Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта амаль геапалітычны жарт». Эўразійскі саюз прапанаваў Эўразьвязу адзіную эканамічную прастору


Удзельнікі пасяджэньня Вышэйшага Эўразійскага эканамічнага савета, архіўнае фота
Удзельнікі пасяджэньня Вышэйшага Эўразійскага эканамічнага савета, архіўнае фота

Пра зварот ЭАЭС да ЭЗ учора паведаміла ТАСС міністар па асноўных кірунках інтэграцыі і макраэканоміцы Эўразійскай эканамічнай камісіі Тацяна Валавая.

Паводле яе, рашэньне аб накіраваньні афіцыйнай прапановы ў камісію ЭЗ было прынятае 8 верасьня ў Горадні на сустрэчы кіраўнікоў урадаў саюзу, у які ўваходзяць Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Армэнія. Ліст быў перададзены ў сярэдзіне кастрычніка.

«Нам трэба вяртацца да ідэі стварэньня агульнай эканамічнай прасторы, і мы прапаноўваем пачаць гэты дыялёг», — сказала Валавая, падкрэсьліўшы, што ліст пакуль — толькі «пазыцыйны дакумэнт», гэта значыць, ён выказвае меркаваньне камісіі ЭАЭС.

Адказу на прапанову пакуль не паступіла.

«Мы зыходзім з таго, што ў той ці іншай форме мы адказ атрымаем. Адсутнасьць адказу — гэта таксама адказ. Як мы гаворым на працягу апошніх некалькіх гадоў, мы гатовыя да дыялёгу», — адзначыла Валавая.

Кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць, што стварэньне адзінай эканамічнай прасторы абсалютна немагчымае.

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Я думаю, хутчэй беларускі спадарожнік прыляціць на Марс зь нейкім прадстаўніком Адміністрацыі прэзыдэнта. У сытуацыі, калі ёсьць санкцыі ў дачыненьні да Расеі з-за канфлікту ва Ўкраіне, а таксама ўлічваючы паводзіны Расеі ў Сырыі, гэта выглядае проста недарэчнай піяр-акцыяй, якая ня будзе мець ніякага працягу. Таму тут гаворка не ідзе пра сур’ёзнасьць — гэта амаль геапалітычны жарт», — заявіў ён у інтэрвію Радыё Свабода.

«Навошта такія прапановы робяцца? Каб паказаць, што мы добрыя, а Эўразьвяз дрэнны. Што мы „за“ чатыры свабоды, якія дэкляруюцца і ў ЭЗ, і ў ЭАЭС, а яны „супраць“. Гэта проста барацьба, гульня за думкі перш за ўсё расейцаў, бо яны павінны ўпэўніцца ў думцы, што гэта не Расея такая дрэнная, гэта Эўразьвяз дрэнны. І нават руку дапамогі, якую мы ім працягваем, яны адкідаюць. Вось для гэтага такое і робіцца. Гэта такі пункт у інфармацыйнай вайне, які вельмі лягічна стасуецца да таго, што робіць Крэмль», — кажа Раманчук.

Палітоляг-міжнароднік Андрэй Фёдараў таксама лічыць стварэньне адзінай эканамічнай прасторы ЭАЭС і ЭЗ нерэальнай задачай.

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

«Думаю, што на сёньняшні дзень такой пэрспэктывы не існуе, бо мы ведаем, якія адносіны паміж Эўропай і Расеяй, якая, як вядома, зьяўляецца галоўным рухавіком эўразійскай эканамічнай прасторы. Я ня бачу магчымасьцей, каб нешта зьмянілася, пакуль ня зьменіцца істотна палітычная сытуацыя вакол Украіны», — адзначыў ён у інтэрвію Свабодзе.

Вядома, што ідэя «інтэграцыі інтэграцыяў» ад Лісабона да Ўладзівастоку часта агучваецца Аляксандрам Лукашэнкам. Чаму ў гэтым так зацікаўлены беларускі кіраўнік, Андрэй Фёдараў разумее, але ці сур’ёзна ён на гэта разьлічвае — сказаць цяжка.

«Зацікаўленасьць цалкам зразумелая, бо гэта адчыняе доступ і на эўрапейскія рынкі, і доступ у палітычным сэнсе. Але наколькі ён усур’ёз разьлічвае на гэта — ня ведаю», — кажа экспэрт.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG