Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогер Матолька вядзе змаганьне за «Пагоню» і нацыянальны сьцяг


Антон Матолька
Антон Матолька

Фатограф і блогер Антон Матолька трымае ў тонусе многія дзяржаўныя органы, спрабуючы дабіцца адказу на пытаньне: ці адносяцца бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» да забароненай сымболікі?

Падставай для такой актыўнасьці стаў цэлы шэраг нядаўніх выпадкаў, калі за «вершніка» на адзеньні людзей затрымлівала міліцыя, а потым іх каралі або адлічвалі з навучальных установаў. Можна прыгадаць такія гучныя гісторыі, як затрыманьне на «Барысаў-Арэне» футбольных заўзятараў у шаліках з нацыянальнай атрыбутыкай і перасьлед кадэтаў вучэльні ў Ястрамбелі, якія сфатаграфаваліся ў майках з «Пагоняй».

Днямі Антон Матолька атрымаў адказ на свой запыт зь Міністэрства культуры, хоць адпачатку накіроўваў яго ў прэзыдэнцкую адміністрацыю. Як кажа Антон Матолька Свабодзе, ведамства адказала фармальнай адпіскай, але станоўчы эфэкт усё ж ёсьць: прынамсі, там намякнулі, што трэба зрабіць, каб надаць нацыянальным сьцягу і гербу статус гісторыка-культурнай каштоўнасьці:

«Наагул, атрымалася так, што адміністрацыя прэзыдэнта перанакіравала ліст ва ўрад, а ўжо Саўмін ад свайго імя — ва ўсе міністэрствы, якія былі пазначаныя (Мінкульт, МУС, Мінадукацыі, Мінгандлю). Па сутнасьці, там атрымалі два лісты: з плятформы, дзе я выклаў пэтыцыю ад свайго імя (калі браць пад увагу подпісы, то атрымаўся калектыўны зварот), а таксама з Саўміну — мой жа ліст, але зь іншага адрасу. То бок адзін ліст з розных бакоў».

У адказе зь Мінкульту ідзе адсылка да таго, што ведамства ўжо разглядала магчымасьць унясеньня бел-чырвона-белага сьцяга ў сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў, але для гэтага не знайшлі аргумэнтаваных падставаў. Іншымі словамі, далі зразумець, што патрэбныя больш грунтоўныя доказы. Такім чынам, кажа Антон Матолька, неабыякавым людзям цяпер неабходна сабраць максымум фактаў на карысьць таго, чаму нацыянальныя сьцяг і герб павінны быць прызнаныя гісторыка-культурнай каштоўнасьцю:

Ня выключана, давядзецца пісаць дадаткова, каб сабраць факты, каб выкарыстаць дасьледаваньні дзесьці гісторыкаў, дзесьці культуролягаў, прафэсіяналаў сваёй справы.

«Мінкульт ня кажа — не, мы ня будзем нічога разглядаць. Ён кажа, што дзеля гэтага трэба зрабіць тое і тое, а раней тое і тое ўжо рабілася. На гэтай падставе я накіраваў ліст у Нацыянальную акадэмію навук, папрасіў азнаёміць мяне з рашэньнем рады, якая яшчэ ў 2008 годзе вывучала магчымасьць наданьня ахоўнага статусу нацыянальнай сымболіцы. Symbal.by, здаецца, пазалетась прыводзіў некалькі дзясяткаў фактаў на карысьць такога рашэньня, але іх таксама аказалася недастаткова. Ня выключана, давядзецца пісаць дадаткова, каб сабраць факты, каб выкарыстаць дасьледаваньні дзесьці гісторыкаў, дзесьці культуролягаў, прафэсіяналаў сваёй справы. Каб яны дапамаглі сабраць факты, якія неабходна будзе прадставіць у той жа Мінкульт ці ў Саўмін дзеля таго, каб там чарговым разам разгледзелі новы статус нацыянальнага сьцяга і герба».

Два гады таму ініцыятары кампаніі папулярызацыі нацыянальнай сымболікі сабралі 50 фактаў у храналягічнай пасьлядоўнасьці, пачынаючы ад XV стагодзьдзя і да сёньняшніх дзён, якія бясспрэчна даводзяць гісторыка-культурную і нацыянальную вартасьць для Рэспублікі Беларусь бел-чырвона-белага сьцяга і герба «Пагоня».

Гэтыя факты сталі асноваю і зьместам абгрунтаваньня, якое актывісты кампаніі падрыхтавалі разам з гісторыкамі і навукоўцамі для Міністэрства культуры і накіравалі туды разам са зваротам — дадаць нацыянальныя сымбалі ў сьпіс нематэрыяльных гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь.

Паўсотні гістарычных сьведчаньняў аказалася недастаткова.

Які адказ зь дзяржаўных ведамстваў задаволіў бы Антона Матольку ды тысячы іншых беларусаў, якія не сумняюцца ў гістарычнай каштоўнасьці бел-чырвона-белага сьцяга і «Пагоні»?

Пытаньне ў тым, каб найбольш шырока абазначыць, што такая праблема афіцыйна існуе.

«Пытаньне ў тым, каб найбольш шырока абазначыць, што такая праблема афіцыйна існуе. Бо ёсьць розначытаньне: міністар унутраных спраў Шуневіч кажа, што „Пагоня“ не забароненая, а ў той жа час ягоныя падначаленыя, супрацоўнікі міліцыі чамусьці лічаць, што гэтыя сымбалі забароненыя. Таму ў звароце і было ўказана: просьба правесьці тлумачальную працу сярод кантынгенту сілавога ведамства. Адпаведна, абазначыць у адміністрацыі прэзыдэнта, што такая праблема існуе, — таксама адзін з вынікаў. Іншымі словамі, цяпер мы пра гэта гаворым ня толькі ў Фэйсбуку, а таксама ў афіцыйных органах улады. Магчыма, дзесьці гэта будзе згадвацца. Такім жа чынам дзейнічалі з Шуневічам і МУС, калі ўзьнікалі нюансы з заўзятарамі зборнай і кадэтамі: „Пагоня“ не забароненая, а праблемы ў людзей ёсьць. І калі міністар некалькі разоў пацьвярджае, што яна не забароненая, і гэта чуюць ягоныя падначаленыя, да іх нарэшце дойдзе: калі так, значыць, трэба лепш весьці тлумачальную працу. Спадзяюся, што гэта таксама падзейнічае. На дадзены момант мы яшчэ не зусім разумеем, якое зь дзеяньняў прыводзіць да станоўчага выніку. Таму трэба выкарыстоўваць усе спосабы, даступныя звычайнаму чалавеку, звычайнаму грамадзяніну».

Пасьля разьмяшчэньня на плятформе petitions.by заклік за легалізацыю нацыянальнай сымболікі сабраў за кароткі час звыш паўтысячы подпісаў.

Прычым, асабліва падкрэсьлівае Антон Матолька, гэта не ананімныя подпісы з сацыяльных сетак, а выразная пазыцыя рэальных людзей з пазначэньнем прозьвішча, месца жыхарства і працы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG