Былы кандыдат на прэзыдэнта на выбарах 2010 году Ўладзімер Някляеў ня верыць у сапраўднасьць гісторыі пра выкрыцьцё супрацоўнікамі КДБ групоўкі, якая, паводле КДБ, тры гады займалася праслухоўваньнем дзьвюх тысяч «прадстаўнікоў улады, бізнэсоўцаў і журналістаў» на замову больш як 1500 чалавек.
«Даўно ў КДБ не было вялікіх перамогаў. Магчыма, яны разьлічвалі на перамогу на Плошчы і ў 2015 годзе, але на плошчу ніхто ня выйшаў. Перамога над людзьмі, на якіх яны склалі пратаколы, не залічылася ў перамогі, як і перамога над сотняй актывістаў, якія ходзяць на акцыі. Таму вось і выкрылі небясьпечную для дзяржавы, а найперш для Лукашэнкі, групоўку», — мяркуе Ўладзімер Някляеў.
У мэдыях ужо назвалі пяць вэрсіяў адносна «раскрыцьця групы праслухоўшчыкаў».
1. Што гэта прыдумка кшталту «дохлых пацукоў», каб запалохаць грамадзтва.
2. Гэтак улады спрабуюць патлумачыць зьяўленьне «жучка», які знайшоў у кавярні Анатоль Лябедзька перад сустрэчай з Уладзімерам Някляевым і Мікалаем Статкевічам.
3. Прыкмета замежнага шпіянажу.
4. Разборкі паміж спэцслужбамі.
5. Дзейнасьць крыміналу.
Да вэрсіяў, якія тлумачаць зьяўленьне гісторыі пра групоўку «праслухоўшчыкаў», Уладзімер Някляеў дадае яшчэ дзьве ўласныя, якія ён называе «расейскай» і «матэрыяльнай»:
«Уважліва прачытаў вэрсіі, якія ўжо выкладзеныя ў незалежных мэдыях, і на нейкай адной ня змог спыніцца. Бо ўсё ж ёсьць складнікі, пра якія мы ня ведаем. Гэта праўда, што ёсьць унутранае спаборніцтва паміж спэцслужбамі, бо ў нас не адзін КДБ змагаецца, каб захаваць уладу Лукашэнкі. Гэта можа быць і разборка ўнутры ўладных кланаў, і тады можна чакаць наезду аднаго клану на іншы. Вось як нядаўна выкрылі тых, хто пастаўляў машыны, абсталяваньне для сельскагаспадарчага сэктару, а аказалася, што ўсё гэта раскрадзена. Між тым тут вельмі вялікія грошы, нашы з вамі грошы, якія пайшлі па кішэнях. Як я разумею, плянуецца яшчэ некалькі такіх апэрацыяў, і, канечне, калі гэта падаць так, што выманьвалі інфармацыю з розных сэгмэнтаў, то нібыта паўстае сур’ёзная небясьпека для Лукашэнкі. А тады можна чакаць больш за гэта прэміяў, зорак і гэтак далей.
— То бок вы катэгарычна не дапускаеце, што такое ў нас можа быць?
— Не. У нас — не. Бо ў нас усё адбываецца пад кантролем таго ж КДБ. Вось у Расеі зь яе маштабамі, зь яе крыміналам гэта магчыма і, мяркую, у пэўных памерах ёсьць. Але для Беларусі — нешта яны надта шырока касой махнулі. Па-першае, усіх нашых гэтак званых алігархаў можна пералічыць калі не на пальцах дзьвюх рук, дык з дадаткам яшчэ толькі некалькіх пальцаў. Другое, уявіць сабе, каб цягам трох год яны гэтым займаліся, улічваючы памеры структуры і колькасьці тых, хто гэта замаўляў, і што КДБ пра гэта ня ведаў — гэта немагчыма. Гэта калі б я пісаў нейкі фантастычна-крымінальны раман, дык мог бы гэтак прыдумаць, але ў рэальнасьці ўявіць сабе такое ў нас не магу.
— На які вынік, як вы мяркуеце, разьлічваюць аўтары гэтай прыдумкі?
Такая сытуацыя, што нават калі б гэта было праўдай, дык паверыць у тое, што гэта праўда, немагчыма. Вось так яны сябе паставілі сваёй дзейнасьцю
— Безумоўна, на тое, што іх аўтарытэт падвысіцца. Маўляў, ёсьць арганізацыя, якая адпавядае сваёй назьве — ахоўваць дзяржаўную бясьпеку. На сёньня ў народу няма ніякага даверу да таго, што яны менавіта гэтым займаюцца — аховай дзяржаўнай бясьпекі. Усе ж ведаюць, чым яны займаюцца: ловяць апазыцыянэраў, праслухоўваюць палітыкаў, прэсуюць гэтак званых эканамічных злачынцаў, выбіваючы зь іх грошы. А таго, што тычыцца іх сапраўднага прызначэньня — гэтага няма. Таму, магчыма, яны вырашылі паказаць, што займаюцца сапраўднымі справамі. Але, як мне падаецца, ня ў лепшы час і ня ў лепшым месцы яны выступілі з гэтай пераможнай інфармацыяй. Няма да іх даверу. Такая сытуацыя, што нават калі б гэта было праўдай, дык паверыць у тое, што гэта праўда, немагчыма. Вось так яны сябе паставілі сваёй дзейнасьцю.
— На вашу думку, гэта можа быць мэсыджам грамадзтву, каб яно баялася, бо ўсіх могуць праслухоўваць?
