КДБ пацьвердзіў арышт прадпрымальніка з Гародні, сябра Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Андрэя Паўлоўскага, якога 30 кастрычніка пазбавілі дэпутацкай недатыкальнасьці.
Паводле прэсавай службы КДБ, Андрэй Паўлоўскі схаваў больш за 8 мільёнаў даляраў падаткаў. Крымінальныя справы па артыкуле аб ухіленьні ад асабліва вялікіх падаткаў распачатыя супраць шасьці прадстаўнікоў кіраўніцтва «Біякома» і ўладальніка кампаніі. Затрыманыя цяпер у сьледчым ізалятары КДБ, ім пагражае да сямі год пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці. Сьледзтва выявіла злачынную дзейнасьць, якая вялася праз шэраг падкантрольных замежных кампаніяў, паведамляе спэцслужба.
30 кастрычніка на паседжаньні Савету Рэспублікі, на якім прымалася рашэньне пазбавіць Андрэя Паўлоўскага дэпутацкай недатыкальнасьці, самога яго не было. У прэс-службе Савету Рэспублікі тады паведамілі, што рашэньне «не зьвязанае з ажыцьцяўленьнем ім паўнамоцтваў сябра Савету Рэспублікі» і «прынятае на падставе матэрыялаў з праваахоўных органаў, якія тычацца дзейнасьці як уладальніка камэрцыйных структур».
У гарадзенскай фірме «Біяком» не камэнтуюць зьвесткі пра затрыманьне Андрэя Паўлоўскага і адказных супрацоўнікаў фірмы. З сайту кампаніі зьвесткі пра ўдзел Андрэя Паўлоўскага ў кіраваньні фірмай зьніклі, хоць ягоны фатаздымак яшчэ ёсьць. На сайце пазначана, што фірма «Біяком» — адзін зь лідэраў у пастаўках прадуктаў зоатэхнічнага і вэтэрынарнага прызначэньня, у тым ліку біядабавак да кармоў для жывёл і птушкі. Кампанія была заснавана ў 1992 годзе, у ёй працуе больш за 170 чалавек.
Ці вераць гарадзенскія прадпрымальнікі ў тое, што менавіта нясплата падаткаў стала прычынай крымінальнага перасьледу чалавека, які стаяў на другім месцы ў рэйтынгу самых багатых людзей Гарадзеншчыны? Анатоль Н., які больш за 10 гадоў займаецца бізнэсам у Гародні, гэтым зьвесткам не давярае.
«Страшэнна зьдзівіўся і, калі шчыра, не разумею, у чым тут справа. Што атрымліваецца? У Гародні былі тры добрыя прыватныя бізнэсы: гэта фірма „Зов“ — мэблевая вытворчасьць, „Контэ“ — вытворчасьць калготак, і „Біаком“ — кармавыя дабаўкі ды іншае. І вось ужо дзьве з гэтых фірмаў пакладзеныя на лапаткі. Гэтаксама ў лютым уладальніка „Зову“ Алега Зухавіцкага затрымалі і трымалі, пакуль не сплаціў вялікія грошы. Цяпер тое самае паўтараецца зь „Біякомам“. Мяркую, справа ня столькі ў падатках, колькі ў тым, што трэба неяк бюджэт напаўняць любым чынам».
Экспэрт у справах сельскай гаспадаркі Канстанцін Скуратовіч адзначае, што бізнэс, якім займаўся Андрэй Паўлоўскі, цесна зьвязаны зь дзяржаўнымі структурамі, і прычына прэтэнзіяў да «сэнатара» можа палягаць ня толькі ў падатках.
Як мне падаецца, яго ўзялі не за ўтойваньне падаткаў ці за нейкія ценевыя рэчы, а таму, што недзе ня гэтак згуляў у гэтай сыстэме, некага пакрыўдзіў, камусьці нешта недадаў
«Кармавыя дабаўкі — гэта выгадная справа, але трэба ўлічваць, што гэтым займаецца „сэнатар“, у якога ёсьць сувязі. І тут трэба казаць не пра эканамічныя, а больш пра нейкія палітычныя рэчы, урываньне ў эканоміку, якое падтрымліваюць ва ўрадзе, у Мінсельгасхарчы, у вэртыкалі, паколькі ён сэнатар. То бок, як мне падаецца, яго ўзялі не за ўтойваньне падаткаў ці за нейкія ценевыя рэчы, а таму, што недзе ня гэтак згуляў у гэтай сыстэме, некага пакрыўдзіў, камусьці нешта недадаў».
У Гародні шмат хто згадвае, што бізнэсмэн Андрэй Паўлоўскі даваў грошы на розныя культурніцкія праекты, і шкадуюць, што не ўдалося зь ім рэалізаваць цікавыя задумы. Гарадзенскі мастак Уладзімер Качан — сярод тых, хто зьбіраўся зьвярнуцца да Андрэя Паўлоўскага па мэцэнацкую дапамогу, але цяпер ад гэтых плянаў прыйдзецца адмовіцца.
«У мяне ёсьць праект, які, як я разьлічваў, Паўлоўскі падтрымае. Я зьбіраўся пайсьці да яго днямі, і раптам гляджу — а чалавека ўжо затрымалі. Але будзем спадзявацца, што патрымаюць і адпусьцяць, як таго ж Зухавіцкага, якому давялося сплаціць амаль 17 мільярдаў рублёў. Той сапраўды дапамагаў шмат мастакам. Але цяпер і да яго ня пойдзеш. Ня ведаю ўжо, да каго і ісьці».