Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заіка: Рэформаў ня будзе, бо кіруюць Беларусьсю пэнсіянэры, у тым ліку Лукашэнка


«Кастрычніцкі эканамічны форум» у Менску. Менск. 4 лістапада 2015 году
«Кастрычніцкі эканамічны форум» у Менску. Менск. 4 лістапада 2015 году

Кіраўніцтва Беларусі не зьбіраецца праводзіць эканамічныя рэформы, і пацьвярджэньнем гэтаму — учорашняя заява Кірыла Рудога. Такое меркаваньне Свабодзе выказалі экспэрты.

Учора памочнік прэзыдэнта — начальнік галоўнага эканамічнага ўпраўленьня адміністрацыі прэзыдэнта Кірыл Руды выступіў на Кастрычніцкім эканамічным форуме з дакладам «Чаму рэформы не атрымаюцца ў 2016 годзе?» Ён, у прыватнасьці, заявіў, што грамадзкага запыту на правядзеньне рэформаў няма, а таксама няма зьнешніх стымулаў, каб іх праводзіць.

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка ў інтэрвію Свабодзе выказаў меркаваньне, што рэформы ў Беларусі сёньня немагчымыя, бо краінай кіруюць людзі старэйшага пакаленьня:

Леанід Заіка
Леанід Заіка

«У кіраўніцтве краіны знаходзяцца ў значнай ступені пэнсіянэры, і прэзыдэнт таксама пэнсіянэр. Таму Беларусь, уласна кажучы, чыста з пункту гледжаньня тэорыі элітаў ня мае патрэбы ў зьмене элітаў і ня мае патрэбы ў канкурэнтнасьці гэтых элітаў. Таму захаваньне сытуацыі зь невялікім касмэтычным рамонтам — гэта тое, што я як навуковец магу канстатаваць на дадзены момант. А запыт на рэформы ёсьць пакуль што ў аднаго невялікага пласта — гэта прадпрымальнікі і дэмакратычная грамадзкасьць, якая становіцца з кожным годам усё менш і менш прыкметнай. Таму рухаючай сілы рэформаў няма. Калі зараз праводзіць рэформы, дырэктары прадпрыемстваў будуць у паніцы — яны і так ня ведаюць, што ім рабіць зь іх прадукцыяй, зь іх людзьмі. Любая рэформа — гэта зьмены, якія невядома чым скончацца. У Лукашэнкі няма неабходнасьці ісьці па невядомым шляху з вынікам, які можа працаваць супраць яго», — лічыць экспэрт.

Эканаміст Леанід Злотнікаў ня згодны са сьцьвярджэньнем Рудога, што ў Беларусі няма запыту на рэформы.

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў

«Запыт на рэформы даўно ёсьць і нават сярод органаў кіраваньня, на больш высокім узроўні. Але галоўнае, што няма жаданьня прэзыдэнта гэтым займацца. Ён сказаў, што пакуль ён будзе заставацца прэзыдэнтам, ён будзе прыхільнікам плянавай эканомікі і ніякіх рынкавых рэформаў не дапусьціць. Таму Руды агучыў афіцыйны пункт гледжаньня — ён і сам нядаўна казаў, што патрэбныя рэформы. Ён проста перадае, трансьлюе тое, што яму належыць трансьляваць», — адзначыў эканаміст у інтэрвію Радыё Свабода.

Чаму Аляксандар Лукашэнка — такі прынцыповы праціўнік рэформаў, можна толькі здагадвацца, кажа Злотнікаў.

Ён чалавек з сацыялістычнымі каштоўнасьцямі — ён цьвёрда стаіць на гэтай глебе. Ягоная сыстэма каштоўнасьцяў сапраўды адпавядае прынцыпам плянавай эканомікі.

«Па-першае, я думаю, што ён чалавек з сацыялістычнымі каштоўнасьцямі — ён цьвёрда стаіць на гэтай глебе. Ягоная сыстэма каштоўнасьцяў сапраўды адпавядае прынцыпам плянавай эканомікі. Па-другое, у яго, акрамя перакананьняў, ёсьць яшчэ і клясавая пазыцыя. Маркс сьцьвярджаў, што быцьцё вызначае сьвядомасьць. Гэта ня значыць, што чалавек думае: я дзеля ўлады павінен стрымліваць рэформы, не даваць сфармавацца гэтаму клясу, які потым уладу ў мяне адбярэ. Я думаю, што так ён не разважае. Проста таму, што ён можа страціць палітычную ўладу, і таму, што ён пры гэтай уладзе, у яго фармуюцца перакананьні, і ён паступае ў сілу сваіх перакананьняў. Але калі глядзець з марксысцкага пункту гледжаньня, гэтыя перакананьні сфармаваныя ладам яго жыцьця, клясавай пазыцыяй», — мяркуе эканаміст.

Адмова праводзіць рэформы ставіць пад пытаньне магчымасьць атрыманьня крэдыту МВФ. Раней прадстаўнікі фонду падкрэсьлівалі, што крэдыт будзе выдзелены толькі ў тым выпадку, калі беларускія ўлады прадэманструюць гатоўнасьць «рэалізаваць амбітную праграму структурных рэформаў».

Леанід Злотнікаў лічыць, што з-за нежаданьня беларускіх уладаў праводзіць рэформы МВФ павінен адмовіць Беларусі ў крэдыце. Але МВФ можа даць крэдыт «з палітычных матываў».

Безумоўна, паколькі рынкавых рэформаў не прадбачыцца, МВФ не павінен даваць крэдыт — калі ён прытрымліваецца сваіх прынцыпаў.

«Безумоўна, паколькі рынкавых рэформаў не прадбачыцца, ён не павінен даваць крэдыт — калі МВФ прытрымліваецца сваіх прынцыпаў. Але фактычна асноўныя акцыянэры МВФ — гэта ЗША і ЭЗ. Калі гэтыя краіны вырашаць зь нейкіх меркаваньняў даць крэдыты — значыць, МВФ, яго выканаўчы орган, нікуды ня дзенецца і выдасьць гэты крэдыт», — падкрэсьлівае эканаміст.

Леанід Заіка, у сваю чаргу, лічыць, што Беларусі і не патрэбен крэдыт МВФ:

«А навошта краіне, у якой 40 мільярдаў даляраў даўгоў, яшчэ 3 мільярды? Хлопцы, у вас і так заробак быў 400, цяпер 389 даляраў — зацягніце паясы, спакойна паглядзіце, хто вы, і проста жывіце па сродках. Час крызісу — гэта час фармаваньня зусім новых структураў, і менавіта гэтым трэба займацца, а ня нейкімі рэформамі. Тым больш яны ня ведаюць, што гэта за рэформы. Прыватызацыю будуць рабіць? Намэнклятура будзе толькі апладзіраваць — яны ж толькі сядзяць і чакаюць, як расьпілаваць уласнасьць. Бо нельга ж так: яны праседзелі 20 гадоў ва ўладзе — і не пакінуць дзецям ні заводзіка, ні фабрыкі?»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG