Ці сапраўды беларуская ўлада вымушаная будзе пайсьці на эканамічныя рэформы, як на гэта разьлічваюць некаторыя аналітыкі? Ці магчымыя сур’ёзныя эканамічныя пераўтварэньні бязь зьменаў у палітычнай сыстэме? Чаму так і не адбылося істотнай пераарыентацыі беларускага экспарту?
На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць у перадачы «Праскі акцэнт» эканамісты Леанід Злотнікаў, Барыс Жаліба і Леў Марголін.
Цыганкоў: Пасьля прэзыдэнцкай кампаніі многія назіральнікі прыйшлі да высновы, што на сёньня галоўны апанэнт Аляксандра Лукашэнкі — эканоміка. Таксама робяцца высновы, што кіраўнік Беларусі будзе вымушаны пайсьці на эканамічныя рэформы. Ці згодныя вы з такім падыходам?
Марголін: Я ня думаю, што Лукашэнка сёньня на гэта здатны. Не далей як на пачатку жніўня ён заявіў, што будаваць капіталізм у краіне не зьбіраецца. На мой погляд, Лукашэнка па-ранейшаму лічыць вінаватым у цяперашнім становішчы Расею, увесь сьвет, але толькі не сябе і беларускую эканоміку.
Цыганкоў: Сутнасьць эканамічных рэформаў у тым ліку ў тым, што маёмасьць пераходзіць ад дзяржавы ў іншыя рукі, зьяўляюцца эканамічныя сілы, якія потым уплываюць і на палітыку. Можа, Лукашэнка гадамі не праводзіць структурных рэформаў — бо ня хоча такіх наступстваў?
Марголін: Безумоўна. З аднаго боку, ён ня хоча ствараць больш-менш шырокі незалежны пласт уласьнікаў. Зь іншага — ня хоча губляць рычагі кіраваньня працоўнымі, рабочымі, калгасьнікамі.
Злотнікаў: Я пагаджаюся з спадаром Марголіным, што Лукашэнка ня любіць свабодную эканоміку. Апошні раз ён зноў казаў, што патрэбны парадак і жалезныя людзі, якія будуць гэты парадак наводзіць. І павінен быць сацыялізм.
Але ёсьць бліжэйшае атачэньне прэзыдэнта, якое ўплывае на ягоныя паводзіны. І ягоныя эканамічныя дарадцы пішуць у артыкулах, што патрэбныя рэформы, лібэралізацыя, прыватызацыя.
Цыганкоў: Многія ў атачэньні Лукашэнкі зацікаўленыя ў прыватызацыі — у тым ліку таму, што чакаюць сваёй долі?
Злотнікаў: Так, Лукашэнка хоча аднаго, а ягонае атачэньне зацікаўленае ў іншым кірунку разьвіцьця. Таму я і кажу, што сытуацыя не такая адназначная.
Жаліба: Усе нашы акцыянэрныя таварыствы не самастойныя, акцыі ў руках дзяржавы, дырэктарат не самастойны. Гэта немагчыма ў іншых краінах, што кіраўнік дзяржавы езьдзіць па прадпрыемствах, а іхнія дырэктары даюць яму справаздачу, як яны выкарыстоўвалі крэдыты. Гэта ўсё адзнакі аўтарытарнай эканомікі, ад якіх трэба адыходзіць.
Трэба ліквідаваць непатрэбныя міністэрствы, скараціць чыноўнікаў, скарачаць сілавыя структуры. Але гэта ня робіцца. Бо гэта зьменіць прыроду самой аўтарытарнай эканомікі. А калі Расея дасьць чарговы 3-мільярдны крэдыт, то ніякіх рэформаў зноў ня будзе. А я думаю, што яна зноў дасьць грошы.
Цыганкоў: Але ж некаторыя рэчы можна было б зрабіць безь вялікіх палітычных наступстваў — ажывіць акцыянэрны рынак, запусьціць па-сапраўднаму фондавую біржу, скараціць функцыі міністэрстваў. Гэта чаму ня робіцца?
Злотнікаў: Гэта можна было б зрабіць, бо ад гэтага мала што зьменіцца. Па-ранейшаму прадпрымальнікі і бізнэс застануцца пад кантролем вэртыкалі ўлады. Пакуль будзе існаваць вэртыкаль, то нават калі зьявяцца праявы рынку — гэта ўсё роўна будзе тая самая камандная эканоміка. Істотна мала што зьменіцца, бо застанецца кантроль і падпарадкаваньне бізнэсу ўладзе.
Цыганкоў: Ці магчымыя эканамічныя рэформы без палітычных? Многія цяпер заклікаюць уладу рабіць эканамічныя пераўтварэньні хаця б без палітычных, і ўзгадваюць прыклад Сынгапура. Чаму б уладзе гэта не зрабіць?
