КДБ паведаміла пра арышт прадпрымальніка з Гародні, сябра Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Андрэя Паўлоўскага, якога пазбавілі дэпутацкай недатыкальнасьці, а таксама пра пачатак крымінальнай справы супраць кіраўніцтва ягонай кампаніі «Біякам».
Крымінальная справа супраць кіраўніцтва прадпрыемства «Біякам» выклікала неадназначную рэакцыю: адны кажуць, што гэта адгалоскі «перадзелу 90-х», іншыя бачаць у справе барацьбу за ўладу. Былыя дэпутаты, знаёмыя зь «вялікім бізнэсам», выказалі Свабодзе свае вэрсіі.
У арышце Андрэя Паўлоўскага нічога выбітнага ня бачыць Андрэй Клімаў, бізнэсовец 90-х і дэпутат Вярхоўнага савету 13 скліканьня, а прысуд лічыць прадказальным:
«Я думаю, што для нашай краіны пазбаўленьне дэпутацкай недатыкальнасьці сэнатара — гэта падзея не шараговая з той прычыны, што там усе „замазаныя“. Яшчэ мае быць суд, але, я думаю, лёс Паўлоўскага вырашаны.
У нашай уладзе няма людзей без кампрамату на іх — бо нашто ім улада, каб законы выконваць, падаткі плаціць? Калі паглядзець на заробкі людзей і на катэджы, у якіх яны жывуць, дык ня трэба быць падатковым інспэктарам, каб вызначыць усё. Можна пабачыць, што машына, на якой езьдзіць чыноўнік, зьядае толькі на запраўку столькі, колькі чыноўнік атрымлівае на месяц. Там, дзе цалкам людзі пагарджаюць законам, яны жывуць „па паняцьцях“. Але ж тут ня ўсе разумеюць, як закон выконваць, што там казаць пра „па паняцьцях“! Мяжа такая ледзь бачная. Сытуацыя ў самім стане ўлады крытычная, разброд і хістаньне. Таму, каб трымаць усіх у шыхце, заклікаць да парадку, праводзяць такую дэманстрацыйную кару. Але нейкай хвалі затрыманьняў, здаецца, няма, пастаянна ідуць арышты высокапастаўленых асобаў.
Усё гэта дробная сошка ў параўнаньні з тым, што было ў свой час, калі ў працоўным кабінэце быў арыштаваны былы міністар сельскай гаспадаркі Васіль Лявонаў, была арыштаваная старшыня Нацбанку Тамара Віньнікава, быў выпісаны ордэр на арышт дзяржсакратара Віктара Шэймана, але арышт ня быў зьдзейсьнены. Рынак быў падзелены ў канцы 90-х. „Перадзел“ скончыўся ў 1997 годзе, калі спачатку старая эліта была адсунутая ва ўрадзе, а потым у Вярхоўным савеце, які быў распушчаны, і там былі дабітыя рэшткі канкурэнтаў. Хоць не выключаю, што нехта пазбаўляецца канкурэнтаў, бо красьці зь бюджэту стала можна меней, крэдыты праедзеныя, а Расея фінансуе нас меней. Але людзі, якія за гэта б’юцца, яны б’юцца не за ежу, а за мільёны даляраў».
Віну Андрэя Паўлоўскага ставіць пад сумнеў Віктар Цярэшчанка, эканаміст, дэпутат Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010:
«Я мала веру ў тую інфармацыю, што даецца Сьледчым камітэтам і іншымі сілавымі структурамі, бо не заўжды яна адпавядае рэчаіснасьці. Я думаю, што цягам некалькіх месяцаў, ня меней, мы даведаемся праўду — пры ўмове, што гэты чалавек зможа данесьці інфармацыю да СМІ, бо іначай даведацца праўду немагчыма. Гэта быў чалавек улады, калі ён быў вылучэнцам праз абласную раду дэпутатаў Гарадзенскай вобласьці. Натуральна, гэта было ўзгоднена, чалавек быў „у абойме“ ўлады.
170 чалавек (такая колькасьць супрацоўнікаў называецца на сайце „Біякама“. — РС) — гэта ўжо немалое прадпрыемства са сваім абаротам, са структурамі, якія ўжо склаліся, узаемаадносінамі зьнешнімі і ўнутранымі. Галоўнае, гэта гісторыя прадпрыемства (паводле сайту „Біякама“, прадпрыемства дзейнічае з 1992 году. — РС). Я ня думаю, што кіраўнік такога прадпрыемства мог наўмысна ісьці на недаплату падаткаў. У наш час гэта вельмі рызыкоўна, небясьпечна. Асабліва зьяўляючыся сэнатарам... наўрад ці гэта было зь ягонай згоды, я так думаю.
Сума для бюджэту немалая (паводле прэсавай службы КДБ, Паўлоўскі схаваў больш за 8 мільёнаў даляраў падаткаў. — РС), асабліва сёньня, калі шукаюць недапрацоўкі, недаборы, нядоімкі ў бюджэце. Таму Камітэт дзяржбясьпекі прапануе розныя варыянты, каб іншым непанадна было. На жаль, цяпер будуць лавіць усе магчымасьці, каб паказаць недабор падатковай праз хуліганства кіраўнікоў прадпрыемстваў, маўляў, у нас усё нармальна ў падатковым заканадаўстве, ды ня ўсе выконваюць, хаваюцца. То бок будуць прыкрываць недапрацоўкі ўлады за кошт невыканальнасьці прыватнага бізнэсу. Гэта, вядома, памылка.
Але ў нас заўсёды кажуць як факт нават там, дзе не было расьсьледаваньняў, пэўнай працэдуры працы сьледчых органаў. У нас заўжды чалавека спачатку пакрыўдзяць, прынізяць, пазбавяць недатыкальнасьці, пасадзяць, а потым зададуцца пытаньнем: „А давайце знойдзем што-небудзь“. Гэта ня значыць, што чалавек нявінны, я спрабую разважаць з абодвух бакоў».