Дзяржаўны сакратар ЗША Джон Кэры па выніках сваіх паездак па рэгіёне Цэнтральнай Азіі адзначыў узрослую інтэнсіўнасьць шматбаковага дыялёгу ЗША з гэтымі дзяржавамі, і перш за ўсё, з Туркмэністанам.
У аўторак у Ашгабадзе, перад пачаткам сустрэчы з прэзыдэнтам гэтай краіны Гурбангулы Бердымухамедавым, Кэры заявіў, што яго візыт у Туркмэністан стаў першай паездкай кіраўніка амэрыканскай дыпляматыі ў гэтую краіну з 1992 году.
Раней Джон Кэры адзначыў, што ў час яго сустрэчы ў Самаркандзе з кіраўнікамі МЗС краінаў рэгіёну, адбылася важная размова па эканамічным разьвіцьці, стане межаў і бясьпецы.
У аўторак перад візытам у Туркмэністан Кэры наведаў Душанбэ, дзе выказаў падтрымку прэзыдэнту Таджыкістану Эмамалі Рахмону ў барацьбе з ісламісцкім падпольлем і пацьвердзіў прыхільнасьць ЗША ўмацаваньню межаў паміж Таджыкістанам і Аўганістанам.
Вашынгтон і ў далейшым будзе падтрымліваць бясьпеку межаў краінаў Цэнтральнай Азіі, — заявіў дзяржсакратар ЗША ў адказ на клопат Таджыкістану, які мяжуе з Аўганістанам, адносна магчымага пранікненьня ісламісцкіх баевікоў.
Раней ЗША і Казахстан заявілі аб падтрымцы «менскага працэсу» як адзінага спосабу для ўрэгуляваньня канфлікту і аднаўленьня міру ў памежных абласьцях усходняй Украіны. Пра гэта гаворыцца ў выніковым камюніке, распаўсюджаным у панядзелак, 2 лістапада, пасьля сустрэчы дзяржсакратара ЗША Джона Кэры зь міністрам замежных спраў Казахстана Ерланам Ідрысавым у Астане.
У ім адзначаецца, што ЗША высока ацанілі прыхільнасьць Казахстану да пашырэньня эканамічнага супрацоўніцтва з Украінай. ЗША таксама віталі лідэрства Казахстану ў падтрыманьні бясьпекі і разьвіцьця ў Аўганістане і ў прасоўваньні рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі ў Цэнтральнай Азіі.
Амэрыканскі бок падзякаваў Казахстану за арганізацыю рэгіянальнай канфэрэнцыі па барацьбе з экстрэмізмам у чэрвені 2015 году.
У часе турнэ кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства ЗША Джон Кэры і міністры замежных спраў Узбэкістану, Казахстану, Кыргызстану, Таджыкістану і Туркмэністану на сустрэчы ў Самаркандзе (Узбэкістан) ухвалілі сумесную дэклярацыю, стварыўшы новы фармат «Пяць плюс адзін» (С5 + 1).
У дакумэнце адзначаецца пра намер удзельнікаў перамоваў паглыблена супрацоўнічаць па шырокім коле пытаньняў, у прыватнасьці, па супрацьдзеяньні гандлю людзьмі, незаконным абароце наркотыкаў, падтрымцы бясьпекі і стабільнасьці ў Аўганістане.