— Дык людзі і так баяцца. Што паказала ўчорашняя акцыя памяці расстраляных у 1937 годзе людзей? Прыйшло ж нямнога, гэта відавочна, што людзі баяцца. Само гэтае месца — страшнае. Некалькі разоў я назіраў за мінакамі, якія ідуць тут побач: альбо спрабуюць перайсьці на другі бок, альбо ідуць як мага хутчэй, каб праскочыць. То бок жыве памяць пра тое, што гэта тут былі злачынцы, якія стралялі людзей, і цяперашнія супрацоўнікі КДБ нічога ня робяць, каб гэтая памяць набыла нейкія іншыя якасьці. Вось учора не хадзілі б кругамі вакол свайго будынку, а сталі б у ланцуг са зьнічкамі — у іх жа таксама пастралялі нямала гэтых энкавэдыстаў у свой час. Дык не. Яны ня каюцца за сваіх папярэднікаў, а апранаюць форму энкавэдыстаў, як міністар Шуневіч, ці ўскладаюць кветкі да помнікаў Дзяржынскаму, які ў сваіх кабінэтах страляў паэтаў. Атрымліваецца, яны ганарацца гэтай крывавай спадчынай катаў, а не стараюцца неяк ад гэтага ачысьціцца. Таму, што б яны ні рабілі, у сьвядомасьці людзей нічога ня зьменіцца адносна іх.
— Вы сказалі, што ў вас зьявілася свая вэрсія — «расейская». Але пры чым тут Расея?
Можна не выключаць, што за гэтай групоўкай на выхадзе знойдуцца нейкія сілы, зьвязаныя з Расеяй
— Проста можна не выключаць, што за гэтай групоўкай на выхадзе знойдуцца нейкія сілы, зьвязаныя з Расеяй. Сытуацыя складваецца гэтак, што будзе ўзрастаць напружаньне ў адносінах з Расеяй, калі ўжо міністар замежных спраў Беларусі ў інтэрвію расейскім мэдыям пачаў казаць — навошта нам ваша ваенная база? То бок зусім магчыма, што зьявіцца неабходнасьць апраўдаць тыя напружаньні ў адносінах з Расеяй, якія ўзьнікнуць у бліжэйшы час. Але тое, што гэта гульня і што гэтая гульня грунтуецца на выключна карпаратыўных інтарэсах спэцслужбы, — гэта відавочна.
— Вам самому даводзілася знаходзіць ці фіксаваць нейкія праслухоўкі?
— Канечне. Мяне праслухоўваюць увесь час, мой тэлефон на кругласуткавым праслухоўваньні — я гэта дакладна ведаю. У доме маім ставілі «жучкоў» гэтыя хлопцы, калі былі ў мяне падчас ператрусу. Потым побач з домам стаяла вялікая машына, якая здольная праслухоўваць ня толькі тэлефонныя, а любыя размовы ў кватэры. Хаця навошта? Гэта ж сьмешна. Мы ж не займаемся антыдзяржаўнай дзейнасьцю — ніхто з нас, ні Статкевіч, ні хто іншы. І гэта ўсім зразумела, што наша дзейнасьць — гэта клопат пра ўсталяваньне ў краіне нармальных варункаў жыцьця, дэмакратыі, правоў чалавека. А ў КДБ імітуюць барацьбу са шпіёнамі, з ворагамі народу і гэтак далей — тыя абвінавачаньні, якія мне спрабавалі «прышыць» падчас арышту ў 2011 годзе, былі зьвязаныя менавіта з гэтым. Але людзі ж не дурныя, яны бачаць, чым КДБ займаецца. Дык таму там прыдумалі гульню такога значна большага маштабу.
— Няўжо Лукашэнка можа паверыць у тое, што сапраўды паўтары тысячы чалавек у Беларусі замаўлялі некаму праслухоўваць якіхсьці мітычных палітыкаў, журналістаў і бізнэсоўцаў, і дасьць супрацоўнікам КДБ за гэта мэдалі? Ці, наадварот, магчыма, што ён не паверыць у такую лухту і дасьць за гэта па шапцы?
— Глядзіце адносіны Лукашэнкі да спэцслужбаў па выніках выбараў 10-га году і 15-га. У 2010 годзе былі пагнаныя ў шыю абодва кіраўнікі, і зь міліцыі, і з КДБ, шмат якія выканаўцы, і Лукашэнка публічна неаднойчы выказваў незадавальненьне. А па выбарах 2015 году ён абсалютна задаволены, і разглядаецца толькі пытаньне, як і каго там узнагародзіць. Таму зь іх боку, калі ёсьць такая прыступка, што Лукашэнка прызнаў іх пасьпяховую працу, дык можна разьвіць посьпех. Маўляў, мала таго, што мы арганізавалі вам гэтыя выбары і патрэбныя адсоткі, дык мы яшчэ і гэтую групоўку вам на талерачцы выкладваем. Такія мы малайцы, а вы не падумайце зьніжаць нам фінансаваньне. Бо сёньня ж яшчэ паўстала праблема грошай. Яны ж там атрымліваюць, нічога ня робячы, такія заробкі, якія ў народнай гаспадарцы нікому ня сьніліся, але цяпер вядуцца размовы пра тое, каб скараціць гэтую пайку. Дык вось што вы будзеце рэзаць, Аляксандар Рыгоравіч? Глядзіце, якія ў нас маштабы працы. Мяркую, што, хутчэй за ўсё, ідзе барацьба за матэрыяльныя рэсурсы. Як казаў адзін разумны чалавек, пра што б ні вялася размова, яна вядзецца пра грошы.