Марголін: На мой погляд, будуць зробленыя спробы нейкіх квазірэформаў. І галоўнае, што мы можам убачыць празь некалькі месяцаў, — гэта падзел функцыяў дзяржавы як кіраўніка і ўласьніка. І гэта будзе пададзена як рэвалюцыя.
Лукашэнка робіць усё наадварот — дыктуе, што інвэстары павінны зрабіць, каб мы іх пусьцілі да сябе
Але гэта нічога не вырашае. Вы тут узгадалі «азіяцкіх тыграў». Там быў іншы псыхалягічны склад кіраўнікоў. Яны не дыктавалі іншым, што рабіць, яны накіравалі сваіх людзей да інвэстараў з пытаньнем — «што мы павінны рабіць, каб вы да нас прыйшлі»? Лукашэнка робіць усё наадварот — дыктуе, што інвэстары павінны зрабіць, каб мы іх пусьцілі да сябе.
Жаліба: Для Расеі ёсьць нафтавы праклён, а для Беларусі гэта — расейскія грошы, якія не стымулююць рабіць рэформы. У нулявыя гады ў Расеі быў даляравы дождж, пырскі даляталі і да Беларусі. Але хай бы ўлады рабілі хаця б неістотныя, паліятыўныя рэформы. Той самы фондавы рынак, пра які вы казалі. У насельніцтва ёсьць грошы, якія ляжаць у валютных дэпазытах і на руках — гэта вялікая сума, якую трэба выцягнуць, каб яна працавала на эканоміку.
Цыганкоў: Калі ў Расеі здарыўся эканамічны крызіс, Лукашэнка некалькі разоў публічна казаў пра пераарыентацыю беларускага экспарту. Ці робіцца што-небудзь у гэтым кірунку?
Жаліба: На словах — так. Нашых амабасадараў зьбіраюць і паўтараюць галоўную мэту — шукаць рынкі збыту прадукцыі. Але на Захадзе наша прадукцыя не дацягвае ані па якасьці, ані па тэхналягічнасьці. Патрэбныя інвэстыцыі і сучасныя тэхналёгіі, а яны ёсьць найперш на Захадзе. А інвэстары не ідуць у краіну, дзе чыноўнікі ўмешваюцца ў працу прыватных прадпрыемстваў. Маштабны заходні сучасны капітал пакуль у Беларусь не ідзе.
Нават калі пачнуцца рэальныя рэформы ў Беларусі, то спатрэбіцца 2–3 гады, каб інвэстары паверылі
Злотнікаў: Канкурэнтаздольнасьць нашай прамысловасьці страчана і ня можа быць адноўлена безь вялікіх інвэстыцыяў. Нават калі пачнуцца рэальныя рэформы ў Беларусі, то спатрэбіцца 2–3 гады, каб інвэстары паверылі. Таму ў найбліжэйшыя гады нам няма чаго добрага чакаць пры гэтай уладзе.
Але калі зьменіцца ўлада і пачнуцца рэальныя пераўтварэньні, то можна абысьціся без далейшага зьніжэньня ўзроўню жыцьця.
Марголін: Ніякія рэформы ў эканоміцы ня змогуць нічога зьмяніць, пакуль у краіну ня прыйдуць інвэстары. А інвэстары ня прыйдуць у краіну, дзе законы прымаюцца дэкрэтамі, няма незалежнай судовай сыстэмы, няма незалежнай улады. Прадукцыя неканкурэнтаздольная, Лукашэнка ня можа загадаць камусьці за мяжой купляць нашу прадукцыю.
Цыганкоў: Але могуць прыйсьці нейкія асобныя, «індывідуальныя» інвэстары — пад чэснае слова прэзыдэнта?
Марголін: Безумоўна, але такія асобныя выпадкі толькі падкрэсьліваюць агульнае правіла — пакуль няма рэформаў, няма і сыстэмных інвэстыцыяў.
Злотнікаў: Замежныя інвэстыцыі апошнія гады складаюць толькі 300–400 мільёнаў даляраў у год. Гэта вельмі мала.
Жаліба: Калі праводзіць рэформы сапраўдныя, то так ці іначай яны зьменяць прыроду аўтарытарнай эканомікі і ўлады. Натуральна, Лукашэнка на гэта ніколі ня пойдзе. Таму ў нас будуць абмяжоўвацца паўкрокамі.
Злотнікаў: Беларусам давядзецца перажыць 2–3 гады паніжэньня ўзроўню жыцьця. І пасьля гэтага могуць наступіць пэўныя эканамічныя зьмены.