на ложку, толькі сядзець. Шпацыры былі скарочаныя, ня больш за паўгадзіны. Тут стаў пісаць, адчуўшы, што нельга губляць час.

У лютым 2012-га Алеся пераводзяць у Бабруйскую калёнію. Працэс быў суровы: ноччу, з сабакамі: «Сапраўднае пекла», — кажа Бяляцкі.

Бабруйская турма
Бабруйская турма

«Стаўленьне да палітычных (а інфармацыя там разыходзіцца вельмі хутка) паважлівае. Спачатку „прабіваюць“, глядзяць, як ты сябе паводзіш — там схаваць практычна нічога немагчыма. Людзям, якія сядзяць па 10–12 гадоў, дастаткова некалькі хвілін паглядзець на цябе — і ён пра цябе ўсё ведае. Псыхалягічна, як рэнтген, прасьвечваюць людзей. Іншая справа, што частка асуджаных супрацоўнічае з адміністрацыяй. Іх называюць „казламі“ ці „казлабандай“. Гэтая частка арганізоўвае правакацыі, спрабуе раскруціць на бойкі і іншыя канфлікты, вывесьці зь сябе, зьняважыць. Але ў вельмі складаныя сытуацыі я не трапляў. Галоўнае, жыць па старой прымаўцы — „Ня вер, ня бойся, не прасі“. У калёніі спрацоўвае дакладна».

Алесь Бяляцкі прадэманстраваў ці ня самы рэдкі здымак з турэмнай калекцыі:

Фота з архіву Алеся Бяляцкага
Фота з архіву Алеся Бяляцкага

«Гэта ўнікальны здымак, бо на ім — я. Мець у турме тэлефон — вялікае злачынства. Але адзін чалавек змог мяне сфатаграфаваць перад вызваленьнем. Вопратка працоўная, але быў яшчэ нармальны касьцюм, пашыты зэкамі, за што яны і пацярпелі. Калі я трапіў у атрад з каранціна, хлопцы прапанавалі пашыць нармальную вопратку. Я кажу: «Вам за гэта галаву адкруцяць». Яны адмахнуліся. Пашылі не са скрадзенага ці зэканомленага, а з афіцыйнага (некаму па пасылцы перадалі, а я купіў за цыгарэты). Іначай было б горш. Начальства адразу заўважыла мяне ў новым касьцюме і пачало расьсьледаваньне: адкуль матэрыял, хто шыў. Тых хлопцаў вылічылі хутка. Мяне не зачапілі, аднаго перавялі ў іншы атрад, другога — на «хімію».

«Вызваленьне стала нечаканым. Чарговую прапанову напісаць прашэньне аб памілаваньні я адхіліў. Была субота. Звычайна ў гэты дзень няма шмат каго з начальства. Заходзіць афіцэр і вядзе да начальніка калёніі. Гэтыя візыты — заўсёды пакараньне, таму непрыемна. А там стаяць чалавек 20 зэкаў. Пытаюся, у чым справа — ніхто ня ведае. Кажуць, што пракурор прыехаў. Затым нам абвясьцілі пра амністыю. Пасадзілі ў машыну хуткай дапамогі і адвезьлі на вакзал. Празь пяць хвілін я ўжо ехаў у электрычцы ў Менск. Папрасіў у хлопцаў мабільны тэлефон, каб патэлефанаваць жонцы. У Менску мяне ўжо сустрэла багата людзей».

Алеся Бяляцкага сустракаюць пасьля вызваленьня з турмы
Алеся Бяляцкага сустракаюць пасьля вызваленьня з турмы

Як расказаў Алесь Бяляцкі, за тры гады за кратамі ён атрымаў больш як 40 тысяч лістоў і паштовак. Былі такія дні, калі атрымліваў больш, чым усе 2000 чалавек у калёніі.

Напрыканцы адзначыў, што ўсё выхаваньне ў беларускіх калёніях пабудавана на страху, прымусе і пакараньні:

«Як было, так і засталося — галоўнае, каб баяўся», — прыводзіць словы праваабаронцы TUT.by.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG